RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У БДСГА адкрыўся вучэбна-выставачны цэнтр для падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне дакладнага земляробства

На базе Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі сёння адкрыўся вучэбна-выставачны цэнтр сельскагаспадарчай тэхнікі, машын і агрэгатаў для практычнай падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне дакладнага земляробства. Гэта пляцоўка, дзе студэнты змогуць асвойваць сучасныя тэхналогіі для далейшага выкарыстання ў сельскай гаспадарцы. Сучасны цэнтр – канкрэтны прыклад развіцця лічбавых тэхналогій і ўкаранення іх у навучальны працэс. Гэту і многія іншыя тэмы сёння абмеркавалі ў Горках падчас нарады па дакладных тэхналогіях з удзелам намесніка прэм’ер-міністра Аляксандра Субоціна, міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Івана Крупко і старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандра Шуміліна.

У цэнтры сабраны апошнія навінкі сельскагаспадарчай тэхнікі, выпушчаныя беларускімі прадпрыемствамі: трактары, камбайны, агрэгаты для раздачы кармоў, навясное абсталяванне «Зялёная лінія» – комплекс машын для нарыхтоўкі кармоў (скошвання, варашэння, зграбання). Машыны аснашчаны праграмным забеспячэннем для дакладнага земляробства. Тут дзеці ў межах навучальных дысцыплін будуць атрымліваць практычныя навыкі.

Гэта не проста вучэбна-выставачны цэнтр. Тут усё зроблена для таго, каб навучаць студэнтаў, – адзначае дэкан факультэта механізацыі сельскай гаспадаркі БДСГА Уладзімір Гусараў. – Цяпер у аграрную галіну ідуць сучасныя тэхналогіі. А спецыялістаў, якія могуць правільна іх выкарыстоўваць, пакуль няма. Ідзём да таго, каб інжынер, наш выпускнік, прыйшоў на вытворчасць, убачыў трактар або камбайн з аўтапілотам і ведаў, што з ім рабіць. Сам усё наладзіў, навучыў механізатара. У гэтым сутнасць новага цэнтра.

Дарэчы, яшчэ летась БДСГА сумесна з фірмай ТАА «Тэхналогіі земляробства» запусціла пілотны праект – пачала рыхтаваць інжынераў для вытворчасці, у кампетэнцыі якіх устаноўка і налада абсталявання для карціравання ўраджайнасці палёў і аўтапілатавання тэхнікі.

Навучанне праходзіла ў межах падрыхтоўкі нашых штатных інжынераў. Выбралі 6 чалавек, навучылі, а потым яны адправіліся на практыку спачатку на пасяўную, а потым і на ўборачную. Яны запусцілі 40 трактароў «BELARUS-3522» з аўтапілотам і 40 камбайнаў КЗС-2124, на якіх быў аўтапілот і сістэма карціравання ўраджайнасці. Цяпер гэтыя хлопцы могуць ўстанавіць неабходнае абсталяванне, адкалібраваць яго і навучыць механізатараў працаваць з ім, – патлумачыў Уладзімір Уладзіміравіч.

У канцы мая ў студэнтаў факультэта механізацыі пройдзе практыка. 93 чалавекі адправяцца на яе, каб атрымаць пасведчанне трактарыста-машыніста. І кожны з іх будзе навучаны працаваць на трактары «BELARUS-3522» з аўтапілотам. У новым цэнтры размясціўся і адзін з самых апошніх камбайнаў «Гомсельмаш» КЗС-3219 з гібрыднай малацільнай сістэмай.

Такія камбайны толькі пачынаюць паступаць у гаспадаркі, а ў нас ён ужо ёсць. Галоўная ідэя нашага цэнтра і ў тым, каб да нас прыходзілі вопытныя ўзоры тэхнікі, якія ўжо прайшлі выпрабаванні, і ў найбліжэйшы час будуць запушчаны ў вытворчасць. Пасля выпрабаванняў такая тэхніка паступіць да нас, і мы станем рыхтаваць спецыялістаў на гэтых узорах, – адзначыў Уладзімір Гусараў.

Студэнт 3 курса факультэта механізацыі сельскай гаспадаркі Андрэй Губарэвіч ацаніў новы цэнтр для падрыхтоўкі будучых спецыялістаў:

Гэта добры цэнтр для будучых аграрыяў, якія ні разу не працавалі на тэхніцы з сучаснымі лічбавымі рашэннямі. Сам падчас практыкі працаваў на трактарах і камбайнах рознай мадыфікацыі, а ў цэнтры ўбачыў новыя ўзоры. На тэхніцы ўстаноўлена сучасная сістэма «Trimble», якая выкарыстоўваецца ў дакладным земляробстве. Цікава яе пратэставаць.

Студэнт ужо паспеў паспрабаваць новыя тэхналогіі ў справе. Праходзіў практыку ў кампаніі ТАА «Тэхналогіі земляробства», дзе ўстанаўліваў абсталяванне на машыны, калібраваў тэхніку для будучай эксплуатацыі ў палях.

Машыны прыходзілі з завода ўжо з устаноўленым абсталяваннем, мы калібравалі яго, каб яно магло працаваць ва ўмовах канкрэтнай гаспадаркі. У асноўным працавалі з сельгаспрадпрыемствамі Мінскай вобласці. Упэўнены, што за такімі тэхналогіямі будучыня.

 СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая