RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Чэрыкаўскім раёне 13 ліпеня адзначаць свята «Бразгун»

У Чэрыкаўскім раёне каля крыніцы вёскі Норкі 13 ліпеня пройдзе свята «Бразгун». Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай працы.

Абрад «Бразгун» і яго складовы элемент – ушанаванне іконы Святых апосталаў Пятра і Паўла – з’яўляецца традыцыйным і ўнесены ў дзяржаўны спіс аб’ектаў гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

У гэты дзень на маляўнічай лясной паляне збяруцца паломнікі і госці, якія прыедуць памаліцца перад абразом, пажадаць сабе і блізкім здароўя, шчасця, дабрабыту, набраць вады з жыватворнай крыніцы, акунуцца ў купелі.

Мерапрыемствы пачнуцца ў 10.00 з адкрыцця свята. Падчас культурнай падзеі з 10.00 да 12.00 адбудзецца рэгіянальны конкурс ансамбляў фальклорнай і народнай песні «Са стагоддзя ў стагоддзе», у якім прымуць удзел выканаўцы з раёнаў Магілёўскай вобласці.

З 12 да 13.00 пройдзе асвяшчэнне крыніцы, а пасля–з 13.00 да 14.00–царкоўныя і духоўныя спевы.

З 10.00 да 15.30 таксама будзе арганізавана работа гандлёвых радоў, выстаўка-продаж прадукцыі рамеснікаў, выязная экспазіцыя з фондаў гісторыка-краязнаўчага музея «Карагод беларускіх рушнікоў».

Арганізатарамі мерапрыемстваў выступаюць аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Чэрыкаўскага райвыканкама, а таксама спецыялісты Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Чэрыкаўскага раёна.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая