RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Горках адкрыўся бізнес-інкубатар

У будынку Палаца культуры БДСГА ў Горках сёння прыемная мітусня. Жыхары горада яшчэ некалькі месяцаў таму не маглі паверыць, што тут адкрыецца бізнес-інкубатар.

Ён з’явіўся дзякуючы праекту «Садзейнічанне занятасці і самазанятасці насельніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі», які вядзецца Праграмай развіцця ААН сумесна з Міністэрствам эканомікі пры фінансавай падтрымцы Расійскай Федэрацыі і накіраваны на стымуляванне прадпрымальніцкай ініцыятывы. Пілотныя гарады праекта – Барань, Глыбокае, Крычаў, Мсціслаў, Чавусы і Горкі, у іх адкрыты цэнтры падтрымкі прадпрымальнікаў.

Для праекта цэнтру падтрымкі ў Горках вырашылі не ствараць юрыдычную асобу – ён будзе ўваходзіць у структуру мясцовага «Тэхнапарка Горкі». У памяшканні на 150 квадратных метраў уладкавалі каворкінг-зону, дзе можна праводзіць мерапрыемствы і стартап-школы для моладзі. Тут і тры зашклёныя пакоі – кабінет, перамоўная, серверная.

«Мы на прыкладзе гэтага цэнтра падтрымкі бачым добры гібрыд таго перспектыўнага суб’екта інфраструктуры падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу, які будзе ў найбліжэйшы час развівацца ў Беларусі. Вельмі добра, што бізнес-інкубатар грунтуецца ў нашай найстарэйшай сельгасакадэміі, таму што мэтавая аўдыторыя можа атрымліваць якія-небудзь бізнес-навыкі, веды», – падкрэсліў намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Матусевіч.

Цэнтр падтрымкі ў Горках стаў эксперыментальным па развіцці моладзевага прадпрымальніцтва. Палова жыхароў горада – студэнты мясцовай сельскагаспадарчай акадэміі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая