RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«У Казахстане паняцце «беларускі» значыць – якасны»

Сустрэча старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоля Ісачанкі і Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь Аскара Бейсенбаева прайшла сёння ў аблвыканкаме. Дэлегацыя з Казахстана прыбыла ў абласны цэнтр з двухдзённым візітам, каб азнаёміцца з прамысловым і навукова-культурным патэнцыялам рэгіёна і абмеркаваць планы на далейшае супрацоўніцтва.

Як адзначыў Анатоль Ісачанка, характэрна, што па збегу акалічнасцяў візіт практычна супаў са знакавай 30-й гадавінай устанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Казахстанам. Культурныя, міжрэгіянальныя і эканамічныя сувязі склаліся паміж краінамі даўно, і бакі нацэлены іх развіваць.

Па выніках 2021 года, а таксама за сем месяцаў 2022 года адзначаецца станоўчая дынаміка развіцця знешняга гандлю Магілёўскай вобласці з Казахстанам.

«Мы традыцыйна супрацоўнічаем з Рэспублікай Казахстан, і для нас гэта адзін з найважнейшых эканамічных партнёраў, які займае другое месца ў знешнегандлёвым абароце і экспарце сярод краін ЕЭС. Так, за сем месяцаў бягучага года знешнегандлёвы абарот у даным кірунку павялічыўся на 11,3% і дасягнуў амаль $40 млн. Экспарт вырас на 33,9%, склаўшы без малога $38 млн, – расказаў Анатоль Ісачанка. – Аднак нас гэтая лічба не задавальняе. У цяперашніх умовах мы бачым больш магчымасцяў для двухбаковага супрацоўніцтва. Сёння з паслом мы дамовіліся аб тым, што арганізуем сустрэчы бізнес-дэлегацый на ўзроўні Магілёўскай вобласці і абласцей Казахстана. Тым больш што з дзвюма абласцямі ў нас ужо падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве. Мы бачым вялікую зацікаўленасць у пастаўцы з Казахстана хімічнай прадукцыі, напрыклад параксінолу, што ўвозіцца ААТ «Магілёўхімвалакно». У мінулым годзе яго ўвоз склаў больш за 54% усяго імпарту. З боку Казахстана адзначаем цікавасць у пастаўцы нашай прадукцыі: ліфтаў, чыгуначных вагонаў, мэблі, прадуктаў харчавання. Ёсць магчымасці і шляхі развіцця. Таму сённяшняя сустрэча – гэта чарговы крок на гэтым шляху.

У гуманітарнай сферы у нас наладжана шчыльнае супрацоўніцтва. Сёння хацелася б узмацніць працу ў гандлёва-эканамічнай прасторы. Знайсці больш напрамкаў для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Але гэта толькі першы крок, у будучым мы разглядаем магчымасць стварэння сумесных вытворчасцяў, каб яны працавалі на карысць дзвюх краін. Асобную ўвагу пры гэтым варта надаць імпартазамяшчэнню».

У сваю чаргу, Аскар Бейсенбаеў падкрэсліў, што Беларусь і Казахстан – гэта дружалюбныя краіны і надзейныя партнёры. Таму ўсе пачынанні знаходзяць падтрымку і ёсць імкненне ўзмацніць гэта ўзаемадзеянне. Таксама ён падкрэсліў, што тавары з Сінявокай у іх краіне вельмі запатрабаваныя, а паняцце «беларускі» значыць – якасны.

«У Магілёўскай вобласці маецца вялікі прамысловы патэнцыял, вельмі добрыя дасягненні ў развіцці вобласці. Вылучыць нейкі асобны кірунак, які выклікае наш інтарэс у гэтым рэгіёне, вельмі складана. Цяжка было рабіць выбар, якія прадпрыемствы наведаць, – падзяліўся Аскар Бейсенбаеў. – Для нас усё важна: і прамысловасць, і прадукцыя вытворчасці аграпрамысловага комплексу, і культурна-гуманітарныя сувязі, і навука.

Для мяне асабіста на першы план сёння выходзіць гісторыя. Былі часы, калі нашы дзяржавы разам прайшлі шлях цяжкасцяў, адбыліся як незалежныя і суверэнныя, вытрымалі ўсе выпрабаванні і сёння займаюць годнае месца ў сусветнай супольнасці.

Сёння мы павінны гаварыць аб тым, якой стане будучыня нашых краін, у якіх дзяржавах будуць жыць нашы дзеці, унукі, праўнукі і наступныя пакаленні. Для гэтага мы абавязаны не проста берагчы свой суверэнітэт, не проста абараняць сваю незалежнасць. Але і павінны пакінуць нашым нашчадкам праўдзівую гісторыю, такую, якой яна была насамрэч».

Сёння і заўтра пасол Казахстана наведае шэраг прамысловых прадпрыемстваў, каб азнаёміцца з іх прадукцыяй і тэхналагічнымі магчымасцямі. У іх ліку – ААТ «Магілёўліфтмаш», ААТ «Магатэкс», ААТ «Магілёўскі мясакамбінат», ААТ «Бабушкина крынка». Таксама запланавана наведванне свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў» і ЗТАА «ВМГ Індустры». У выпадку неабходнасці магілёўскі бок выказаў гатоўнасць паказаць не толькі запланаваныя да наведвання, але і любыя іншыя аб’екты, якія выклічуць цікавасць казахстанскага боку.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая