RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці пражывае больш за 1,6 тыс. чалавек з ВІЧ-станоўчым статусам

У нашым рэгіёне пражывае 1678 чалавек з ВІЧ-станоўчым статусам. Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя

Суразмоўцы дадалі, што ў Беларусі за ўвесь перыяд назірання зарэгістравана больш за 30 тыс. выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, з іх 2101 выяўлены ў Магілёўскай вобласці. Пераважным шляхам перадачы ВІЧ-інфекцыі з’яўляецца палавы. На яго долю прыпадае 77,9% усіх выпадкаў. У 19,4% інфікаванне адбылося пры ін’екцыйным ужыванні наркатычных рэчываў. Найбольшая колькасць выпадкаў ВІЧ-інфекцыі адзначана ва ўзроставай групе 30–39 гадоў. З 1987 года сярод ВІЧ-інфікаваных пацыентаў памерла 365 чалавек, з іх у 4 тэрмінальнай стадыі – 153.

У Магілёўскай вобласці забяспечана максімальная даступнасць да кансультавання і тэставання на ВІЧ-інфекцыю, падкрэслілі ў цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Прайсці добраахвотнае тэставанне на ВІЧ-інфекцыю, у тым ліку ананімна і бясплатна, можна ў любой установе аховы здароўя, якая мае працэдурны кабінет. Атрымаць кансультацыю можна па тэлефонах «гарачай лініі»: 8 (0222) 71-65-83, 8(0222) 74-10-68.

Таксама на базе грамадскіх некамерцыйных арганізацый функцыянуюць ананімна-кансультацыйныя пункты, якія прапануюць паслугі па кансультаванні і тэставанні найбольш уразлівых да ВІЧ-інфекцыі груп насельніцтва (спажыўцы ін’екцыйных наркотыкаў, жанчыны, уцягнутыя ў секс-бізнес і інш.).

Акрамя таго, у аптэчнай сетцы РУП «Белфармацыя» ў продажы маюцца экспрэс-тэсты па сліне. Інфармацыю аб іх наяўнасці ў продажы і кошце можна атрымаць на сайце www.tabletka.by. Варта памятаць, што саматэставанне па сліне з’яўляецца папярэдніх этапам і не можа забяспечыць пастаноўку дыягназу – для гэтага неабходныя пацвярджальныя тэсты ва ўстановах аховы здароўя.

Усе ВІЧ-пазітыўныя пацыенты ў Беларусі, якія стаяць на дыспансерным назіранні, атрымліваюць лекавыя прэпараты для антырэтравіруснай тэрапіі бясплатна. Своечасова пачаўшы лячэнне і выконваючы ўсе ўказанні ўрача, людзі, якія жывуць з ВІЧ, могуць пражыць доўгае і паўнавартаснае жыццё, расказалі суразмоўцы.

Штогод 1 снежня адзначаецца Сусветны дзень барацьбы са СНІДам. Асноўная яго мэта – данесці важнасць барацьбы з ВІЧ-інфекцыяй, распаўсюдзіць інфармацыю аб прафілактыцы для прадухілення новых выпадкаў інфікавання, спосабах лячэння, прадэманстраваць салідарнасць ўсіх краін і падтрымаць людзей, якія сутыкнуліся з гэтым захворваннем. Сімвалам гэтага дня з’яўляецца чырвоная стужка, якая абазначае падтрымку, спачуванне і надзеі на будучыню без ВІЧ-інфекцыі.

Кожны год сусветная кампанія праходзіць пад дэвізам, які адлюстроўвае аспекты эпідэміі і напрамкі прафілактычнага ўмяшальніцтва. У гэтым годзе ён гучыць як Міжнародная салідарнасць, агульная адказнасць».

Напярэдадні Сусветнага дня барацьбы са СНІДам ва ўсіх абласцях Беларусі па ініцыятыве спецыялістаў санітарна-эпідэміялагічнай службы і ўстаноў аховы здароўя пры падтрымцы няўрадавых арганізацый, валанцёраў, СМІ праводзяцца інфармацыйна-асветніцкія мерапрыемствы: выставы, конкурсы, выступленні ў прамым эфіры. Пры арганізацыі мерапрыемстваў аддаецца прыярытэт асвеце моладзі, асаблівая ўвага надаецца узроставай катэгорыі старэйшых за 35 гадоў.

Рэд.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая