RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці выбаркамы па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў сфарміраваны ў максімальным складзе

Сумеснае пасяджэнне прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў і аблвыканкама адбылося сёння ў Магілёве. На мерапрыемстве прынята рашэнне аб утварэнні абласной і 13 акруговых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі сёмага склікання.

У сувязі з тым, што паступіла вялікая колькасць заявак на ўключэнне ў камісіі, а таксама для забеспячэння максімальнага прадстаўніцтва палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў і працоўных калектываў, было прынята рашэнне сфарміраваць камісіі ў максімальным складзе – па 13 чалавек кожная.

За час, адведзены для прыёму дакументаў, паступіла 268 заяў, у тым ліку ў склад абласной выбарчай камісіі было вылучана 26 кандыдатур. Амаль палову вылучэнцаў (151 чалавек) прадстаўлялі палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні. Ад грамадзян шляхам падачы заяў было вылучана 90 чалавек, ад працоўных калектываў – 27.

У выніку абмеркавання ў склад выбарчых камісій увайшло 182 чалавекі. «Асноўнымі крытэрыямі пры выбары кандыдатаў з’яўляліся жыццёвы вопыт, прафесійная і працоўная дзейнасць, вопыт працы ў камісіях, узровень прадстаўніцтва грамадскіх аб’яднанняў, партый вобласці, іх пазнавальнасць і аўтарытэт сярод насельніцтва», – падкрэсліў на пасяджэнні начальнік упраўлення арганізацыйнай работы галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Магілёўскага аблвыканкама Аляксей Лаўранёнак.

Дарэчы, у склад Магілёўскай абласной выбарчай камісіі ўвайшло 7 прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, або 53,8%. У акруговых выбарчых камісіях гэты паказчык склаў 62,7%. У іх ліку – члены Камуністычнай партыі Беларусі, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, Белай Русі, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, Беларускага саюза жанчын, Беларускага Фонду міру, Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

«Разгляд кандыдатур, вылучаных для зацвярджэння членамі выбарчых камісій, быў вельмі дэталёвым, паколькі спісы мы атрымалі загадзя, –адзначыў, каментуючы вынікі пасяджэння, старшыня Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах абласнога Савета дэпутатаў, старшыня савета Магілёўскай абласной арганізацыі ветэранаў Анатоль Глаз. – Што датычыцца мяне, многіх я ведаю асабіста. І магу вызначыць дзелавыя якасці кожнага ў частцы найбольш карыснага ўдзелу ў камісіях. Пры разглядзе спісаў я кіраваўся тым, што ў акругу ўваходзіць некалькі раёнаў, а значыць, прадстаўніцтва павінна быць прапарцыйным ад кожнага з іх».

Паводле слоў суразмоўцы, улічваўся вытворчы, кіраўнічы вопыт, папярэдні ўдзел у выбарчых кампаніях. «Многім здаецца, што праца ў абласной і акруговых выбарчых камісіях прадугледжвае толькі прысутнасць. На самай справе гэта цяжкая руцінная праца, вельмі педантычная», – падкрэсліў Анатоль Глаз.

Ён адзначыў, што прынцыпова галасаваў супраць іншагародніх, «таму што з Мінска ездзіць у нейкую канкрэтную акругу і працаваць, не разумеючы яе спецыфікі, будзе няправільна». Акрамя таго, улічваў рэальнае прадстаўніцтва ў нашым рэгіёне тых ці іншых палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, аддаючы голас за ці супраць іх кандыдатаў.

У цэлым, па назіраннях Анатоль Глаза, крыху больш за трэць прэтэндэнтаў атрымала амаль аднадушнае адабрэнне членаў аблвыканкама і прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі сёмага склікання прызначаны на 17 лістапада 2019 года.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая