RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Слаўгарадзе плануюць стварыць мемарыяльны комплекс, які раскажа аб ваеннай гісторыі раёна

Папярэдне вызначана, што месцам для новага аб’екта стане гарадскі парк, дзе знаходзіцца брацкая магіла воінаў Чырвонай арміі, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны. У раённым цэнтры чатыры воінскія пахаванні, а самае шматлікае размешчана якраз у гарадскім парку. Падчас урачыстай цырымоніі 25 лістапада гэтага года, прысвечанай 78-й гадавіне вызвалення Слаўгарадскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у брацкую магілу перапахавалі 15 чырвонаармейцаў. Цяпер тут знаходзіцца прах 906 герояў. Гэтая брацкая магіла сумешчана з помнікам землякам – на фронце загінула 278 чалавек.

– Мы хочам стварыць мемарыяльны комплекс, які раскажа пра вайну на Слаўгарадчыне, пра лютыя баі пад Прапойскам. У савецкі час вельмі мала гаварылася аб гэтай аперацыі. Толькі зараз даведваемся падрабязнасці падзей 1941 года. Бо тут, на падыходзе да Слаўгарада, палегла каля 20 тысяч чалавек, пра якіх амаль нічога не вядома. Хтосьці трапіў у палон, хтосьці прапаў без вестак. Гэта важная старонка гісторыі, якая павінна знайсці адлюстраванне ў мемарыяльным комплексе, – упэўнена старшыня Слаўгарадскага раённага Савета дэпутатаў Святлана Язерская.

Так, у ліпені-жніўні 1941 года ў раёне Слаўгарада ішлі жорсткія баі. Немцы захапілі тады яшчэ Прапойск і перакрылі стратэгічна важную Варшаўскую шашу і масты праз Проню. Спрабуючы выбіць ворага з горада, нашы байцы стаялі насмерць. Святлана Аляксандраўна адзначае, што, акрамя гэтых баёў, трэба адлюстраваць яшчэ некалькі важных тэм:

– Сярод іх і пытанне генацыду. Бо 55 населеных пунктаў нашага раёна цалкам або часткова былі спалены. Так, у большасці сваёй яны адноўлены, не падзялілі лёс Хатыні, але пра гэта таксама трэба ведаць моладзі. Яшчэ адна старонка гісторыі – 1943 год, калі ішлі баі за вызваленне Прапойска. Хочам стварыць комплекс, які б паказваў вайну ў поўным яе выглядзе. Гэта боль, кроў, смерць... А яшчэ гераізм нашага народа. Бо на тэрыторыі раёна было 18 партызанскіх атрадаў і злучэнняў. Сёння моладзь губляе паняцце аб Вялікай Айчыннай вайне. І на прыкладзе нашага маленькага раёна можна прывесці лёс усёй Беларусі. Адступленне, акупацыя, згон моладзі ў лагеры, цяжкае вызваленне, якое паліла гэтую зямлю крывёю... Нам ёсць што перадаць сучаснаму пакаленню.

Зараз ідзе распрацоўка прапаноў на перадпраектную дакументацыю. З ветэранамі, моладдзю, на сустрэчах з жыхарамі, у працоўных калектывах абмяркоўваецца месца для будучага комплексу.

– Спадзяёмся, што да снежня вызначымся з пляцоўкай для мемарыяла. Хочам выкарыстаць для гэтага цэнтр горада – месца, у якім ужо ляжаць байцы, сюды перапахаваем чырвонаармейцаў. Далей зоймемся прапрацоўкай візуальнай часткі комплексу. Якім ён будзе, сказаць пакуль складана. Чакае вялікая конкурсная праца – дадала Святлана Язерская.

Дарэчы, на тэрыторыі Слаўгарадскага раёна налічваецца 128 воінскіх пахаванняў, у якіх знаходзіцца прах больш за 10 тысяч воінаў.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая