RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«У студатрад ідзем за досведам, знаёмствамі і ўражаннямі». У Магілёве адкрылі трэці працоўны семестр

У Магілёўскай вобласці ўрачыста адкрылі трэці працоўны семестр. Мерапрыемства сабрала на пл.Славы абласнога цэнтра больш за 180 прадстаўнікоў студатрадаўскага руху.

«У моладзі заўсёды была патрэба ў працы, і яна актыўна ўдзельнічала ў студатрадаўскім руху, - распавёў камандзір абласнога штаба студэнцкіх атрадаў Магілёўскай абласной арганізацыі ГА «БРСМ» Алег Бойка. - Бо гэта не толькі праца, але і яркае ўнутрыатраднае жыццё - новыя знаёмствы і ўражанні, розныя спартыўныя і творчыя мерапрыемствы. Гэта і фінансавы бок пытання - хлопцы зарабляюць свае першыя грошы. Са студатрадаўскім рухам не жадаюць развітвацца нават маладыя спецыялісты, якія ў свой вольны, адпускны час просяць іх працаўладкаваць».

У Магілёўскай вобласці сёлета сфарміравана 300 студэнцкіх атрадаў. Байцы будуць працаваць не толькі на тэрыторыі рэгіёну, але і за яе межамі, у тым ліку прымуць удзел у рэспубліканскіх працоўных праектах на прадпрыемствах «Атлант», МАЗ, МТЗ, «Гомсельмаш». У гэтым годзе прадстаўнікі рэгіёну актыўна ўключыліся ў практыку замежных студатрадаў. Першы выезд адбыўся ўжо 29 мая: на працу ў дзіцячы спартова-аздараўленчы лагер «Марская хваля» у Туапсінскі раён Краснадарскага краю адправіўся сэрвісны атрад «Дэльфін». Крыху пазней будаўнічы атрад «Тытан» Беларуска-Расійскага ўніверсітэта выедзе ў Варонеж для будаўніцтва новай школы

Алег Бойка падкрэсліў, што з кожным годам усё больш хлопчыкаў і дзяўчынак хочуць стаць часткай студатрадаўскага руху, папулярнасць якога ў моладзі пастаянна расце. Так, у 2020 годзе было працаўладкавана каля 3 тыс. чалавек, у 2021-м - больш за 3,5 тыс., у 2022-м - амаль 3,8 тыс. Ужо ў гэтым годзе ў рэгіёне выйшлі на лічбу без малога 6 тыс. чалавек, якія сапраўды будуць працаўладкаваны. Калі раней не заўсёды атрымлівалася задаволіць попыт моладзі на працоўныя месцы, то сёння працу прапануюць усім жадаючым. «Мы больш свядома падышлі да гэтага пытання, папрацавалі з нашымі наймальнікамі, - удакладніў камандзір абласнога штаба. - На сёння ў спісе значацца ўжо каля 200 працадаўцаў, якія гатовы супрацоўнічаць з моладдзю».

Будучы юрыст-прававед Ніна Пятроўская вучыцца на другім курсе МДУ імя А.А.Куляшова, сёння яна таксама стала ўдзельніцай урачыстага мерапрыемства. «Я знаходжуся ў студэнцкім педагагічным атрадзе «Іскра юнацтва» імя Паўла Васільевіча Каваленкі, - удакладніла дзяўчына. - Для нас гэта другі працоўны семестр. Мая спецыяльнасць - юрыспрудэнцыя, але мне цікава паспрабаваць сябе яшчэ і ў іншай сферы дзейнасці. У мінулым годзе я працавала ў дзіцячым аздараўленчым лагеры «Чайка» Магілёўскага раёна. Было цікава на нейкі час стаць важатай. Цяпер разумею, што гэта патрабуе яшчэ і пэўных намаганняў, бо дзеці розныя, кожны са сваім характарам, і ты імкнешся знайсці агульную мову з усімі. Тым больш у мяне быў самы малодшы атрад. У гэтым годзе таксама буду працаваць у «Чайцы».

Студэнтка ўпэўнена, што рух беларускіх студэнцкіх атрадаў вельмі карысны для моладзі, бо арганізуе яе занятасць. Акрамя таго, праводзіцца шмат злётаў, падчас якіх маладыя людзі знаёмяцца і гуртуюцца паміж сабой. «Студэнцкі перыяд у жыцці - вельмі насычаны і цікавы, і ад гэтага ўзросту трэба браць па максімуме, - кажа Ніна Пятроўская. - Тым больш зносіны байцоў паміж сабой не заканчваюцца толькі летнімі месяцамі, на працягу года таксама сустракаемся і ўдзельнічаем у розных тэматычных мерапрыемствах. Мы не толькі знаходзім новых сяброў, але і самастойна можам зарабіць свае першыя грошы, атрымаць каштоўны досвед. Прычым нашы заробкі вельмі нядрэнныя. Першую я выдаткавала на сябе, і гэта было вельмі прыемна. У гэтым годзе, хутчэй за ўсё, адкладу грошы для таго, каб адвучыцца на правы».

Павел Кавалёў - студэнт трэцяга курса Беларускага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій, будучы інжынер-механік па абсталяванні прадпрыемстваў харчовых вытворчасцей. «Мы будзем працаваць з ліпеня па жнівень на «Атланце» ў складзе студэнцкага вытворчага атрада «Маладосць» імя двойчы Героя Савецкага Саюза Івана Ігнатавіча Якубоўскага, - дзеліцца ён. - На рэспубліканскі праект выязджаю ўжо другі год запар, на гэты раз разам са мной будуць працаваць 22 чалавекі. Гэта вельмі выдатна, калі збіраюцца хлопцы з усёй Беларусі, у нас шмат знаёмстваў і розных мерапрыемстваў. Гэта нашмат весялей і цікавей, чым сядзець дома на адным месцы. Тым больш па зарплаце нас не крыўдзяць - многія пасля лета купляюць сабе тэлефоны і нават ноўтбукі. Хоць, прызнаюся, большасць рабят ідзе ў студатрад не за грашыма, а за яркімі і запамінальнымі ўражаннямі».

Працоўны семестр 2023 года для ўсіх беларускіх студатрадаў стаў юбілейным і праводзіцца 60-ы раз. Ужо сфарміраваны план святочных мерапрыемстваў, які будзе садзейнічаць актыўнай папулярызацыі гэтага руху ў маладзёжным асяроддзі. Удзельнікі сённяшняй цырымоніі адкрыцця трэцяга працоўнага семестра ўсклалі кветкі да мемарыяльнага комплексу «Змагарам за савецкую ўладу» і правялі працоўную акцыю «Труд крут». Мерапрыемства прадоўжыў семінар-практыкум па пытаннях арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў, выканання патрабаванняў аховы працы і заканадаўства аб працы, вядзення адпаведнай дакументацыі.

БЕЛТА, ТРК «Магілёў»

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая