RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Учарашнія выпускнікі Віцебскага медуніверсітэта Аксана і Альберт Пушыставы дапамагаюць жыхарам Хоцімскага раёна змагацца з каранавірусам

У вакцыне – наш імунітэт

Тэма пандэміі па-ранейшаму адна з самых надзённых ў свеце. Не абышла яна і глыбінку Магілёўшчыны – Хоцімскі раён. Першага пацыента з COVID-19 тут зарэгістравалі ў красавіку 2020-га. За гэты час на каранавірус перахварэлі многія, прычым некаторыя нават двойчы. Сёння на парадку дня не толькі лячэнне, але і вакцынаванне. Прышчэпкі ад каранавіруса ўжо паспела зрабіць некалькі соцень хацімчан, і гэты працэс працягваецца. У ліку медыкаў, якія ратуюць жыхароў раёна ад пандэміі, – маладая пара Аксана і Альберт Пушыставы.

Важны крок

– У Хоцімск мы трапілі па размеркаванні, – падзялілася Аксана Пушыстава. – Вядома, пандэмія стала выпрабаваннем як для маладых спецыялістаў, так і для ўрачоў з вопытам. Так склалася, што вірус да раёна дабраўся крыху пазней, чым у іншыя рэгіёны, таму быў некаторы час на падрыхтоўку. Да моманту рэгістрацыі першага хворага з каранавірусам медыкаў забяспечылі ахоўнымі касцюмамі, маскамі, шчыткамі, пальчаткамі.

З арганізацыяй лячэння асаблівых складанасцей не было. У паліклініцы пацыентаў падзялілі на патокі: тых, у каго тэмпература і іншыя прыкметы ВРВІ, прымаць сталі ў кабінеце з асобным уваходам. А ў бальніцы пад пацыентаў з COVID-19 перапрафілявалі інфекцыйнае аддзяленне – такім яно застаецца і сёння. Недахопу кіслародных кропак, ШВЛ няма. Хоцімскім медыкам таксама вельмі дапамаглі кансультацыі са спецыялістамі абласных, рэспубліканскіх клінік.

– З такім вірусам усе сутыкнуліся ўпершыню, таму пытанняў узнікала шмат. Але сёння ўжо выпрацаваны алгарытмы лячэння, – канстатавала Аксана Уладзіміраўна.

Як вядома, хвароба не выбірае: сярод пацыентаў ёсць і маладыя людзі, і грамадзяне шаноўнага ўзросту. Працяг у хваробы таксама розны: у кагосьці яна праходзіць даволі лёгка, а камусьці прыходзіцца змагацца доўга.

– Таму вакцынаванне – вельмі важны крок у справе абароны ад небяспечнай хваробы. На жаль, гэта разумеюць пакуль не ўсе, і даводзіцца тлумачыць, аргументаваць. Але працэс пайшоў, і гэта радуе, – адзначыла Аксана Пушыстава.

З дастаўкай «на дом»

Урач удакладніла, што цяпер працягваецца вакцынацыя людзей, якія ўваходзяць у групу рызыкі. Гэта жыхары раёна ад 60 і старэйшыя, а таксама тыя, у каго ёсць хранічныя захворванні. Паралельна ідзе і вакцынацыя медыцынскіх работнікаў і педагогаў, якія па розных прычынах не змаглі зрабіць прышчэпкі раней. Затым на чарзе – занятыя ў сферах, дзе вялікая рызыка заразіцца: скажам, работнікі гандлю, транспарту.

– Многія хацімчане ўжо атрымалі ўколы і першага, і другога кампанентаў, – расказала Аксана Уладзіміраўна. – Штодня вакцынацыю праходзіць па 30–40 чалавек. Прычым не толькі ў цэнтральнай паліклініцы: для зручнасці людзей у глыбінку выязджаюць спецыяльныя брыгады медыкаў. Так што выратавальны ўкол вяскоўцы могуць зрабіць практычна па месцы жыхарства: у кабінетах ФАПаў сваіх аграгарадкоў. Арганізуем усё так, каб сабралася чалавек 15–20: з адной ампулай ехаць сэнсу няма! Пацыентаў аглядае ўрач, заносіць усе даныя ў карту. Пасля працэдуры ў вяскоўцаў ёсць час адпачыць, а ў медыкаў – пераканацца, што чалавек адчувае сябе нармальна.

Мабільныя брыгады ўжо пабывалі ў Ялоўцы, Боханах, Ліпаўцы, Забялышыне, Бярозках. Педагогі Вялікаліпаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад – базавая школа прышчэпкі зрабілі аднымі з першых у раёне. Намеснік дырэктара Ірына Громава не скрывае, што ўсе ў калектыве разумеюць важнасць такой працэдуры:

– Пакуль яшчэ прышчапіліся не ўсе: некаторым пасля хваробы трэба час на аднаўленне сіл. Але спадзяёмся, што ў канчатковым выніку ўсё складзецца і масавая вакцынацыя прымусіць хваробу адступіць.

У асноўным, удакладніла Аксана Пушыстава, людзі пераносяць прышчэпку без бачных пабочных эфектаў. Але здараецца, што ў кагосьці можа падняцца тэмпература ці з’явяцца іншыя сімптомы.

– Калі адны на такое не звяртаюць увагі, то другія звяртаюцца або тэлефануюць у паліклініку, нават калі градус – у раёне 37. Мы кажам: пачакайце да заўтра, і ўсё зменіцца. Так і адбываецца, – падзялілася назіраннямі малады спецыяліст.

Не час расслабляцца

Альберт Пушыстаў таксама ўрач агульнай практыкі. Менавіта ён выявіў нулявога пацыента з каранавірусам у Хоцімскім раёне. І вось ужо другі год не толькі ратуе жыхароў раёна ад віруса, але і перасцерагае ад бестурботнасці:

– Дыстанцыя, дэзынфекцыя – гэтыя правілы актуальныя і сёння. Хоць пандэмія і надыходзіць хвалямі, уяўнае зацішша нікога не павінна ўводзіць у зман: вірус не спяшаецца здаваць пазіцыі. А вось вакцынацыя абяцае стаць для яго шлагбаўмам.

Зараз хацімчан вакцынуюць расійскім «Спутником V». У хуткім часе чакаецца паступленне кітайскай SARS-CoV-2. Абодва прэпараты правераныя і ўжо паспелі зарэкамендаваць сябе ў нашай краіне.

Альберт Міхайлавіч не хавае: працаваць даводзілася і даводзіцца з вялікай нагрузкай.

– Але мы маладыя, энергіі хапае. Да таго ж, з арганізацыяй працы таксама ўсё прадумана, так што ёсць час на выхадныя або адпачынак, – прызнаў урач.

Ці абмяркоўвае маладая пара працоўныя праблемы яшчэ і дома? Аксана Уладзіміраўна адказала, што сёння – не:

– Спачатку такія размовы былі частымі. Але цяпер стараемся працоўныя справы і праблемы не браць яшчэ і «на дом», бо ў такім выпадку і да эмацыйнага выгарання недалёка!

Галоўны ўрач Хоцімскай цэнтральнай раённай бальніцы Кацярына Ішуціна расказала:

– Наш калектыў у цэлым малады. Але ёсць і спецыялісты з вопытам, якія заўсёды могуць даць карысную параду. Пад хворых на каранавірус у нас выдзелена 40 ложкаў, уся праца з такімі пацыентамі адладжаная. Абсталяванне, прэпараты, сродкі абароны – усім забяспечаны. Вельмі цэнім таксама падтрымку з боку галоўнага абласнога ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама. Усё гэта дазваляе сітуацыю з COVID-19 трымаць пад кантролем.

КАМЕНТАР У ТЭМУ

Святлана Нячай, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Магілёўскай вобласці:

– Працэс вакцынацыі ў Магілёўскай вобласці ідзе ў актыўным тэмпе з выкарыстаннем дзвюх вакцын, якія паступілі ў рэгіён, – расійскай і кітайскай вытворчасці. Паводле звестак на 8 чэрвеня, каля 62 тысяч чалавек прышчэплена першым кампанентам вакцыны, а поўны курс вакцынацыі прайшло больш за 38 тысяч жыхароў рэгіёна. Вакцынацыя забяспечваецца магчымасцямі арганізацый аховы здароўя, дзе створаны ўсе ўмовы як для захоўвання вакцыны, так і для яе прымянення. Але пры неабходнасці працуюць і выязныя брыгады.

Сёння прышчэпкі робяць не толькі людзям, якія ўваходзяць у групу рызыкі – у сілу ўзросту, хранічных хвароб або прафесійнай дзейнасці, – але і працоўным калектывам. У вобласці таксама працягвае дзейнічаць масачны рэжым – гэта мера працягнецца да таго часу, пакуль не будзе забяспечаны калектыўны папуляцыйны імунітэт і не зменіцца эпідэміялагічная сітуацыя. Усяго трэба будзе вакцынаваць 60 працэнтаў жыхароў вобласці, гэта значыць каля 600 тысяч чалавек. У трэцюю хвалю ўзровень захворвання ў Магілёўскай вобласці – у межах 35 працэнтаў пікавых значэнняў другой хвалі. Адзначаецца, што цяжар захворвання пры гэтым вышэйшы.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая