RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Урачыстасці ў гонар 380-годдзя Свята-Узнясенскага жаночага манастыра адбудуцца ў Быхаўскім раёне 10 чэрвеня

У свята Ушэсця Гасподняга 10 чэрвеня адбудуцца ўрачыстасці ў гонар 380-годдзя Свята-Узнясенскага жаночага Баркалабаўскага манастыра. Боскую літургію ў манастыры ўзначаліць мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Дапамагаць яму будзе епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім.

Прыбыццё мітрапаліта Веніяміна чакаецца ў 9.00. Пачатак службы – у 9.05. Яна будзе доўжыцца прыкладна да 10.30–10.40.

Свята-Узнясенскі жаночы манастыр у вёсцы Баркалабава Быхаўскага раёна – дзеючы праваслаўны жаночы манастыр Беларускага экзархата Рускай Праваслаўнай Царквы. Манастыр уваходзіць у склад Бабруйскай і Быхаўскай епархіі. Размешчаны за восем кіламетраў на поўнач ад Быхава. Заснаваны ў 1641 годзе значным палітычным дзеячам ВКЛ і праваслаўным мецэнатам Багданам Сцяткевічам.

У манастыры захоўваецца арыгінал цудатворнай іконы Божай Маці. Шмат легенд ходзіць вакол пытання, як трапіў адзін з самых шанаваных абразоў Беларусі ў Свята-Узнясенскі манастыр. Паводле падання, абраз апынуўся ў манастыры ў 1659 годзе. Князь Сямён Пажарскі вяртаўся з войскамі ў Расію з Польшчы. Пры сабе ў яго была гэта ікона. Калі атрад праходзіў міма Баркалабаўскага манастыра, «абраз стаў нерухомым» і ніякія намаганні не змаглі зрушыць яго з месца. Пажарскі зразумеў, што абраз жадае застацца ў манастыры. Першапачаткова ён быў змешчаны на цэнтральны аналой Вазнясенскай царквы, паколькі інакіні не ведалі, дзе яму знайсці месца. Але ў наступную ноч цудоўным чынам перамясціўся да сцяны храма з правага боку, туды, дзе і цяпер знаходзіцца.

Цудатворны абраз перажыў усе войны XVII–XX стагоддзяў і ўсе ганенні на рэлігію. У 1882 годзе Узнясенскі храм згарэў, але цудатворны абраз, іканастас і начынне былі выратаваны ад пажару. Пасля 1920 года Баркалабаўскі манастыр закрылі. Падчас Вялікай Айчыннай вайны абраз захавалі былыя інакіні (па іншых вусных звестках, абраз знаходзіўся ў капліцы на чыгуначнай станцыі Быхаў). У 1953 годзе перад святам Вялікадня цудатворны абраз быў прынесены ў Свята-Троіцкі храм у Быхаве і змешчаны ў спецыяльны прысценны ківот.

У 2008 годзе пачалося адраджэнне манастыра. 24 ліпеня 2010 года, у дзень святкавання Баркалабаўскага абраза Божай Маці, адбылося ўрачыстае перанясенне цудатворнага абраза са Свята-Траецкага храма Быхава ў адроджаны Свята-Узнясенскі манастыр.

Фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая