RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Валанцёр года Анастасія Ганчарова марыць адкрыць Цэнтр дапамогі дзецям з рознымі парушэннямі

Хочаш адчуць сябе чалавекам – дапамажы іншаму

Амаль чвэрць са сваіх 19 гадоў Анастасія Ганчарова прысвяціла валанцёрскай дзейнасці. Яна супрацоўнічае са шматлікімі арганізацыямі: Чырвоны Крыж, Беларускі дзіцячы фонд, ЮНІСЕФ, БРСМ. І сёлета па праву атрымала тытул «Валанцёр года – 2020».

Зараз Анастасія вучыцца на чацвёртым курсе сацыяльна-гуманітарнага каледжа Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова па спецыяльнасці «Дашкольная адукацыя». Да выбару прафесіі яе падштурхнула тое, што, будучы школьніцай, даводзілася сядзець з маленькімі пляменнікамі. Ладзіць з імі ў Насці атрымлівалася вельмі нядрэнна. Ды і дзеці яе вельмі любілі.

Актыўна займацца валанцёрствам дзяўчына пачала, калі паступіла ў каледж. Разам з іншымі ўдзельнічала ў дабрачынных акцыях, збірала падарункі дзецям да Новага года, з клоўнатэрапіяй наведвала дзіцячыя сады, дзіцячую псіхіятрычную бальніцу, сацыяльныя ўстановы.

– Самым сур’ёзным і значным для мяне стаў пілотны праект «Давай сябраваць!», накіраваны на падтрымку дзяцей з цяжкімі захворваннямі, інваліднасцю, а таксама іх сем’яў. Праект дазволіў адчуць усю сутнасць валанцёрства, зразумець многія рэчы, – кажа дзяўчына. – Менавіта тады я вырашыла, што ў будучым павінна адкрыць цэнтр дапамогі такім дзецям, паколькі яны больш за астатніх маюць патрэбу ва ўвазе і навучанні. Хацелася б зрабіць няпростае жыццё гэтых дзетак як мага ярчэйшым і весялейшым.

Па словах Анастасіі, стаць валанцёрам імгненна немагчыма, трэба прайсці сур’ёзную падрыхтоўку, «курс маладога байца». Спецыялісты падавалі неабходныя матэрыялы і праводзілі інструктаж, тлумачылі, як сябе паводзіць, як рэагаваць, а чаго рабіць не варта.

– Дзеці з ДЦП, аўтызмам, анкалогіяй пераважна знаходзяцца дома і абмежаваныя ў зносінах, ім складана пасябраваць з аднагодкамі. Як куратар праекта, я з вучнямі розных школ хадзіла ў госці да такіх дзяцей. Мы гулялі, размаўлялі, малявалі свае мары – расказвае дзяўчына. – Акрамя таго, разам наведвалі знакавыя месцы ў горадзе, мастацкія выставы, майстар-класы. Ад добрых спраў заўсёды вялікая маральная аддача, асабліва каштоўныя словы падзякі і абдымкі. Хочаш адчуць сябе чалавекам – дапамажы іншаму.

Нямногія, прыходзячы ў валанцёрскую дзейнасць, застаюцца тут. Гэта вельмі няпростая справа, якая патрабуе вялікай аддачы і эмацыйных укладанняў.

– Не кожны здольны даць гэта і нічога не патрабаваць узамен, – лічыць Анастасія.

У 2021 годзе дзяўчына атрымае дыплом выхавацеля. Але з нагоды пошуку працы яна не перажывае:

– Я займаюся англійскай мовай з дзеткамі ў яслях-садзе № 46. Дарэчы, у зносінах з імі дапамагае валанцёрскі вопыт. Я ведаю, як знайсці падыход да малых, развесяліць іх, пасябраваць.

У Насці ёсць аўтарскія распрацоўкі – увядзенне англійскай мовы ў валанцёрскую дзейнасць і колератэрапія. Апошняя з’яўляецца немедыкаментным спосабам лячэння, не выклікае прывыкання і абсалютна бяспечная. Таксама Насця дапамагае дзецям развівацца фізічна і псіхалагічна праз візуалізацыю, каляровую медытацыю, дыдактычныя гульні.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая