RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Восем удзельнікаў і шэсцьсот чалавек падтрымкі: у Магілёве выбіраюць найлепшага студэнта года

Восем удзельнікаў, шэсць конкурсаў і шэсцьсот чалавек падтрымкі: у Магілёве праходзіць абласны этап конкурсу «Студэнт года – 2022».

У актавай зале Беларуска-Расійскага ўніверсітэта сёння няма свабодных месцаў: студэнты з розных ВНУ Магілёўскай вобласці прыехалі падтрымаць сваіх канкурсантаў. І, як адзначаюць удзельнікі творчага спаборніцтва, нягледзячы на сур’ёзную падрыхтоўку, сёння хвалюючы і важны дзень. Кожны з іх прайшоў вялікі шлях. І кожны разлічвае стаць найлепшым прадстаўніком студэнцкага руху рэгіёна.

Сярод удзельнікаў – студэнты Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій і Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі – усяго 8 чалавек.

Марына Драпун і Таццяна Жарэйка – студэнткі Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. «Вялікай канкурэнцыі адна з адной мы не адчуваем: вучымся разам і прадстаўляем адзін факультэт – інжынерна-эканамічны. Два гады запар я ездзіла з іншымі ўдзельнікамі гэтага конкурсу ў групе падтрымкі, глядзела на іх і разумела, што я таксама магу быць на гэтым месцы. Пакуль ездзіла з падтрымкай, атрымала добры вопыт, знутры даведалася, як усё праходзіць. І ў думках я рыхтавалася да таго, што магу стаць наступным найлепшым студэнтам», – расказала Таццяна Жарэйка.

Марына Драпун падзялілася, што падрыхтоўка да конкурсу дае магчымасць не толькі раскрыць свае таленты, але і дапамагае набываць карысныя ў жыцці навыкі. «Адзін з самых складаных конкурсаў – візітоўка. Хацелася зрабіць яе арыгінальнай і ў той жа час зразумелай для кожнага гледача. Гэта, вядома, патрабавала вялікіх сіл, – адзначыла яна. – Гэты конкурс не толькі пра творчасць і таленты, хоць і гэта вельмі хочацца паказаць. Ён яшчэ пра новыя веды і ўменні. Конкурс «Візітоўка» вучыць нас цікава расказваць пра сябе і свае захапленні. Выступленне на сцэне ў цэлым вучыць самадысцыпліне і валоданню сабой».

Яшчэ адзін удзельнік конкурсу – Цімафей Селязневіч, які прадстаўляе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт харчовых і хімічных тэхналогій. Малады чалавек спалучае добрую вучобу, актыўнае жыццё і не толькі ў сценах альма-матэр. «Я актывіст БРСМ, камандзір валанцёрскага атрада «Шчасце ў падарунак» і вядучы, – расказаў ён. – Я вельмі хацеў паспрабаваць свае сілы ў конкурсе «Студэнт года». Гэта стане для мяне выдатнай практыкай, у тым ліку ў прамоўніцкім мастацтве».

Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова сёлета прадстаўляе Вольга Халадцова, яна вучыцца на факультэце эканомікі і права. «На гэтым конкурсе заўсёды збіраюцца самыя лепшыя студэнты ВНУ рэгіёна. Вядома, хацелася трапіць у іх лік. Я не толькі добра вучуся, яшчэ займаюся танцамі. І мне хацелася падзяліцца сваёй творчасцю, – расказала дзяўчына. – Рыхтавацца да конкурсу было складана, таму што юрыспрудэнцыя – досыць складаная спецыяльнасць. Сумяшчаць рэпетыцыі і вучобу было няпроста, але мне на дапамогу прыйшоў увесь факультэт, дапамагалі хлопцы і дзяўчаты з усяго ВНУ. Я ўпэўненая, вынік таго каштаваў!»

На працягу трох гадзін студэнты будуць спаборнічаць у 6 конкурсах: візітоўка, абарона праектаў, дзе ўдзельнікі прадстаўлялі свае распрацоўкі, прысвечаныя 60-годдзю студэнцкіх атрадаў. Пасля гэтага яны расказвалі аб сваёй будучай прафесіі і аб тым, як бачаць сябе ў ёй, далей – творчы конкурс. Мабыць, самая яркая і арыгінальная частка спаборніцтва. Не менш цікавым атрымаўся інтэлектуальны тур. Яшчэ адна частка конкурсу праходзіла анлайн у сацыяльных сетках – моладзь рэгіёна галасавала за найлепшы ролік, прадстаўлены канкурсантамі.

Як адзначыў першы сакратар Магілёўскага абкама БРСМ Аляксандр Саксонаў, гэты конкурс – адна з самых яркіх падзей студэнцкага жыцця. «Студэнты, якія сёння спаборнічалі за званне найлепшых, добра вучацца, жывуць актыўным жыццём ВНУ і БРСМ. Яны яркія, творчыя. І на сцэне конкурсу ўсе раскрываюцца па-рознаму, – адзначыў ён. – Акрамя гэтага, конкурс дае магчымасць пагутарыць адзін з адным. А адзін з этапаў, прысвечаны праектам, якія ўжо рэалізавалі або плануюцца да рэалізацыі, дае магчымасць падзяліцца вопытам, ідэямі. Я з упэўненасцю магу сказаць, што найлепшыя праекты будуць рэалізаваныя. А ў наступным годзе мы будзем шукаць залу пабольшую, таму што не атрымліваецца змясціць усіх жадаючых гледачоў».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая