RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Выпускныя вечары ў школах Беларусі пройдуць 10 чэрвеня

Выпускныя вечары ў школах Беларусі пройдуць 10 чэрвеня, паведаміла сёння журналістам намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі - начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова.

«У 2020/2021 навучальным годзе ў Беларусі функцыянуюць 3009 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх навучаюцца 1 млн 57 тыс. 918 дзяцей. Адукацыйны працэс забяспечваюць 117 тыс. 315 педагагічных работнікаў. У 9-х класах навучаюцца 90,3 тыс. навучэнцаў, у 11-х класах - 51,8 тыс. Выпускнікоў 9-х класаў на 3,7 тыс. больш у параўнанні з папярэднім годам, выпускнікоў 11-х класаў засталося амаль столькі ж. Змяншэнне ідзе недзе 800 чалавек», - расказала Ірына Каржова.

Паводле яе слоў, Міністэрствам адукацыі вызначаны даты правядзення ўрачыстых мерапрыемстваў. «Апошні званок мы рэкамендуем правесці 29 мая, выпускныя вечары - 10 чэрвеня», - адзначыла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення.

У гэтым годзе апошні званок і выпускныя вечары пройдуць у традыцыйным фармаце. Як правіла, гэта ўрачыстая лінейка на адкрытай пляцоўцы. Безумоўна, пры гэтым неабходна выконваць санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні, што прад'яўляюцца да правядзення масавых мерапрыемстваў.

«Міністэрства адукацыі рэкамендуе ва ўмовах існуючай эпідэміялагічнай сітуацыі адмовіцца ад правядзення выпускных вечароў у сценах буйных забаўляльных комплексаў і звярнуць увагу на больш камерныя варыянты правядзення школьнай урачыстасці. Напрыклад, ва ўстановах адукацыі. Такія формы і варыянты выпускных вечароў паспяхова сябе зарэкамендавалі ў мінулым годзе. Гэта можа быць школьны капуснік, які рыхтуецца самімі дзецьмі, а не чалавекам з боку, таксама вечар можна правесці ў форме прэзентацыі «кінастужка школьных дзён», можна закласці алею або капсулу памяці для будучых выпускнікоў, што яшчэ раз падкрэсліць сувязь пакаленняў, навучэнцаў і педагогаў і стане запамінальным эпізодам», - прадоўжыла кансультант галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Мінадукацыі Ларыса Емяльянчык.

Акрамя мерапрыемстваў, якія пройдуць непасрэдна ва ўстановах адукацыі, у выключных выпадках Мінадукацыі рэкамендуе задзейнічаць установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а таксама ўстановы культуры, калі па аб'ектыўных прычынах правесці гэта мерапрыемства ў школе немагчыма.

Час, працягласць і месца правядзення мерапрыемстваў вызначаецца кіраўніком установы адукацыі з удзелам бацькоўскага камітэта і па ўзгадненні з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ўлады.

БЕЛТА

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая