RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Выязны семінар-практыкум для маладых спецыялістаў з перспектыўнага кадравага рэзерву АПК прайшоў на Магілёўшчыне

Выязны семінар-практыкум для асоб, уключаных у перспектыўны кадравы рэзерв Магілёўскага аблвыканкама і спецыяльную групу рэзерву кадраў камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама, прайшоў сёння на Магілёўшчыне. У адкрыцці семінара прынялі ўдзел памочнік Прэзідэнта - інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк, першы намеснік старшыні аблвыканкама Сяргей Савіцкі і начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Сяргей Іваноў.

Як адзначыў Леанід Мартынюк, сёння кадравай рабоце, асабліва ў сферы сельскай гаспадаркі, аддаецца галоўны прыярытэт.

«Гэтая галіна патрабуе спецыялістаў, якасная падрыхтоўка і станаўленне якіх займае не адзін дзясятак гадоў, – акцэнтаваў ён. - Таму праца, якая праводзіцца ў вобласці з патэнцыйным рэзервам кадраў, якія ў будучыні заменяць цяперашніх прафесіяналаў, сістэмная і выбудавана яшчэ са школы. Школьныя праграмы сельгаскласаў, пасля якіх дзеці паступаюць у профільныя ВНУ і потым прыходзяць на сваё першае рабочае месца на радзіме або па размеркаванні, першапачаткова арыентуюць на пэўную прафесію. Гэта вельмі важна - чым раней чалавек прафарыентаваны, тым вышэй верагоднасць, што з яго атрымаецца сапраўдны прафесіянал. Пасля ВНУ такому спецыялісту неабходна забяспечыць добрую стажыроўку і дастойную заработную плату, жыллё. І гэтая праца выбудавана. Таму прыклад сённяшні семінар-практыкум, дзе на прыкладзе моцных, устойлівых гаспадарак нашай залатой моладзі, не пабаюся гэтага слова, пакажуць, як трэба арганізоўваць работу, ствараць умовы жыцця і якія ёсць магчымасці дастойна праяўляць сябе, рэалізоўвацца».

Адказваючы на пытанні журналістаў аб замацаванасці кадраў у сельскай мясцовасці, Леанід Мартынюк адзначыў: «Безумоўна, адна справа - навучыць чалавека, накіраваць яго на першае працоўнае месца, але, у першую чаргу, у самога чалавека павінна быць зацікаўленасць. Выбіраючы гэтую прафесію, ён павінен першапачаткова разумець характэрную ёй спецыфіку. А задача кіраўнікоў усіх узроўняў стварыць для гэтага маладога спецыяліста добрыя ўмовы працы і побыту, магчымасці для прафесійнага росту. І, канешне, максімальна матэрыяльна стымуляваць, наколькі дазваляе гаспадарка ці прадпрыемства, куды трапляе спецыяліст».

Апісваючы партрэт кіраўніка, на які павінны арыентавацца маладыя людзі, якія знаходзяцца ў рэзерве кадраў, памочнік Прэзідэнта адзначыў, што, у першую чаргу, важны людскія адносіны да людзей. «Можна быць прафесіяналам, можна добра ведаць сваю справу, але калі не берагчы сваю каманду, не ўмець яе стварыць і згуртаваць, не шанаваць працу людзей, якія фарміруюць прадпрыемства, то стаць добрым кіраўніком не атрымаецца. Калі чалавек прафарыентаваны і абраў працу ў сельскай гаспадарцы свядома, ён першапачаткова разумее, што сфера няпростая. І маецца на ўвазе, што чалавек павінен быць моцным духам, упэўненым у сабе, прарыўным, тады ўсё атрымаецца. І я ўпэўнены, сёння тут сабраліся менавіта такія маладыя людзі».

У перспектыўным кадравым рэзерве Магілёўскага аблвыканкама на сёння знаходзіцца каля ста чалавек да 31 года, з іх 87 працэнтаў маюць вышэйшую адукацыю, пераважна сельскагаспадарчага і інжынернага профілю. Сельская гаспадарка ў Магілёўскай вобласці - значны складнік эканомікі і займае важнае месца ў забеспячэнні харчовай бяспекі краіны. Так, у рэгіёне вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі заняты 173 сельгасарганізацыі і звыш 550 сялянскіх гаспадарак. Цяпер у сельскай гаспадарцы занята звыш 30 тыс. чалавек. І кадраваму забеспячэнню сельскагаспадарчай галіны ўдзяляецца асаблівая ўвага. Паколькі толькі пры ўмове замацавання высокакваліфікаваных, падрыхтаваных кадраў, здольных хутка адаптавацца ва ўмовах вытворчасці і прымаць пісьменныя рашэнні, магчыма дынімічнае развіццё ўсіх галін сельскай гаспадаркі, нарошчванне аб'ёмаў вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі, павышэнне яе якасці. Так, сёлета ў вобласць прыбудзе 202 маладыя спецыялісты, з якіх 71 - зааветэрынарнага профілю.

Як адзначыў першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама Ілья Мальчэўскі, у рэгіёне менавіта ў спецыялістах зааветэрынарнага профілю сёння існуе найбольшая патрэбнасць:

«Забяспечанасць дадзенымі кадрамі ў нас складае каля 80%. Гэта адзін са складаных напрамкаў. Спецыялісты, якія прыходзяць на гэтыя пасады, павінны прапрацаваць мінімум два гады, каб стаў заўважны вынік іх працы, які будзе ўплываць на фінансавыя паказчыкі прадпрыемства. На жаль, не ўсе аказваюцца гатовыя да такога шляху, але тых, хто ўсё ж выбірае гэты напрамак і стараецца працаваць, мы заўсёды падтрымліваем і накіроўваем».

Таксама Ілля Мальчэўскі расказаў, што існуючы ў галіне рэзерв кадраў пастаянна абнаўляецца, спісы пераглядаюцца, папаўняюцца, кандыдатам прапануюцца магчымасці праявіць сябе на пэўных пасадах і людзі ахвотна ідуць у сферу. «Самае галоўнае ў замацаванні кадраў - настаўніцтва, - падзяліўся меркаваннем ён. - Спецыялісты павінны пачаць свой шлях з прафесійным кіраўніком, які сам прайшоў гэтую працу ад нізу да самага верху і можа падзяліцца гэтым вопытам, перадаць неабходныя веды. Важныя і магчымасці для асобаснага і прафесійнага росту, каб чалавек адчуваў неабходнасць і карысць сваёй дзейнасці. Вядома, не менш значныя і заработная плата, забяспечанасць жыллём».

Адным з удзельнікаў семінара-практыкума стаў інжынер Віктар Шчарбакоў з КСУП «Парыжская Слабада» Касцюковіцкага раёна. Ён расказаў, што вучыўся па мэтавым накіраванні і ўжо другі год працуе ў гаспадарцы: «Працаваць падабаецца. У гэтай гаспадарцы ўсё сваё жыццё працуе механізатарам мой бацька, з малых гадоў я заўжды быў пры ім, таму калектыў мяне прыняў вельмі добра. Планы на будучыню звязваю з сельскай гаспадаркай, працягваючы справу сваіх дзеда, бацькі.

Для маладога спецыяліста на першую пару, вядома, важна настаўніцтва. Таму што вучоба гэта адно, а практыка - зусім іншае. Добрыя ўмовы працы, заробак і жыллё таксама дапамагаюць у станаўленні і з'яўляюцца вырашальнымі, каб застацца ў гэтай гаспадарцы.

На семінар прыехаў, каб даведацца нешта новае, набрацца досведу, у тым ліку, і кіруючага. Лічу, для кіраўніка самае галоўнае ўмець знайсці падыход да падначаленых, падабраць правільныя словы, намеціць мэты і паставіць задачу, імкнуцца да добрых вынікаў. Цяпер, напрыклад, у нашай гаспадарцы ідзе ўборка грэчкі, пачынаецца ўборка кукурузы на насенне. Гэты працэс важна арганізаваць: своечасова выпусціць тэхніку ў поле без паломак, арганізаваць калектыў, каб справіцца своечасова і без страт ураджаю».

Семінар-практыкум сабраў 40 маладых спецыялістаў з арганізацый аграпрамысловага комплексу рэгіёну. На працягу дня яны прынялі ўдзел у пленарнай нарадзе, наведалі цяплічны камбінат фірмы «Кадзіна», малочнатаварны комплекс ААТ «Магілёўскі лянок» і шэраг іншых аб'ектаў сельскагаспадарчых арганізацый Магілёўскага раёна, абмяняліся думкамі падчас дыялогавай пляцоўкі на базе агралесатэхнічнага каледжа ім. К.П. Арлоўскага, паўдзельнічалі ў трэнінгах па развіццю лідэрскіх якасцяў і кіраўніцкага патэнцыялу.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая