RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Як атрымліваюць элітнае насенне бульбы ў Магілёўскай вобласці

Спосаб вырасціць бульбу для многіх у цэлым падобны: кошык з клубнямі і градка. Своечасова высадзіць, правільна даглядаць і да канца сезона атрымаць жаданы ўраджай. А вось як вырошчваюць бульбу ў прабірках у Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Менавіта тут знаходзіцца лабараторыя біятэхналогій, у якой незвычайным спосабам вырошчваюць бульбу.

«Лабараторыя біятэхналогій з’явілася ў акадэміі ў 1989 годзе. Тады тут працавала каля 70 чалавек. Вырошчвалі аздараўлёны матэрыял бульбы, які высаджвалі ў 24 цяпліцы агульнай плошчай каля 1 га, – расказвае загадчык кафедры сельскагаспадарчай біятэхналогіі, экалогіі і радыялогіі Міхаіл Дабродзькін. – Цяпер у нас ужо не тыя аб’ёмы, але мы працягваем займацца атрыманнем аздараўлёнага матэрыялу бульбы. На сёння такіх лабараторый у Беларусі 12».

Аздараўлёны матэрыял–гэта бульба, свабодная ад вірусаў. Менавіта ў прабірках і ствараюць будучы чысты пасяўны матэрыял. Каб атрымаць такую бульбу, лабараторыя ў Горках купляе каля 150 раслін у прабірках у Інстытуце агародніцтва–адным з найстарэйшых навуковых цэнтраў Беларусі.

«Купляем прабіркі звычайна ў пачатку або канцы года. З 150 такіх раслін да моманту высадкі ў цяпліцу атрымліваецца 35–40 тыс. прабірак. Гэтага хапае, каб запоўніць адну цяпліцу плошчай 50 сотак», – адзначае Міхаіл Дабродзькін.

Бульбяная расліна ў прабірцы–гэта тоненькая сцяблінка з 8–9 лісточкамі. Яна размяшчаецца ў цалкам стэрыльных умовах і расце дзякуючы пажыўному асяроддзю, у аснову якогаўваходзіць агар-агар. Размнажаюць такую бульбу чаранкаваннем.

Працэс чаранкавання павінен быць у стэрыльным асяроддзі, паколькі любы мікроб, які трапіў у пажыўныя рэчывы, прывядзе да захворвання і гібелі расліны.

Чаранкаванне раслін адбываецца ў абеззаражаным асяроддзі ламінар-боксаў. Усе паверхні, інструменты і рукі спецыялісты апрацоўваюць спіртам, каб не дапусціць заражэння. Паводле слоў малодшага навуковага супрацоўніка Святланы Цітовай, якасць працы залежыць ад руху рук.

«Працуючы ў ламінар-боксах, трэба старацца рабіць як мага менш рухаў рукамі, каб не ствараць лішнія патокі паветра. Перш чым раскрыць прабірку з раслінай, неабходна апрацаваць усе інструменты. Пасля гэтага бяром прабірку і ў боксе адкрываем яе. Хутка праводзім над агнём, каб знішчыць мікробы на паверхні шкла. Пінцэтам дастаём парастак, акуратна і хутка адразаем па кавалачку–так, каб на кожнай адрэзанай частцы быў лісточак», – расказвае падрабязнасці працэдуры Святлана Цітова.

Пасля таго як лісточкі чаранкаваныя, змяшчаем іх у новыя прабіркі. Святлана Цітова кажа, што важна пасадзіць лісточак у пажыўнае асяроддзе правільным бокам. Праз некалькі тыдняў з гэтага лісточка з’явіцца новая расліна, якую таксама затым чаранкуюць. Так паўтары сотні раслін ператвараецца ў некалькі дзясяткаў тысяч. Тут размнажаюць такім чынам пяць відаў бульбы.

Працуюць у лабараторыі не толькі дасведчаныя навукоўцы, тут праходзяць практыку студэнты сельгасакадэміі. Ім расказваюць аб працэсе чаранкавання, вучаць варыць пажыўнае асяроддзе і працаваць у ламінар-боксах.

«Першае клубневае пакаленне аздараўленчай бульбы мы атрымліваем у цяпліцы. Грунтам служыць торф. Лічыцца, што ў тарфяніках расце самая нясмачная бульба, затое менавіта ў такім грунце яна самая здаровая, – расказвае Міхаіл Дабродзькін. – Калі бульбу пасля прабіркі адразу высадзіць у звычайны грунт –яна захварэе. А ў торфе не развіваюцца бактэрыі і вірусы».

Пасля цяпліцы бульба высаджваецца ў гадавальніку, а затым працэдура паўтараецца ў полі– атрымліваецца «супер-суперэліта». Пасля гэтага бульба высейваецца яшчэ раз і на рэалізацыю ідзе ўжо «суперэліта».

«У аздараўлёнай бульбы шмат плюсаў. Адзін з самых важных– гэта добрая ўраджайнасць. Сама расліна больш буйная і моцная. У галоўнага шкодніка культуры –каларадскага жука– практычна няма шанцаў пашкодзіць яе», – заўважае Міхаіл Дабродзькін.

У мінулым годзе было атрымана для рэалізацыі каля 350 г. Зараз прадаюць бульбу «скарб». Усе астатнія гатункі прададзены яшчэ восенню. Лабараторыя рэалізавала каля 11 т аздараўлёнага матэрыялу ў адно з горацкіх сельгаспрадпрыемстваў, сёлета яго пасеюць і атрымаюць добры ўраджай. Такая бульба дазваляе атрымаць прыбаўку па ўраджайнасці ў 30–40%.

Аздараўлёны матэрыял прадаюць насельніцтву. «Неабходна праводзіць аздараўленне бульбы, якую людзі высаджваюць у сябе на градках. Таму што незразумела, якая там ідзе па ліку рэпрадукцыя. Як правіла, вырошчваць бульбу трэба да 4-га пакалення. А потым купляць 10 кг насеннага і аздараўлёнага матэрыялу. За два гады яго можна «разагнаць» да 30 сотак і атрымаць добры ўраджай», – сказаў загадчык кафедры.

Попыт у насельніцтва на аздараўлёную бульбу павялічваецца. «Такая бульба лепш расце, добра захоўваецца. Здаровы прадукт гарантуе добры густ, наяўнасць усіх карысных мікраэлементаў і вялікі ўраджай», – падсумаваў Міхаіл Дабродзькін.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая