RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Як у Магілёўскай вобласці павялічылі вытворчасць малака

За 2018–2019 гады Магілёўская вобласць страціла ад кожнай каровы ў сярэднім больш за паўтоны малака. На банкаўскія рахункі гаспадарак не паступіла больш за 70 мільёнаў рублёў. І гэта на фоне таго, што ў названы перыяд малочная галіна краіны прагрэсавала. Надвор’е калі і прыносіла непрыемныя сюрпрызы, то ўсім рэгіёнам. Значыць, справа была не ў ім, а ў кіраванні жывёлагадоўляй. Кіраўніцтва вобласці з 2019 г. змагло ў наступным годзе не толькі спыніць падзенне ў галіне, але і дасягнуць прагрэсу. За 2020 год на карову дадалі 261 кілаграм. За першае паўгоддзе 2021-га Магілёўская вобласць з апошняга, шостага месца ў краіне, паднялася на чацвёртае па надою ад каровы – 2087 кілаграмаў (плюс 151). У чым прычыны мінулых няўдач і як іх пераадольвалі?

Аляксандра Міхеенка на днях стала старшынёй Касцюковіцкага райвыканкама, да гэтага паўтара года ўзначальвала Чэрыкаўскі. Гутарылі мы з ёй яшчэ ў ранейшай пасадзе. Паводле яе слоў, як толькі прыехала ў Чэрыкаў, адразу стала разбірацца ў прычынах правалу ў жывёлагадоўлі. Высветлілася: кадраў хапае, дастаткова спецыялістаў, механізатараў, жывёлаводаў. Не было толькі парадку ў галіне. Людзі адносіліся да справы спусціўшы рукавы, Тэхналогія кульгала, падзёж нованароджаных цялятаў значна пераўзыходзіў дапушчальныя нарматывы.

– Трэба было, з аднаго боку, настроіць людзей на стварэнне, прапанаваць ім паверыць у свае сілы, нават, калі хочаце, натхніць, – дзеліцца Аляксандра Мікалаеўна. – З другога – прымусіць выконваць тэхналогію. А тых, хто ёю дрэнна валодае, навучыць.

Старшыня райвыканкама (эканаміст па адукацыі) добра ведала, што, як кажуць у народзе, малако ў каровы на языку:

– Змянілі падыходы да кармавой базы, дадалі бабовых траў. Раней на ўвесь раён была толькі 1 тысяча гектараў люцэрны, зараз – звыш 2,5 тысячы. Больш стала і канюшыны. Гэта значыць, што з тых жа плошчаў сталі атрымліваць больш эфектыўны корм, які дазваляе нарошчваць вытворчасць малака.

Яшчэ адзін напрамак – закрыццё неперспектыўных фермаў з летнім выпасам і даеннем у малакаправод, перавод адтуль кароў на сучасныя малочна-таварныя комплексы з беспрывязным круглагадовым стойлавым утрыманнем і даільнымі заламі. Вольныя месцы для гэтага ёсць. Да такіх пераменаў падштурхоўвае жыццё. У вёсках усё цяжэй знайсці пастухоў, ды і даярак па новай тэхналогіі патрабуецца менш. Зараз у раёне засталася адна ферма з малакаправодам. У наступным годзе яе ўжо не будзе.

Справы ў жывёлагадоўлі пайшлі лепш, у тым ліку і дзякуючы дапамозе бюджэту.

– Мы ўдзячныя кіраўніцтву аблвыканкама за тэхнічную падтрымку. З такімі надоямі, як у Чэрыкаўскім раёне (а, адпаведна, і слабым фінансавым станам), машыны і механізмы не давалі нават у лізінг – тлумачыць Аляксандра Міхеенка. – Летась вобласць купіла гаспадаркам раёна два кармаўборачныя камбайны і адразу сем збожжаўборачных, а таксама нямала розных механізмаў. Дапамагала палівам пры правядзенні палявых работ. Вылучала мінеральныя ўгнаенні. Азотам былі забяспечаны практычна пад поўную патрэбу. Гэта дазволіла летась сабраць збожжа на чвэрць больш, чым у 2019-м. У гэтым з-за засухі выйшла крыху менш, але сітуацыя не крытычная.

Хоць і сціплыя, але ўсё ж поспехі станоўча адбіліся на зарплаце ў сельскай гаспадарцы раёна. За 2020 год яна вырасла на 14 працэнтаў – да 700 рублёў, па выніках цяперашняга чакаецца прыбаўка яшчэ на 15 працэнтаў. Так, гэта значна ніжэй за сярэднерэспубліканскую па галіне. Але каб больш атрымліваць, трэба і больш надойваць малака – галоўнага грашовага тавару. А яшчэ – паляпшаць якасць. Бо толькі 10 працэнтаў малака ў раёне рэалізуецца гатункам экстра. Вось дзе велізарны фінансавы рэзерв.

Як ідуць справы ў асобных гаспадарках? У КСУП «Язерскі» Чэрыкаўскага раёна за 2019 год вытворчасць малака моцна ўпала: ад каровы надаілі толькі 1600 кілаграмаў. Горш не прыдумаеш. Летась дадалі 400 кілаграмаў. Новы кіраўнік Генадзь Ермакоў пачаў наводзіць парадак, у тым ліку патрабаваць выканання тэхналогіі, займацца маладняком, каб абнаўляць статак годнымі жывёламі. Раней люцэрну наогул не вырошчвалі. Цяпер яе 200 гектараў. У выніку за першае паўгоддзе 2021-га дадалі на карову яшчэ 500 кілаграмаў.

– Найбліжэйшая мэта, – кажа дырэктар, – закрыць старую ферму з малакаправодам, якая цягне нас уніз. Перавядзем адтуль кароў на малочна-таварны комплекс з даільнай залай. Там месцаў дастаткова, адпрацаваная тэхналогія. Думаю, прыбаўка малака будзе яшчэ большай.

За 2020 год сярэдняя зарплата ў гаспадарцы была 600 рублёў. Па выніках гэтага года чакаецца 700. Так, сціпла, але добра, што ёсць прагрэс.

Між тым значны прагрэс у жывёлагадоўлі не ўсюды. Напрыклад, у Касцюковіцкім раёне ён хоць і ёсць, але не такі відавочны. Па выніках працы за 2019-ы раён займаў 94 месца ў краіне па надоі малака ад каровы – 3299 кілаграмаў (мінус 489 да папярэдняга года). У той час як у 2020 годзе Магілёўская вобласць нарошчвала вытворчасць малака, у раёне падзенне працягнулася: 106 месца па надоі на карову – 2980 кілаграмаў (мінус 319). У першым паўгоддзі 2021 – га па гэтым паказчыку дасягнуты сціплы плюс – 18 кілаграмаў. Але да аднаўлення ранейшых пазіцый яшчэ далёка. У чым прычына страт тавару і грошай?

Першы намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Іван Антоненка на пасадзе два гады. Прычыны зрыву ў жывёлагадоўлі тлумачыць так:

– Востра не хапала тэхнікі. З-за гэтага не атрымлівалі патрэбны ўраджай збожжа, не маглі збалансаваць рацыёны канцэнтратамі. Ды і з травянымі кармамі былі праблемы. Іх па колькасці было дастаткова. Але недахоп машын для нарыхтоўкі прыводзіў да таго, што яна зацягвалася. Травы перастойвалі, гублялі карысныя рэчывы.

Сітуацыя стала паляпшацца пасля таго, як аблвыканкам раёну аказаў тэхнічную дапамогу. Летась закупілі шэсць энерганасычаных трактароў і столькі ж кормаўборачных камбайнаў, дзесяць пасяўных агрэгатаў і шмат іншых машын і механізмаў. У выніку працэс нарыхтоўкі кармоў паскорыўся, траншэі закладваюцца ў кароткія тэрміны, а значыць, сенаж і сілас сталі лепшай якасці. Таксама вырас ураджай збожжавых, што дазволіла даць жывёлам больш канцэнтратаў. І ўсё ж праблемы застаюцца, што не дазваляе хутка нагнаць упушчанае ў жывёлагадоўлі, сцвярджае Іван Антоненка:

– У раёне не хапае кадраў у сельскай гаспадарцы. У многіх сельгаспрадпрыемствах няма ні аднаго агранома, заатэхніка, ветурача. Мы часткова забруджаныя радыяцыяй ад аварыі на ЧАЭС, гэта адпалохвае спецыялістаў. Іх, а таксама і радавых работнікаў перацягваюць да сябе сельгаспрадпрыемствы Расіі, дзе больш плацяць: мяжа побач, ехаць нікому не забароніш. Які выхад?

– Ён у аптымізацыі колькасці ферм, – гаворыць начальнік райсельгасхарча. – Калі памяшканні старыя, з прывязной тэхналогіяй і летняй пашай, да таго ж і недахопам работнікаў – пераводзім кароў на сучасныя комплексы, а там пакідаем толькі бычкоў.

І ўсё ж нарошчваць вытворчасць малака ў раёне можна хутчэй, пра што сведчыць вопыт КСУП «Дзямідавіцкі». Тут у мінулым годзе дадалі 15 працэнтаў, у гэтым будзе прыкладна такі ж плюс. Пры гэтым грашовая прыбаўка яшчэ вышэйшая за кошт паляпшэння якасці, растлумачыў дырэктар Юрый Кісляк:

– Летась наогул не было малака гатунку экстра. Цяпер яго 30 працэнтаў. Мы падлічылі: за кошт павелічэння прадуктыўнасці кароў штомесяц на рахунак гаспадаркі дадаткова паступае 8 тысяч рублёў, а за кошт лепшай якасці – 12 тысяч.

Як жывёлаводам вобласці працаваць далей, каб фарсіраваць вытворчасць малака? Усім трэба вучыцца, адказвае намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Уладзімір Капусцін:

– Ва ўсіх раёнах праведзены семінары па пытаннях пераводу малочнага статка на стойлавае ўтрыманне і павелічэння вытворчасці прадукцыі. У іх удзельнічалі старшыні райвыканкамаў, начальнікі і спецыялісты ўпраўленняў па сельскай гаспадарцы і харчаванні, кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак, а таксама загадчыкі МТФ. Разглядалі усе тэхналагічныя пытанні. Не ўсюды ёсць заатэхнікі і ветурачы. Таму вырашылі, што на кожнай ферме павінна быць камп’ютарная праграма па складанні рацыёнаў. Трэба навучыць гэтаму загадчыкаў фермаў, каб яны ведалі пажыўнасць кожнага кампанента і ўмелі аператыўна карэктаваць рацыёны.

За 2020-ы 57 працэнтаў малака ў вобласці рэалізавана гатункам экстра, сёлета дадалі 10 працэнтаў. На рахункі гаспадарак дзякуючы гэтаму паступіла яшчэ звыш 4 мільёнаў рублёў. Але трэба рухацца далей. Таму аблсельгасхарч распрацаваў правілы атрымання якаснага малака і давёў да кожнай гаспадаркі. Гэтым правілам трэба настойліва вучыць кожную даярку і тлумачыць, што ад якасці малака залежыць яе зарплата.

Але што рабіць, калі даярак не хапае?

– Ставіцца задача з часам зачыніць у вобласці ўсе неперспектыўныя фермы са старой тэхналогіяй і перавесці даярак на сучасныя малочна-таварныя комплексы, – раскрывае планы Уладзімір Капусцін. – Месцаў для жывёл там хапае. Лепш арганізаваць дастаўку жывёлаводаў на МТК, чым трымаць іх на старой ферме. У выніку можна меншай колькасцю людзей атрымліваць больш прадукцыі.

Так, у вобласці ў апошні час нямала зроблена для павелічэння вытворчасці малака. Але наперадзе вялікая праца. Трэба яшчэ прыкласці нямала намаганняў для шліфоўкі тэхналогіі. Тады будзе больш прадукцыі і грошай.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая