RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«За 25 гадоў існавання «Анімаёўка» даказала сваю неабходнасць». Меркаванне

Майстар-клас «Анімацыя ў тваім смартфоне», які стаў часткай XV Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2022», правёў рэжысёр, прадзюсар, сцэнарыст, загадчык кафедры анімацыі і мультымедыя Маскоўскага дзяржаўнага інстытута культуры Сяргей Струсоўскі.

Асновы стварэння анімацыйных фільмаў пры дапамозе мабільных тэлефонаў і бясплатных праграм на працягу дзвюх гадзін спасцігалі не толькі каля 50 школьнікаў і навучэнцаў, але і дарослыя. Кіраўнік прыватнай установы культуры «Вектар АРТ» Сяргей Галушкін спецыяльна прыехаў з Гомеля.

– Сяргея Струсоўскага я ведаю па сацыяльных сетках. У нас ёсць чат аніматараў, якія кіруюць дзіцячымі студыямі мультфільмаў, – расказвае ён. – Убачыў у інтэрнэце, што ёсць магчымасць наведаць яго майстар-клас у Магілёве, і вырашыў не выпускаць магчымасць асабіста пазнаёміцца і, магчыма, наладзіць супрацоўніцтва. Мяне цікавіць усё: тэхнічная частка, праграмы, па якіх навучаюцца выкладчыкі і самі ўдзельнікі. Ды і проста пагутарыць.

Праект «Анімацыя ў тваім смартфоне» паўстаў як альтэрнатыва бескарыснаму праседжванню ў гаджэтах.

– Можна шмат казаць, што смартфон – гэта шкодна, але паспрабуйце забраць яго ў дзяцей і нават дарослых. Таму маё рашэнне – прапанаваць альтэрнатыву, якая заключаецца ў тым, каб школьнікі творча развіваліся, – удакладняе Сяргей Геогіевіч. – Зразумела, падчас майстар-класа мая асноўная задача не навучыць дзяцей за гэты абмежаваны адрэзак часу, а зацікавіць іх, задаць вектар творчага развіцця. Не абавязкова ў далейшым усе яны стануць мультыплікатарамі або рэжысёрамі. Навыкі можна выкарыстоўваць дзе заўгодна: ствараць аніміраваныя паштоўкі для блізкіх, рабіць цікавыя прэзентацыі сваіх праектаў, выкарыстоўваць у дызайне, рэкламе і многае іншае.

На «Анімаёўку» Сяргей Струсоўскі прыязджае вось ужо некалькі гадоў запар.

– Значэнне фестывалю, які за 25 гадоў існавання даказаў сваю неабходнасць, складана пераацаніць. Ён дае гледачу не толькі магчымасць пазнаёміцца з самымі цікавымі сусветнымі фільмамі. Маладое, падрастаючае, перспектыўнае пакаленне можа далучыцца да развіцця сямімільнымі крокамі галіны анімацыі. Праводзячы майстар-класы, я бачу вельмі таленавітых дзяцей. Некаторыя з іх ужо вучацца ў спецыялізаваных ВНУ, а ў Магілёве і іншых рэгіёнах Беларусі з’явіліся дзіцячыя анімацыйныя студыі. І ў гэтым уклад фестывалю ў развіццё дзіцячай анімацыйнай творчасці, – падкрэсліў госць.

 СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая