RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Завод «Тэхналіт» у Магілёве: гісторыя смелых рашэнняў і росту прыватнага бізнесу

Гісторыя завода «Тэхналіт» у Магілёве–гэта гісторыя смелых ідэй і дзіўнага росту: ад маленькага кааператыва тады яшчэ на ўскраіне горада да паспяховага прыватнага бізнесу з унікальнымі навуковымі і тэхналагічнымі распрацоўкамі. З моманту стварэння прыватную ініцыятыву падтрымлівае дзяржава. 22 чэрвеня 2016 года завод «Тэхналіт» наведаў Аляксандр Лукашэнка. Тады прэзідэнт адзначыў высокую эфектыўнасць і якасную арганізацыю вытворчых працэсаў на заводзе. Карэспандэнты БелТА адправіліся даведацца, як развівалася прыватнае прадпрыемства і ў чым жа сакрэт поспеху.

Прадпрыемства «Тэхналіт» спецыялізуецца на выпуску камплектуючых і запасных частак да аўтатрактарнай, дарожнай, чыгуначнай, сельскагаспадарчай, будаўнічай і спецыяльнай тэхнікі. Гэта першы завод у Беларусі, які займаецца выпускам разнастайных поршневых кольцаў і гільзаў цыліндраў са спецыяльных зносастойкіх чыгуноў, якія атрымліваюць новым метадам ліцця – намарожваннем. За яго распрацоўку і прамысловую рэалізацыю прыватнае прадпрыемства сумесна з інстытутам тэхналогіі металаў НАН Беларусі ўдастоена Дзяржаўнай прэміі ў галіне навукі і тэхнікі. Спецыялізуюцца на дробнай і сярэдняй серыйнай вытворчасці. Пачалося ўсё ў 1997 годзе, калі Аляксандр Бадзяка арганізаваў кааператыў «Тэхналіт». Цяпер тут працуюць яго жонка Ірына, сыны Андрэй і Канстанцін, родны брат Віктар. І яшчэ амаль 400 чалавек.

Трэба быць гатовым убачыць усё па-іншаму і ў нейкі момант усё скласці...

«Я скончыў машынабудаўнічы інстытут у Магілёве. Мае сыны таксама–здаецца, усе вучыліся ў адной ВНУ, толькі назва ў яе кожны раз новая была. Потым працаваў у Інстытуце тэхналогіі металаў у Магілёве, – расказвае дырэктар і заснавальнік завода «Тэхналіт» Аляксандр Бадзяка. – Я заўсёды быў бунтаром і лідарам. Мне прадказвалі вялікую грамадска-палітычную кар’еру. Я бачыў усё не так, як іншыя, заўсёды шукаў нейкія новыя варыянты і магчымасці. І я трапіў у сістэму Акадэміі навук. Навука–гэта тонкае і своеасаблівае мастацтва, дзе вельмі многае залежыць толькі ад цябе. Але каб атрымаць вынік, спачатку трэба назапасіць шмат ведаў, каб ведаць, куды ж далей ісці».

«Тады быў складаны час. Грошай не было, а было жаданне развівацца. Першыя станкі купляліся ужо былыя ва ўжыванні. Нешта трэба было абнаўляць, нешта ў іх мяняць. І ўсе першыя распрацоўкі–гэта ўсё ад недахопу грошай. Такая банальная прычына прымушала рухацца, – падзяліўся дырэктар прыватнага прадпрыемства. – Усе адкрыцці– гэта выпадак. Але каб зачапіцца за гэты выпадак, трэба быць да яго гатовым, трэба быць гатовым убачыць усё па-іншаму: узяць па крупінках адтуль і адтуль, а потым у нейкі момант усё скласці. Пасля зваркі я трапіў у ліццё. Я ў ім мала што разумеў. Начамі сядзеў з кніжкамі і канспектамі ў адной руцэ, а ў другой–трымаў соннага сына. Вучыўся, разбіраўся. У нейкі момант сфарміравалася сваё бачанне, адрознае ад звыклых. З мяне смяяліся. А я працягваў шукаць».

У нейкі момант Аляксандр Бадзяка «ахаладзеў да навуковых кніжак», але працягнуў працу ў інстытуце. «Усё, думаю. Не тое. Трэба шукаць для навукі нейкае прыкладное прымяненне. У першым кааператыве нас было 12 чалавек. На сваім абсталяванні навучыліся вырабляць поршневыя кольцы. Попыт на іх быў, адпаведна, і нейкія грошы таксама. Я быў упэўнены, што гэтыя грошы трэба ўкладваць у вытворчасць, але не ўсе з гэтым згаджаліся», – успамінае ён. Пазней той, першы кааператыў разваліўся. Аляксандру Бадзяку спадабалася вытворчасць – для яго гэта стала фізічным увасабленнем прац і ведаў. І за гэта ўвасабленне ўдавалася атрымліваць грошы. Пазней Аляксандр сышоў з інстытута тэхналогіі металаў.

Жаданне развівацца далей здабыло форму ў выглядзе малога прадпрыемства «Тэхналіт», з паўразбуранага будынка на ўскраіне горада, дзе на даху раслі дрэвы. Паступова яго пачалі аднаўляць і наладжваць невялікую вытворчасць.

«Ужо быў невялікі вопыт, пазнаёміўся з дырэктарамі вядучых заводаў. Яны ўзялі мяне пад сваё крыло. Крок за крокам, патроху стаў асвойвацца ў камерцыйнай і вытворчай дзейнасці», – адзначыў Аляксандр.

Усё пачыналася тут з механічнай апрацоўкі. Ліццё тады было ў Інстытуце тэхналогіі металаў – у арэнду бралі абсталяванне. Пачыналі з малога: для гэтага патрабавалася менш рэсурсаў. Высокая эфектыўнасць вытворчасці, невялікія партыі і невысокі кошт–так занялі сваю нішу на рынку. Паступова разрасталіся, з’явілася неабходнасць купляць печкі.

«Я ўжо казаў, што я не ліцейшчык. Напэўна, таму лічыў, што многае яны робяць неяк не так. Такі вось бунтар. Печы трашчаць, іх пастаянна рамантуюць. Дадаюць нешта ў склад – і ўсё роўна на выхадзе не тое, што павінна быць. Я быў упэўнены, што ўсё можна рабіць па-іншаму, нягледзячы на тое, што так прывык працаваць увесь свет. І мы мянялі, дапрацоўвалі, прыдумвалі», – расказаў Аляксандр.

«Тэхналіт» сучасны

На «Тэхналіце» працуе амаль 400 чалавек, сярэдні ўзрост супрацоўнікаў–36 гадоў. Тут не толькі ствараюць дэталі для караблёў, танкаў, цягнікоў, трактароў і іншых прылад, але і навучыліся распрацоўваць і будаваць нават станкі. Разам з Аляксандрам тут працуе ўся яго сям’я.

«Мне пашанцавала з дзецьмі. Старэйшы сын Андрэй аказаўся з добрай камерцыйнай жылкай. Ён тонка адчувае, дзе можна зарабіць. Менавіта зарабіць, а не кагосьці абабраць. Тонка і ўмела займаецца закупкай новага сучаснага абсталявання. Малодшы Канстанцін–моцны вытворца. У многіх аспектах яны лепш за мяне і лепшы працяг мяне. Кожны таленавіты, кожны лідар і яркая асоба. Са мной працуе жонка–вельмі добры праграміст. Пастаноўка электроннага бухуліку на заводзе–гэта ўсё яна. Мне пашанцавала, што яны не толькі працуюць са мной, але і імкнуцца прыўнесці нешта новае, – падзяліўся дырэктар. – Мы не любім словазлучэнне «сямейны бізнес». Сямейны ён–гэта калі, акрамя сям’і, тут ніхто больш не працуе. А як жа тыя, хто стаіць за станкамі, хто працуе ў ліцейцы і аддзеле збыту? Людзі тут таксама працуюць, і яны маюць да нашай справы такое ж дачыненне, як я і мае сыны. Прычым многія таксама працуюць сем’ямі. Кожны чалавек уносіць свой уклад у стварэнне якаснага і запатрабаванага на рынку прадукту».

Адказны за кадры на «Тэхналіце» і намеснік дырэктара па вытворчасці – Канстанцін Бадзяка. Ён расказаў пра тое, як пачынаў сваю працоўную дзейнасць на заводзе. «Як і ўсе, пачынаў з падсобнага рабочага. Вучыўся працаваць і на станках, і ў ліцейным цэху. Ніякіх патуранняў мне не рабілі, і гэта добра. Таму была магчымасць самому адчуць метал рукамі, зразумець, якая гэта цяжкая праца», – падзяліўся Канстанцін.

Кіраўніцтва «Тэхналіта» зацікаўленае ў тым, каб на вытворчасці працавалі высокакваліфікаваныя супрацоўнікі. Зараз тут кожны трэці – з вышэйшай адукацыяй. Падрыхтоўцы будучых кадраў на заводзе надаюць асаблівую ўвагу. «Мы пачынаем працаваць са студэнтамі трэцяга курса Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Хлопцаў чакае той жа «творчы шлях», што быў у мяне. Дзяўчат, зразумелая справа, за станкі не ставім. Яны ў нас у аддзеле кантролю якасці працуюць. Але калі ў нейкі момант студэнт кажа, што можа вучобу прагуляць, а на працу выйсці – такое тут не вітаецца. Вучоба павінна быць у прыярытэце. Таму што трэба спачатку набраць дастатковую колькасць тэарэтычных ведаў, перш чым пераходзіць да іх практычнага ўжывання», – падкрэслівае намеснік дырэктара.

Канстанцін зладзіў экскурсію па заводзе–гэта некалькі вялікіх карпусоў, дзе размясціліся цэх па вытворчасці гільзаў цыліндраў, поршневых кольцаў, ліцейны цэх, служба тэхнічнага кантролю, канструктары, інжынеры і многія іншыя. У кожным цэху ідзе добра адладжаная праца, і мэта ва ўсіх адна–якаснае выкананне сваіх абавязкаў на кожным этапе вытворчасці. Нядаўна тут з’явілася новае вялікае памяшканне–гэта будзе цэх па вытворчасці нестандартнага абсталявання. Адной з такіх распрацовак стаў ханінгавальны станок, паспяхова ўкаранёны ў вытворчасць. А вось ліцейны цэх–гэта практычна сэрца «Тэхналіта». У месяц тут атрымліваюць каля 600 т чыгуну. Гэта прыгожая, але небяспечная вытворчасць, дзе патрэбна дакладнасць і акуратнасць.

У адным з цэхаў мы сустрэлі Аляксандра Галанава, які працуе на «Тэхналіце» з 1998 года.

«У маёй працоўнай кніжцы ўсяго два запісы. Да «Тэхналіта» 13 гадоў працаваў на «Электрарухавіку». Але ў завода былі складаныя часы, падпрацоўваў у Інстытуце металаў. Там пазнаёміўся з Аляксандрам Бадзякам. Так і прыйшоў да яго, калі тут працавала ўсяго 20 чалавек, – успамінае мужчына. – Я разам з заводам прайшоў вялікі шлях, былі і складаныя часы. Але сысці ніколі не думаў. Нельга кідаць карабель, на якім плывеш. Зараз «Тэхналіт»– завод з добрай гісторыяй, вялікім калектывам і падрыхтаванымі спецыялістамі. І я ўпэўнены, што ў нашага карабля вялікая будучыня».

На тэрыторыі завода ёсць невялікая сталовая. Тут працуе ўсяго 5 чалавек. Кожны дзень супрацоўнікам прапануюць паўнавартасны комплексны абед, і кожны дзень ён новы. Стравы ў меню паўтараюцца раз на два тыдні. Больш за 60% кошту абеду датуе прадпрыемства.

«Нельга патрабаваць ад людзей поўнай аддачы ў працы, калі не стварыў для іх адэкватныя ўмовы працы. Нашы супрацоўнікі, іх магчымасць рэалізаваць свае веды і здольнасці на працоўным месцы –адзін з найважнейшых вектараў працы адміністрацыі. Людзям павінна быць камфортна ва ўсім: ад працоўнага месца да месца адпачынку. І мы стараемся цалкам забяспечыць іх, у ліку іншага, карыснай, смачнай і разнастайнай ежай. А для тых, хто захоўвае якія-небудзь дыеты або прынёс абед з сабой, абсталяваны спецыяльныя пакоі», – падкрэсліў Канстанцін.

Намеснік дырэктара ўпэўнены, што галоўны і эфектыўны элемент поспеху любога прадпрыемства–сістэма заахвочвання супрацоўнікаў. «Чалавек павінен ведаць, што за вынікі працы, якія адрозніваюцца ад іншых, ён атрымае іншую аплату. І ад гэтага нікуды не падзецца. Мы ўсе працуем не толькі дзеля ідэі, але і для таго, каб зарабіць. Нашым дагаворам прадугледжаны разнастайныя выплаты да святаў, нараджэння дзяцей. Мы падтрымліваем і тых, хто трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю, калі хтосьці захварэў ці страціў сваяка»,–расказаў ён.

Зараз «Тэхналіт»– гэта паспяховая прыватная вытворчасць, якая супрацоўнічае з многімі вядучымі прадпрыемствамі рэспублікі: Беларуская чыгунка, БелАЗ, МТЗ, Барысаўскі завод агрэгатаў і многія іншыя, для якіх«Тэхналіт» з’яўляецца адзіным пастаўшчыком камплектуючых. Магілёўскі завод больш за 60% сваёй прадукцыі пастаўляе на рынкі суседніх краін, Блізкага Усходу, Афрыкі. Вытворчасць бесперапынна пашыраецца. За апошнія тры гады яго аб’ём павялічаны ў 2,2 разы, у 1,5 разы вырас заробак.

На «Тэхналіце» паспяхова працуюць над новым амбіцыйным праектам. Гэта вуглевыпальвальныя комплексы бесперапынна-цыклічнага дзеяння для вытворчасці драўнянага вугалю з тэхнічнай драўніны. Распрацоўка ўласная. Комплексы новага пакалення ў сусветнай практыцы. Экалагічна чыстыя (што асабліва важна), энергаэфектыўныя і высокапрадукцыйныя, са стабільна высокай якасцю вугалю.

«Няма ніякага сакрэту поспеху. Любоў да сваёй справы, падтрымка блізкіх, справядлівае стаўленне да супрацоўнікаў–вось, напэўна, шчаслівая формула. Нетрэба баяцца быць непадобным на іншых, трэба верыць у сябе, шукаць новыя шляхі і не баяцца вучыцца. І заўсёды памятаць, што права на памылку ёсць у кожнага. Менавіта памылкі прымушаюць нас шукаць нешта новае і працягваць працаваць», – падсумаваў дырэктар завода «Тэхналіт» Аляксандр Бадзяка.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая