RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Клімавіцкі раён паспяхова развіваецца і адраджаецца дзякуючы дзяржаўным Чарнобыльскім праграмам

Будпляцоўкі выклікаюць аптымізм.

Толькі дзякуючы падтрымцы дзяржавы і Прэзідэнта на пацярпелых ад аварыі землях наладжана нармальнае жыццё людзей

Аляксандр Лукашэнка:

«Мы будзем рабіць усё для таго, каб населеныя пункты (не толькі раённыя цэнтры, але і пасёлкі, аграгарадкі) былі ў такім вось добрым стане. Паляпшаючы лугавыя землі, прыводзячы ў парадак населеныя пункты, ствараючы сучасную інфраструктуру, мы вярталі да жыцця гектар за гектарам. Сёння мы бачым, што колькасць населеных пунктаў з перавышэннем дапушчальных узроўняў радыяцыйных пробаў зніжаецца. Але галоўнае – мы вырабляем сельскагаспадарчую прадукцыю, якую можна ўжываць у ежу. Тут жывуць людзі, ствараюцца сем’і, нараджаюцца дзеці».

У Клімавіцкім раёне радыяцыя закранула 29 населеных пунктаў і сам райцэнтр, было адселена 16 вёсак. Святлана Папялышка нарадзілася ў Клімавічах праз тры гады пасля Чарнобыльскай аварыі. Пра тое, як яе бацькоў разам з аднавяскоўцамі высялялі з вёскі Аляксандраўка, яна ведае са слоў сваякоў:

– Мама з татам працавалі ў калгасе, у іх ужо было двое дзяцей, яны толькі пабудавалі дом сваімі рукамі – і тут грымнуў Чарнобыль. Ім далі жыллё ў райцэнтры, вёску пахавалі.

Самы доўгачаканы праект сям’і Папялышкі – рамонт у новай кватэры. Ключы бацькі траіх дзяцей атрымалі яшчэ ў кастрычніку. Спецыяльна выбралі варыянт без аздаблення: муж па прафесіі будаўнік, вырашылі ўладкаваць інтэр’ер сваімі сіламі і на свой густ. Да таго ж, малодшай Машаньцы не было і двух гадоў, з пераездам не спяшаліся. Святлана кажа, што яе бацькі ў свой час аб такім нават не марылі:

– Нам, як сям’і з трыма дзецьмі, 75 працэнтаў кошту кватэры пагасіла дзяржава, будаваліся па льготным крэдыце. Я юрыст, муж зараз займаецца міжнароднымі перавозкамі. Старэйшая дачка Даша займаецца ў музычнай школе, 5-гадовы Ягорка ўзяў бронзу на вобласці са сваёй даследчай працай. Звычайная шчаслівая сям’я.

Побач з 20-кватэрным домам, дзе атрымала кватэру сям’я Папялышка, будуецца другая секцыя – яшчэ плюс столькі ж кватэр, а да канца года іх стане 60. Сярод інструментаў дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жылля для жыхароў райцэнтра, акрамя ўказа № 240 (які прадугледжвае прадастаўленне асобным катэгорыям грамадзян субсідыі на выплату часткі працэнтаў за карыстанне крэдытамі), дзейнічае ўказ № 235 «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці». У гэтым выпадку крэдыт на будаўніцтва вылучаецца на 20 гадоў пад адзін працэнт гадавых.

На гэтай жа вуліцы завяршаецца капітальны рамонт з мадэрнізацыяй будынка, куды пераедзе школа № 4:

– Пакуль заняткі ідуць у пасляваеннай пабудове, – расказвае дырэктар Антаніна Шышанок. – Якраз у верасні наша школа святкуе 75‑гадовы юбілей. І вось такі падарунак мы атрымліваем ад дзяржавы! Цяпер у нас 230 вучняў, але ўжо многія бацькі, чые дзеці вучацца ў іншых школах, пытаюцца пра магчымасць да нас перавесціся. Калі ў старой школе ў нас сталовая знаходзілася ў асобнай пабудове, спартзала была прыстасаванай, то па новай прапісцы ў нас будзе ўсё самае сучаснае: прасторныя кабінеты, уцепленыя сцены, новая мэбля.

Намеснік старшыні Клімавіцкага райвыканкама па будаўніцтве Аляксандр Шапкін лічыць, што будпляцоўкі – гэта заўсёды падстава для аптымізму:

– Што тычыцца жыллёвага будаўніцтва, у нас ужо гатовы праект 60‑кватэрнага сацыяльнага дома. Фінансаванне чакаецца за кошт тэхніка-эканамічнай дапамогі Кітая. Будзем рэканструяваць мост, праводзім капітальны рамонт жылых дамоў. У канцы студзеня адбылося адкрыццё новага гандлёвага аб’екта Клімавіцкага райста «Родны кут». У нашым раёне будуюць першы ў галіне свінагадоўчы рэпрадуктар.

Заказчыкам рэпрадуктара на 3,6 тысячы свінаматак выступіў Клімавіцкі камбінат хлебапрадуктаў. Кошт комплексу – больш за 70 мільёнаў рублёў. Для Клімавіцкага КГП гэта яшчэ адзін буйны спажывец камбікармоў, для мясцовага ПМК – аб’ёмы работ, а для вяскоўцаў – каля сотні новых працоўных месцаў.

Намеснік старшыні райвыканкама ў эканоміцы Сяргей Гасюль мяркуе, што на пацяпленне інвестыцыйнага клімату паўплывалі льготы і прэферэнцыі, прапісаныя ва ўказе Прэзідэнта «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці»:

– Яшчэ адзін буйны інвестпраект – ТАА «Вугляград»: больш за 2,8 мільёна рублёў інвестыцый, паўсотні працоўных месцаў. Прадукцыя імпартаарыентаваная: экалагічны драўляны вугаль і вугальныя брыкеты, зробленыя па новых тэхналогіях. Цікавяцца інвестары вытворчымі памяшканнямі былой птушкафабрыкі і пытаюцца, ці дамдзім зямлю. Аграбізнес цяпер у інвестараў у трэндзе. У нас у раёне 24 фермеры, камерцыйных арганізацый усяго каля 90, ІП – 480.

Прадпрыемства сельскагаспадарчага профілю ТАА «ЭнергаАграІнвест» зарэгістравалі год таму. Па восені пасеялі азімыя рапс і збожжавыя. У планах на гэтую пасяўную – яравыя і кукуруза на збожжа. Заснавальнікі – дзве арганізацыі: беларуская і расійская. Дырэктар Аляксандр Саўчанка тлумачыць, што бізнес-падыход заключаецца ў мінімізацыі выдаткаў, а прэферэнцыі ад дзяржавы – добрая дапамога для старту:

– Зямлі сёння ў нас пакуль 3200 гектараў. Гэта выдаленыя ўчасткі, прыйшлося распрацоўваць зямлю, дзесьці высякаць хмызняк, але ўсё ўкладанні акупяцца. Мы супрацоўнічаем з навукоўцамі, каб мінімізаваць выдаткі пры павышэнні ўраджайнасці. Па праграме развіцця паўднёвага ўсходу наш бізнес-праект атрымаў перамогу ў конкурсе, і нам будуць перададзены былыя склады зернесушыльнага комплексу. Пакуль на сезон плануем працаўладкаваць да 30 чалавек, прапануем годны заробак. Рапс будзем перапрацоўваць самі, установім лінію. Сёння інвестар ідзе на паўднёвы ўсход, таму што створаны прывабныя ўмовы. Нашы заснавальнікі – выхадцы з простых сем’яў, ад зямлі, яны не з месяца зваліліся і разумеюць, што сельгаспрадукцыя ў сітуацыі, якая склалася ў свеце, ў кошце. І ўжо на самую блізкую перспектыву ў нас у планах пашырэнне.

Аграрыі ў КСУП «Палошкава» спрабуюць урваць кожную пагодлівую хвіліну: дажджы не даюць тэхніцы ўз’ехаць на палі. Ратуе, што на адным з участкаў глебы пясчаныя. Ранніх яравых зерневых трэба пасеяць пад паўтары тысячы гектараў. Галоўны аграном Уладзімір Макшанін перакананы, што ўкладуцца ў тэрміны, бо тэхніка высокапрадукцыйная:

– Калі браць у разлік толькі энерганасычаныя агрэгаты, то на ўзворванні ў нас два трактары, тры – на падрыхтоўцы глебы, яшчэ пара – на пасеве. І такое папаўненне машынна-трактарнага парку адбылося дзякуючы указу Прэзідэнта аб развіцці паўднёвага ўсходу. А добрая тэхніка – гэта палова поспеху.

Больш за 300 адзінак тэхнікі прыйдуць сёлета ў сельгаспрадпрыемствы паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці, на ўмацаванне машынна-трактарнага парку будзе накіравана 27,2 мільёна рублёў.

Тэхнічнае пераўзбраенне сельгаспрадпрыемстваў паўднёва-усходняга рэгіёна па ўказе Прэзідэнта пачалося ў 2018 годзе. Клімавіцкія аграрыі за ўсе гэтыя гады атрымалі каля 250 адзінак сельгастэхнікі, з якіх 35 машын з разраду складанай. У гэтым тэхнічнае падмацаванне складзе 48 машын і агрэгатаў. Фронт работ на пасяўную ў раёне – 8,2 тысячы гектараў з кукурузай, больш за 10 тысяч – азімыя. Паліва хапае, усю запланаваную тэхніку адрамантавалі ў тэрмін, калі спатрэбіцца, пяройдуць на працу ў дзве змены. Ёсць усё, каб укласціся ў агратэхнічныя тэрміны.

Галоўны аграном Уладзімір Макшанін кажа, што зямля яшчэ захоўвае памяць аб Чарнобыльскім попеле. Ёсць і ў іх гаспадарцы ўчасткі раллі, дзе з дапамогай дзяржпадтрымкі праводзяцца ахоўныя мерапрыемствы: унясенне фосфарна-калійных угнаенняў, вапнаванне глеб. І ўсё гэта, а таксама час дае вынік. З 1998 года да цяперашняга часу ў Магілёўскай вобласці праведзены мерапрыемствы па вяртанні ў сельскагаспадарчы абарот з катэгорыі радыяцыйна небяспечных каля 2800 гектараў зямель.

У механізатара Аляксандра Семчанкі гэта ўжо 20-я пасяўная. Новенькі МТЗ-1523 прыбыў у гаспадарку напярэдадні. Калі б не дажджы, наракае Аляксандр, у дзень бы па 30, а то і па 50 гектараў на такой машыне засяваў!

– Зямля – яна такая, спагадная, – разважае Аляксандр Семчанка. – Чалавечая безадказнасць можа нанесці ёй шкоду, прывесці да катастрофы. Але чалавечая праца здольная яе адрадзіць!

У ТЭМУ

Катастрофа на Чарнобыльскай АЭС прывяла да радыеактыўнага забруджвання каля 40 працэнтаў плошчы Магілёўскай вобласці, пацярпела 14 раёнаў, было выведзена з севазвароту больш за 50 тысяч гектараў сельскагаспадарчых зямель. На рэалізацыю мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на ЧАЭС у Магілёўскай вобласці запланавана вылучыць да 60 мільёнаў рублёў.

Летась па чарнобыльскай праграме ў вобласці выкананы работы па газіфікацыі прыродным газам жыллёвага фонда Слаўгарадскага раёна, працягнуты работы па газіфікацыі жыллёвага фонда Чэрыкаўскага, Быхаўскага і Краснапольскага раёнаў. Станцыі па абезжалезванні вады пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю ў Магілёўскім, Чавускім, Быхаўскім і Крычаўскім раёнах. У аграгарадку Ваўкавічы Чавускага і вёсцы Следзюкі Быхаўскага раёна ўведзены ў эксплуатацыю артэзіянскія свідравіны, праведзена рэканструкцыя каналізацыйнай гаспадаркі ў Чэрыкаве і Быхаве. Праведзены капітальны рамонт дарог і вуліц у Слаўгарадзе, Чэрыкаве, Быхаве, вёсках Чавускага і Касцюковіцкага раёнаў.

Уведзены ў эксплуатацыю кардыяхірургічны корпус Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы. Пабудаваны сеткі гарачага водазабеспячэння да лячэбных карпусоў Краснапольскай ЦРБ. У Быхаве капітальна адрамантаваны дзіцячы сад, у Касцюковічах пабудаваны раённы цэнтр культуры. Для ўстаноў адукацыі Быхаўскага, Краснапольскага і Слаўгарадскага раёнаў закуплена пяць школьных аўтобусаў. Штогод у вобласці 100% дзяцей, якія пражываюць і навучаюцца на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях, адпраўляецца на санаторна-курортнае лячэнне, калі па медыцынскіх паказчыках маюць патрэбу ў такім.

З 1998 года праведзены мерапрыемствы па вяртанні ў сельскагаспадарчы абарот з катэгорыі радыяцыйна небяспечных каля 2800 гектараў зямель. Збожжа, бульба і гародніна, што вырабляюцца сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі вобласці і ў асабістых падсобных гаспадарках, адпавядаюць патрабаванням санітарна-гігіенічных нарматываў па ўтрыманні цэзію-137 і стронцыю-90.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая