RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У рытме зумбы прайшла «Народная зарадка» ў Магілёве

На адкрытай пляцоўцы ля Палаца гімнастыкі зарадзіцца добрым настроем і бадзёрасцю прыйшлі каля 200 чалавек. Падтрымала актыўных гараджан бронзавы прызёр летніх алімпійскіх гульняў 1996 года ў Атланце па веславанні на байдарках і каноі, шматразовы пераможца і прызёр этапаў Кубка свету Наталля Лаўрыненка.

«Любое спартыўна-масавае мерапрыемства - гэта заўсёды свята як для дзяцей, так і дарослых. А яшчэ такія народныя зарадкі - выдатны спосаб далучыць людзей да спорту. Нехта з хлопцаў паглядзіць на нас сёння і, можа, задумаецца над тым, а ці не знайсці сабе якую-небудзь секцыю. Бо займацца спортам - гэта выдатна. Тут прывіваецца працавітасць і стараннасць, адказнасць і дысцыпліна - гэтыя якасці важны і патрэбны на працягу ўсяго жыцця, - сказала яна. - Зарадка - гэта зарад бадзёрасці на ўвесь дзень. Тыя, хто робяць зарадку па раніцах, заўсёды выйграюць. І сёння народная зарадка для многіх можа стаць матыватарам, увесці такую добрую звычку ў свой рэжым дня. Я таксама стараюся рабіць зарадку раніцай, але часам прапускаю. А сёння, думаю, уражуся прыкладам хлопцаў і сама буду менш прапускаць такую патрэбную і карысную справу».

Задалі тон народнай зарадцы выхаванцы аддзялення мастацкай гімнастыкі Палаца гімнастыкі «Багіма». Прыгожае і прафесійнае выступленне маладых спартсменак запаліла ўдзельнікаў зарадкі: яны апладзіравалі ім, а хтосьці нават пачаў танчыць пад гукі знаёмай песні.

Па традыцыі зарадка пачалася з размінкі. Нескладаныя, але карысныя для цела рухі дэманстравала загадчыца аддзела праграмнай і арганізацыйна-кадравай работы Магілёўскага абкама БРСМ Анастасія Краўцова, за ёй актыўна паўтаралі і дарослыя, і дзеці. «У нас вельмі актыўная і класная моладзь. А таму народная зарадка для магілёўскай моладзі - ужо добрая звычка, да якой хлопцы заўсёды актыўна падключаюцца. Тут мы атрымліваем зарад бадзёрасці, добрага настрою і пазітыву. Магу нават па сабе сказаць, што пасля такой зарадкі падвышаецца працаздольнасць, ты пачуваешся мацней, гатовы пакарыць любыя вяршыні, - распавяла яна. - Як паказвае досвед такіх мерапрыемстваў, да маштабных зарадак заўсёды далучаюцца мінакі. І гэта вельмі здорава».

Як адзначыла Анастасія Краўцова, любоў да спорту - гэта адметная рыса беларусаў. «Спорт вучыць устойлівасці і дысцыпліне, працавітасці, жаданню расці і развівацца. У нас спартовая краіна, і наш Прэзідэнт заўсёды падкрэслівае, што спорт - гэта тое, што ў нас развівае толькі самае лепшае і станоўча ўплывае на ўстойлівае развіццё краіны і яе росквіт», - падзялілася яна.

Пасля гэтага надышоў этап самай актыўнай і яркай часткі спартыўнага свята - удзельнікам прапанавалі развучыць нескладаныя рухі і станцаваць у стылі зумбы. Не ўсё атрымлівалася з першага разу, хтосьці часам не трапляў у такт, але на пазітыве і добрым настроі ўдзельнікаў гэта не адбівалася, бо народная зарадка - гэта не толькі пра спорт і ідэальна выкананыя рухі і практыкаванні. Гэта пра згуртаванне, пазітыў і сяброўства.

Адной з удзельніц народнай зарадкі стала навучэнка Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Юлія Качмарава. Дзяўчына падзялілася, што ў такім свяце ўдзельнічае ўпершыню. «Мы прыйшлі з аднагрупнікамі і аднагрупніцамі. Я сама займаюся спортам - бегаю, а таму з задавальненнем прыйшла паўдзельнічаць у зарадцы, - сказала яна. - Гэта насамрэч класная магчымасць правесці час з карысцю, пагутарыць з рабятамі па-за сценамі каледжа. А яшчэ навучыцца нечаму новаму. Мы пераканаліся на сабе - тут выдатна, весяла і крута. Кожны з нас атрымаў зарад добрага настрою».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая