RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Рэспубліканскі форум маладых мытнікаў прайшоў у Магілёве

13 кастрычніка ў Магілёве прайшоў II форум першасных арганізацый ГА "БРСМ" мытных органаў, у якім прынялі ўдзел маладыя спецыялісты з усіх рэгіёнаў краіны. Магілёўская мытня стала пляцоўкай для актыўнага дыялогу таленавітай моладзі, якая знайшла сваё пакліканне ў служэнні на карысць Радзімы і абароне яе эканамічных рубяжоў. Упершыню форум «Мытня без межаў» прайшоў у анлайн-фармаце ў 2022 годзе.

Удзел у мерапрыемстве прынялі каля 40 маладых мытнікаў, работнікаў ведамаснага інстытута і Магілёўскай філіі «Белмытсэрвіс». А таксама начальнік Магілёўскай мытні Дзмітрый Гурыновіч і яго намеснік Вікторыя Альшэўская, старшы інспектар аддзела прававой і кадравай работы Аператыўнай мытні Анастасія Нянашава, начальнік рэгіянальнага аддзялення па Магілёўскай вобласці Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД) Алег Каропаў, другі сакратар Магілёўскай АК ГА «БРСМ» Магілёўскай вобласці Алег Бойка.

Праграма форуму была насычаная цікавымі выступамі прадстаўнікоў мытняў і запрошаных спікераў. Перад пачаткам удзельнікі азнаёміліся з сумесным праектам інфармагенцтва «Магілёўскія ведамасці» і УКДБ па Магілёўскай вобласці «Імёны, якія сталі легендай...», які расказвае пра герояў Вялікай Айчыннай вайны. Экспазіцыя ўключае ў сябе дзесяць фотаілюстраваных планшэтаў з эксклюзіўнай інфармацыяй – архіўныя дакументы, фатаграфіі, даныя і гісторыі пра байцоў спецатрада НКУС «Слаўны», успаміны як саміх герояў, так і іх дзяцей і таварышаў па службе.

- Моладзь - ініцыятыўная і энергічная. Сёння кожны з удзельнікаў запазычыць для сябе ідэі, якія яны змогуць ажыццявіць на месцах, - упэўнены Дзмітрый Гурыновіч. - Маладое пакаленне заўсёды дае штуршок да далейшага развіцця, у тым ліку і мытнай службы. Кіраўніцтвам Дзяржаўнага мытнага камітэта заўсёды ўдзяляецца вялікая ўвага маладым супрацоўнікам, іх развіццю і прафесійнаму станаўленню. На першапачатковым этапе галоўная задача ўліцца ў калектыў і атрымаць падтрымку вопытных калег. Аднак не менш важны абмен оптам і сярод самых маладых спецыялістаў з розных абласцей краіны. На палях форуму ў іх ёсць магчымасць завесці новыя асабістыя знаёмствы, каб у далейшым мець магчымасць дапамагаць адзін аднаму ў рабоце. Так, магілёўскім калегам з унутраных пунктаў афармлення, будзе цікавы досвед працы памежнай інфраструктуры, і наадварот. Вядома, цыфравізацыя мытных органаў, якая знаходзіцца на дастаткова высокім узроўні, дае шэраг пераваг, як для супрацоўнікаў мытняў у частцы абмену інфармацыяй, так і для ўдзельнікаў знешнеэканамічнай дзейнасці (хуткасць апрацоўкі інфармацыі, скарачэнне часу правядзення мытных аперацый і г.д), але з кропкі зроку прафесійнай дзейнасці, як бы не развіваліся тэхналогіі, нішто не здольна замяніць жывыя зносіны і асабісты абмен досведам. Менавіта гэтыя мэты і ставіць перад сабой форум.

Падзяліліся меркаваннем і маладыя мытнікі.
 
- Форум вельмі актуальны, у першую чаргу, як пляцоўка па абмене вопытам паміж маладымі спецыялістамі, - адзначыў галоўны інспектар Магілёўскай мытні Віктар Лужкоў. - Бо ў кожным рэгіёне ёсць свае спецыфічныя працоўныя моманты, якія цікавыя. Таксама асабістыя зносіны дапамагаюць нам, маладым спецыялістам, адаптавацца на працоўным месцы. Даведацца ў больш дасведчаных калег сакрэты прафесіі, напрыклад, метады запамінання вялікай колькасці інфармацыі, з якой мае справы кожны мытнік.

- Мерапрыемствы, якія праходзяць у такім фармаце карысныя тым, што яны аб'ядноўваюць калег з усёй краіны, - працягвае галоўны інспектар аддзела ідэалагічнай работы Гомельскай мытні Яўген Нікіценка. - Гэта вельмі важна, бо мытня ў нашай краіне - гэта адзіны «арганізм», і ад якаснага функцыянавання ўсіх яго структурных падраздзяленняў залежыць якасць і вынік працы ў цэлым. Асабліва хочацца адзначыць, што тэма ІІ форуму закранае пытанні патрыятычнага выхавання, яднання народаў Беларусі і Расіі. Мытнікі дакладна ведаюць, што толькі адзінства мэт, поглядаў і прынцыпаў работы з'яўляецца залогам забеспячэння эканамічнай і палітычнай бяспекі краіны, яе цэласнасці. Праз нейкі час і нам на змену прыйдуць маладыя мытнікі, якім жадаецца пажадаць мэтанакіраванасці, усведамленні важнасці прафесіі і працавітасці. А мы, нароўні са старэйшым пакаленнем мытнікаў, гатовы падаваць ім прыклад, дапамагаць і падтрымліваць у рабоце, як зараз паступаюць вопытныя калегі ў адносінах да нас.

- Спадзяюся, што форум год ад года будзе расці і ўдасканальвацца, - падзялілася галоўны інспектар аддзела ідэалагічнай работы Мінскай рэгіянальнай мытні Алена Чарапавіч. - Кожны малады спецыяліст-мытнік сутыкаецца з шэрагам цяжкасцей, але разуменне той важнай місіі, якая ўскладзена на супрацоўнікаў мытні дзяржавай (забеспячэнне эканамічнай бяспекі краіны - аўт.), дапамагае спраўляцца з прафесійнымі абавязкамі. Што тычыцца тэмы форуму - яна, безумоўна, надзённая. Мы жывем у соцыуме, і ад узаемадзеяння і ўдзелу моладзі ў жыцці краіны залежыць яе будучыня і дабрабыт. У тым ліку гэта дасягаецца праз моладзевыя рухі і аб'яднанні, тэматычныя, патрыятычныя і грамадзянскія праекты. Напрыклад, я хачу пачуць ад калег, якія формы працы яны выкарыстоўваюць, наколькі паспяховыя тыя ці іншыя фарматы, падкрэсліць нешта для сябе, каб у далейшым удасканальваць сваю дзейнасць. Упэўнена, што і вопыт Мінскай рэгіянальнай мытні будзе карысны калегам.

Завяршыўся форум наведваннем мемарыяльных комплексаў Прыдняпроўскага края – «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці» ў вёсцы Боркі Кіраўскага раёна і «Буйніцкае поле», дзе ўдзельнікі ўшанавалі памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны.

mogilevnews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая