RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Вышэйшы бал - жыхарка пацярпелай ад урагану вёскі ў Чавускім раёне аб рабоце аварыйных брыгад

Чавускі раён - у ліку найбольш пацярпелых у Магілёўскай вобласці ад навальнічнага фронту. Аднаўленчыя працы працягваюцца да гэтага часу. Задзейнічаны ўсе раённыя службы. Таксама на дапамогу прыбылі сем аварыйных брыгад з Дрыбіна, Горак і Гродна.

Перш за ўсё тут сталі расчышчаць заваленыя дарогі і аднаўляць пашкоджаныя дахі жылых хат. Работы над устараненнем абрываў ліній электраперадачы, прывядзеннем у парадак пашкоджаных апор, па ўборцы дрэў, якія рухнулі, вядуцца кругласутачна. Калі ў першыя гадзіны пасля ўрагану без электрычнасці заставаліся 60 населеных пунктаў, 25 жывёлагадоўчых аб'ектаў, то зараз, паводле аператыўных даных, часткова без электраэнергіі застаецца 21 населены пункт.

У вёсцы Доўгі Мох электрычнасці і вады не было двое сутак.

- Ды будзе святло! - цешыцца дабротам цывілізацыі мясцовая жыхарка Вольга Хлюстава. - Нас вельмі выратаваў асабісты генератар, дапамагалі з энергіяй суседзям, але іншым аднавяскоўцам даводзілася зараджаць тэлефоны ў спецыяльных аўтамабілях, якія дасылалі з Чавусаў. Ваду нам у вёску таксама прывозілі.

Вольгу Яўгенаўну шторм заспеў за рулём. Літаральна чатыры кіламетры не даехала да дома, аказалася заблакіравана паваленымі дрэвамі:

- Думала, жыву апошнюю хвіліну. Яшчэ больш, чым за сябе, перажывала за дзяцей, якія засталіся з мамай. Яны не зусім маленькія, 10 і 14 год, але моцна спалохаліся, плакалі. На шчасце, усё абышлося, хаця ў адных суседзяў дрэва на агароджу ўпала, у другіх вецер пашкодзіў дах. Заблакаваным на дарозе аказаўся і рэйсавы аўтобус. Усіх нас аператыўна вызвалілі працаўнікі МНС. Дарожнікі, камунальнікі, іншыя службы таксама спрацавалі як ніколі. Вышэйшы бал і самыя шчырыя словы падзякі!

ДАРЭЧЫ
 
У пацярпелых ад непагадзі населеных пунктах Магілёўскай вобласці аднавілі электразабеспячэнне. Ва ўхіленні тэхналагічных парушэнняў было задзейнічана больш за 100 аварыйных брыгад, паведамляе Мінэнерга:
 
- Да цяперашняга часу ў рэгіёне адноўлены ўсе лініі электраперадачы 35 кВ і вышэй. Вядзецца работа па індывідуальных заяўках спажыўцоў па сетках 0,4 кВ. Плануецца, што заяўкі будуць зачыненыя цягам дня.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая