RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Першым сакратаром Магілёўскага абласнога камітэта БРСМ абраны Алег Бойка

Сёння на IХ справаздачна-выбарнай канферэнцыі Магілёўскай арганізацыі БРСМ падведзены вынікі работы за мінулыя пяць гадоў і вызначаны стратэгічныя напрамкі развіцця на новую пяцігодку. Таксама адным з асноўных на парадку дня стала абранне першым сакратаром Магілёўскага абласнога камітэта БРСМ Алега Бойкі, які да гэтага займаў пасаду другога сакратара абкама маладзёжнай арганізацыі.

Удзел у мерапрыемстве прынялі памочнік Прэзідэнта - інспектар па Магілёўскай вобласці Сяргей Налівайка, намеснік старшыні Магаблвыканкама Алег Сцельмашок, першы сакратар Цэнтральнага камітэта ГА «БРСМ», член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лук'янаў, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магаблвыканкама Кацярына Музычэнка, а таксама каля 200 дэлегатаў ад усіх раённых і гарадскіх арганізацый вобласці, прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады, ганаровыя госці, а таксама актывісты маладзёжнага руху.

Да пачатку афіцыйнай часткі ў фае для дэлегатаў і гасцей разгарнулася маштабная выстава, якая наглядна дэманструе ўсе ключавыя напрамкі дзейнасці і брэндавыя мерапрыемствы БРСМ.

Як адзначыў Сяргей Налівайка, мэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі застаецца нязменнай - аб'ядноўваць людзей агульнымі мэтамі і згуртоўваць іх для рэалізацыі тых задач, якія стаяць перад краінай і перад грамадствам: «На працягу свайго станаўлення Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі з гэтай задачай спрабуе справіцца, наколькі паспяхова - пакажа. Але тое, што ёсць да чаго імкнуцца - гэта безумоўна. Тое, што ёсць рэзервы - гэта таксама безумоўна. Таму, я лічу, сёння будуць абазначаны вузкія месцы, над якімі трэба папрацаваць для таго, каб рабяты яшчэ больш актыўна, больш настойліва імкнуліся ў гэтую арганізацыю. Праца павінна быць выбудавана так, каб гэта было ганарова - знаходзіцца ў шэрагах БРСМ.

Моладзь у нас цудоўная. І, вядома, важна, каб самі маладыя людзі не чакалі, што нехта гэту будучыню для іх зробіць і паднясе. Ёсць добры базіс, ёсць добрая аснова. Іх задача, прынамсі, на гэтай базе будаваць новыя і цікавыя праекты. Умовы для гэтага ў нашай краіне створаны, усё астатняе - у руках моладзі. Таму вельмі важная ініцыятыва, вельмі важнае імкненне маладых людзей да дасягнення тых ці іншых мэт.

Дзяржава, кіраўнік дзяржавы ўдзяляе вялікую ўвагу і моладзі ў цэлым, і Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі. Але і яны павінны ведаць і разумець, што бываюць цяжкасці і трэба ўмець гэтыя цяжкасці пераадольваць і дасягаць пастаўленых мэт».

У цэнтры ўвагі дэлегатаў канферэнцыі сёння было пытанне аб дзейнасці Магілёўскай абласной арганізацыі ГА «БРСМ» у 2021-2025 гадах і перспектывах развіцця на 2026 - 2030 гады. З асноўным дакладам па тэме выступіў Алег Бойка. Яго судакладчыкамі прадстаўлены вопыт работы маладзёжнай арганізацыі на розных узроўнях.

«У цэлым за пяцігодку моладзь Магілёўшчыны рэалізавала шмат праектаў, - адзначыў Алег Бойка. - Але мне хацелася б асабліва вылучыць міжнародны маладзёжны патрыятычны праект «Дарогамі Памяці і Славы». Гэты праект з'яўляецца вянком маладзёжнай палітыкі ў нашай вобласці і над яго рэалізацыяй працуе дастаткова шмат людзей, у тым ліку, абласны камітэт па БРСМ. Сёння моладзь удастоена вялікага гонару. Мы сталі лаўрэатамі спецыяльнай прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне». І гэта з'яўляецца тым высокім дасягненнем, якое сёння па заслугах ацаніла кіраўніцтва краіны. Гэта наш праект, які рэалізуецца ўсёй вобласцю. Ён якраз і падкрэслівае вялікі ўклад у маладзёжную палітыку. І, у тым ліку, важны акцэнт - стаўленне кіраўніцтва нашай вобласці да моладзі. Сёння моладзь адчувае гэтую падтрымку і мае магчымасць рэалізаваць падобныя праекты».

Алег Бойка расказаў, што ў перыяд справаздачна-выбарнай канферэнцыі падводзяцца вынікі за пяцігодку, у тым ліку - вызначаецца будучы вектар развіцця маладзёжнай арганізацыі на наступныя пяць гадоў: «Тым больш, што і праграма па адукацыі і маладзёжнай палітыцы таксама будзе перажываць змяненні, - адзначыў ён. - І ўжо ў 2026-2030 гады яна набярэ яшчэ больш моцы і яшчэ больш цікавых фішак для рэалізацыі маладзёжнага патэнцыялу ў нас у краіне. Таксама мне хацелася б звярнуць увагу на развіццё інавацыйнай дзейнасці і падтрымку праз маладзёжныя ініцыятывы, прэзідэнцкія гранты. Нашая моладзь удзельнічае ў развіцці новых праектаў, новых ініцыятываў, усяго таго, што будзе служыць нашаму народу і нашай краіне ў будучыні. У рэгіёне ў нас вельмі падтрымліваюць моладзь і даюць ёй магчымасьць рэалізавацца. Вядома ж, моладзь у нас задзейнічана ўся, няхай гэта будзе школьная, студэнцкая, якая працуе. Не магу не адзначыць цікавы праект для моладзі «Уладар вёскі», які падкрэслівае разыначку жыцця ў вёсцы і кажа пра тое, што сёння ў сельскай мясцовасці пражываюць сапраўды таленавітыя, таленавітыя маладыя людзі, якія яшчэ пры гэтым захапляюцца творчасцю і займаюцца падсобнай гаспадаркай. Гэта вельмі важна сёння, казаць пра тое, што сельскае жыццё не дзесьці забыта, яно сапраўды яркае, яно развіваецца, яно такое ж багатае нацыянальным каларытам, як і раней. Усё гэта падкрэслівае разнастайнасць моладзі і маладзёжнай палітыкі ў нас у вобласці».

Прыцягваць моладзь у арганізацыю, паводле слоў Алега Бойкі, удаецца ў першую чаргу ініцыятывамі, якія зыходзяць ад самой моладзі: «Бо нашы праекты і нашы ініцыятывы, яны не спускаюцца з кабінета кіраўніка, а ідуць знізу. І яны на месцах у першасных арганізацыях і ў далейшым ужо вылучаюцца як ініцыятывы раённага, гарадскога ці абласнога ўзроўняў. Усё гэта, мусіць, з'яўляецца матывавальным момантам сёння для моладзі. Гэта сведчыць аб тым, што моладзь у нас развіваецца, яна можа выказвацца, можа прапаноўваць нешта новае, цікавае, што ў далейшым захапляе за сабой ужо большыя масы маладых людзей і дазваляе рэалізаваць больш маштабныя праекты», - падсумаваў ён.

Таксама падчас канферэнцыі абраны новы склад кіруючых і кантрольна-рэвізійных органаў: асноўныя склады і перспектыўны рэзерв Магілёўскага абласнога камітэта ГА «БРСМ», абласной кантрольнай камісіі ГА «БРСМ». У тым ліку, першым сакратаром Магілёўскага абласнога камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі» быў абраны Алег Бойка, другім сакратаром стала Ганна Дашкевіч.

Дэлегаты вызначылі склад прадстаўнікоў Магілёўскай вобласці на маючы адбыцца 46-ы З'езд ГА «БРСМ», а таксама ўнеслі прапановы па кандыдатурах у склад Цэнтральнага камітэта і Цэнтральнай кантрольнай камісіі ГА «БРСМ». Па традыцыі, удзельнікі канферэнцыі прынялі выніковы зварот дэлегатаў, у якім вызначылі ключавыя пасылы і прыярытэты для моладзі Магілёўшчыны на наступны перыяд.

Урачыстым фіналам мерапрыемства стала цырымонія ўзнагароджання. Падзякамі і граматамі адзначаны самыя крэатыўныя і ініцыятыўныя актывісты, лідэры пярвічных арганізацый, лепшыя байцы студэнцкіх атрадаў, валанцёры, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё маладзёжнага руху на Магілёўшчыне.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая