RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Каля 300 удзельнікаў з Беларусі і Расіі збярэ Магілёў на фестывалі СД «Разам мы зможам больш»

Фестываль творчасці інвалідаў «Разам мы зможам больш» стартуе ў Магілёве 23 верасня. Ён збярэ каля 300 удзельнікаў з розных куткоў Беларусі, а таксама сямі рэгіёнаў Расіі: Маскоўскай, Бранскай, Калужскай, Пскоўскай, Цвярской, Смаленскай і Калінінградскай абласцей.

Кожны яго дзень (фестываль працягнецца да 26 верасня) будзе прысвечаны асобнай тэме: дзень Беларусі, дзень Саюзнай дзяржавы, дзень Расіі, дзень творчых дасягненняў. У рамках свята адбудуцца конкурсныя выступленні па 12 намінацыях: народныя спевы, акадэмічныя, эстрадныя, жэставыя, харэаграфічнае мастацтва, музычна-інструментальнае выканальніцтва, аўтарская паэзія і бардаўская творчасць, тэатральнае мастацтва, мастацкае слова, арыгінальны жанр, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, выяўленчае мастацтва. Пройдуць таксама канцэрты з удзелам беларускіх і расійскіх артыстаў, выставы, круглы стол, майстар-класы, экскурсіі, цырымонія ўзнагароджання пераможцаў.

— У фестывалі ўдзельнічаюць таленавітыя людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі старэйшыя за 18 гадоў. Ён праводзіцца з мэтай захавання ў рамках Саюзнай дзяржавы адзінай культурнай прасторы, стымулявання актыўнага ўдзелу ў гэтым працэсе такіх людзей, стварэння стабільна функцыянуючай сістэмы ўзаемнага супрацоўніцтва дзвюх краін у галіне мастацкай творчасці інвалідаў, — удакладніла вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы.

Фестываль заснаваны ў 2003 годзе. Першапачаткова яго арганізоўвалі раз на два гады ў рэгіёнах Расійскай Федэрацыі. З 2017 года ён чацвёрты раз праходзіць на гасціннай магілёўскай зямлі.

Урачыстая цырымонія адкрыцця адбудзецца 24 верасня ў канцэртнай зале Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай працы. Дарэчы, як адзначылі арганізатары, ужо вырашана, што з 2025 года фестываль будзе праходзіць штогод.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая