RU BY EN 中文
Instagram

На Магілёўскім міжнародным марафоне чакаюць рэкордныя 9 тысяч удзельнікаў

Рэкордную наведвальнасць прагназуюць на Магілёўскім міжнародным марафоне, які пройдзе 28 верасня. Тлумачыцца гэта тым, што спаборніцтвы аб'яднаюць у сабе адразу тры турніры. Уласна шосты магілёўскі марафон, а яшчэ чацвёрты чэмпіянат Беларусі па марафоне і ўпершыню - чэмпіянат СНД па марафоне.

Старшы трэнер нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы па Магілёўскай вобласці Дзмітрый Сівоў, ён жа галоўны суддзя спаборніцтваў, расказвае:

- Платна ўжо зарэгістравалася больш за 2 тысячы чалавек. Актыўна паступаюць і масавыя заяўкі без рэгістрацыі. Нам тэлефануюць навучальныя ўстановы, прадпрыемствы і арганізацыі, але колькі менавіта пабяжыць аматараў спорту без нумарка, пакуль сказаць не магу. Адно дакладна – цікавасць да марафону значная! Калі год таму ён сабраў 7 тысяч чалавек, то на гэты раз прагназуем каля 9 тысяч удзельнікаў.

Старт і фініш будуць размешчаны ля Фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Н2О на вуліцы Залатавустаўскага. Адразу пасля парада абласцей Беларусі і краін-удзельніц у 10.00 адмашку атрымае самы масавы старт. На дыстанцыю 3 кіламетры выйдуць бегуны ад 12 гадоў і старэйшыя. У 11:00 стартавы стрэл прагучыць для спартсменаў, якія вырашылі бегчы 10 кіламетраў, класічны марафон (42 кіламетры 195 метраў) і камандную эстафету. У экідэне, дарэчы, прадугледжана восем участкаў па 5 кіламетраў, у кожнай камандзе павінны быць заяўлены мінімум дзве жанчыны.

Як толькі дарослыя вызваляць стартавую лінію, у 11.10 сімвалічныя 500 метраў пабягуць самыя юныя ўдзельнікі спартыўнага свята. У «Сямейным забегу» чакаюць дзяцей ад нуля да 12 гадоў, калі трэба - з бацькамі. Мінулыя гады ўжо «беглі» каляскі і нованароджаныя малыя на руках тат і мам. Усё гэта больш для далучэння падрастаючага пакалення да спорту і здаровага ладу жыцця. Дзяцей з нумаркамі на фінішы чакаюць медалі і салодкія пачастункі.

- Рыхтуем для юных удзельнікаў і гледачоў шмат забаў і цікавых лакацый, напрыклад роставыя лялькі і лазертаг. Дарослым таксама сумаваць не давядзецца. Усталюем вялікую сцэну з экранам, прадугледжаны канцэртныя нумары. Зарэгістраваных бегуноў будзем бясплатна частаваць дранікамі і салдацкай кашай. Астатнія могуць скарыстацца паслугамі грамадскага харчавання, якое таксама будзе шырока прадстаўлена. У 15 і 16 гадзін разыграем латарэю паміж зарэгістраванымі ўдзельнікамі на дыстанцыі 10 кіламетраў, у экідэне і марафоне. Можна выйграць ровар, калонку, розныя сертыфікаты ў спартыўныя ўстановы, прысмакі і многае іншае. Самае галоўнае, што сіноптыкі абяцаюць, што дождж не азмрочыць нашае свята! - удакладняе Дзмітрый Сіваў.

Што датычыцца чэмпіянату СНД па марафоне, то ўдзел пацвердзіла ўжо каманда Расійскай Федэрацыі. Чакаецца прыбыццё каманд Кыргызстана і Узбекістана, калі яны паспеюць вырашыць некаторыя арганізацыйныя моманты. Кожную краіну прадставяць тры мужчыны і тры жанчыны. З беларусаў гледачы ўбачаць на марафонскай дыстанцыі тытулаваных Уладзіслава Прамава, Марыну Даманцэвіч, Мікіту Чахоўскага і іншых.

У першую чаргу прадугледжваецца камандная барацьба, але таксама спартсмены прэтэндуюць на прызавы фонд у асабістым заліку, а гэта вялікая сума.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая