Як доўга доўжыцца абарона ад вакцын супраць грыпу і ковід-19, расказала журналістам намеснік міністра аховы здароўя - галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі Святлана Нячай.
У гэтым годзе вакцынацыя насельніцтва супраць грыпу будзе ажыццяўляцца трыма асноўнымі вакцынамі. «На бясплатнай аснове прышчэпліваюць вакцынай «Грыпол Плюс» (трохвалентная вакцына вытворчасці Расіі), на платнай аснове – «Ваксігрып Тэтра» (вытворчасці Францыі) і «Інфлювак Тэтра» (вытворчасці Нідэрландаў). Усе вакцыны зарэгістраваны і дазволены да прымянення на тэрыторыі Беларусі, утрымліваюць актуальныя штамы віруса, рэкамендаваныя Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя для ўключэння ў склад сезонных вакцын супраць грыпу для выкарыстання ў сезоне 2025-2026 гадоў у Паўночным паўшар'і», - распавяла Святлана Нячай.
Вакцынацыя супраць ковід-інфекцыі праводзіцца на бясплатнай аснове вакцынай «Конвасэл» (вытворчасці Расіі). «Адна з асноўных мэт правядзення штогадовай кампаніі вакцынацыі супраць грыпу і інфекцыі ковід-19 - гэта прадухіленне развіцця цяжкай плыні гэтых захворванняў і неспрыяльнага зыходу. У першую чаргу вакцынацыя важная для кантынгентаў насельніцтва, якія адносяцца да груп высокай рызыкі захворвання, цяжкай плыні, неспрыяльных наступстваў. Для грыпу гэта дзеці ва ўзросце ад шасці месяцаў да трох гадоў, дзеці ад трох гадоў і дарослыя з хранічнымі захворваннямі і імунадэфіцытнымі станамі, асобы старэйшыя за 65 гадоў, цяжарныя жанчыны, медыцынскія і фармацэўтычныя работнікі, дзеці і дарослыя, якія знаходзяцца ва ўстановах з кругласутачным рэжымам знаходжання, працаўнікі дзяржорганаў. паінфармавала намміністра.
Па ковід-інфекцыі ў зоне рызыкі людзі з імунасупрэсіяй, пажылыя ва ўзросце старэйшыя за 60 гадоў, а таксама тыя, хто знаходзіцца і працуе ва ўстановах з кругласутачным рэжымам знаходжання.
«Вакцынацыю супраць грыпу і ковід-19 можна праводзіць адначасова (у адзін дзень) у розныя ўчасткі цела. Эфектыўная абарона пасля ўвядзення вакцын для прафілактыкі грыпу захоўваецца на працягу 6-9 месяцаў, пасля ўвядзення вакцын для прафілактыкі ковід-19 - каля 12 месяцаў», - адзначыла Святлана Нячай.
БЕЛТА