Аб выкананні патрабаванняў заканадаўства ў частцы забеспячэння здаровых і бяспечных умоў працы
Патрабаванні заканадаўства ў частцы забеспячэння здаровых і бяспечных умоў працы, накіраваных на захаванне жыцця, здароўя і працаздольнасці работнікаў у працэсе працоўнай дзейнасці, пасля прыняцця Дэкрэта №7 не змяніліся.
У дадзенай частцы ўдакладняецца, што суб’екты гаспадарання, акрамя выканання ў працэсе ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці агульных патрабаванняў пажарнай бяспекі, санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў, патрабаванняў у галіне аховы навакольнага асяроддзя, патрабаванняў у галіне ветэрынарыі да ўтрымання і эксплуатацыі капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў), ізаляваных памяшканняў і іншых аб’ектаў, павінны забяспечваць работнікам нармальныя ўмовы для выканання імі нормаў працы ў адпаведнасці з артыкулам 89 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Нармальнымі ўмовамі з’яўляюцца:
• забеспячэнне заказаў і аб’ёмаў работ;
• спраўны стан машын, станкоў і прыстасаванняў;
• своечасовае забеспячэнне тэхнічнай дакументацыяй;
• належная якасць матэрыялаў і інструментаў, неабходных для выканання працы, і іх своечасовая падача;
• своечасовае забеспячэнне вытворчасці электраэнергіяй, газам і іншымі крыніцамі энергазабяспячэння;
• бяспечныя і здаровыя ўмовы працы (захаванне патрабаванняў па ахове працы, неабходнае асвятленне, ацяпленне, вентыляцыя, выдаленне шкодных наступстваў шуму, выпраменьванняў, вібрацыі і іншых фактараў, якія адмоўна ўплываюць на здароўе работнікаў, і г. д.).
Парадак дзеянняў суб’ектаў гаспадарання па стварэнні бяспечных і здаровых умоў працы ўстаноўлены Законам Рэспублікі Беларусь «Аб ахове працы».