RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Кропкі росту для зарплаты: бізнес-планамі падзяліліся кіраўнікі прадпрыемстваў Магілёўскага раёна

Да канца 2020 года ва ўсіх арганізацыях і прадпрыемствах вобласці сярэдняя зарплата павінна быць не ніжэйшай за 1000 рублёў. Такая задача пастаўлена старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Леанідам Зайцам. Распрацаваны і зацверджаны комплексныя планы сацыяльна-эканамічнага развіцця кожнага раёна, а таксама Магілёва і Бабруйска. У іх прапісаны меры па павелічэнні эфектыўнасці рэальнага сектара эканомікі і тыя рэзервы, якія трэба выкарыстоўваць.

Сваімі бізнес-планамі падзяліліся кіраўнікі прадпрыемстваў Магілёўскага раёна: за кошт чаго яны збіраюцца павялічыць аб’ёмы вытворчасці і выручку, знізіць сабекошт прадукцыі і як матываваць саміх работнікаў?

Акліматызацыя аграрыяў ва ўмовах глабальнага пацяплення

За апошнія 30 гадоў глабальнае пацяпленне змяніла агракліматычныя вобласці Беларусі, умовы сталі набліжаныя да лесастэпу Украіны –на 120 кіламетраў на поўдзень. Такія змены адбыліся праз павышэнне сярэднегадавой тэмпературы на 1 градус. Вядома, гэта не магло не паўплываць на тэхналогію вырошчвання сельскагаспадарчых культур. Зімы становяцца больш цёплымі, менш снежнымі, праз гэта ссоўваеца на больш раннія тэрміны сяўба яравых, збожжавых і іншых культур, прыкладна на два тыдні. Праз змены клімату істотна змянілася структура пасяўных плошчаў.

У ААТ «Магілёўскі лянок» стаўку зрабілі на цукровыя буракі. На сённяшні дзень гэта самая высокарэнтабельная культура, – тлумачыць дырэктар сельгаспрадпрыемства Алег Івашкевіч:

– Выручка з 1 гектара цукровых буракоў – звыш 4,5 тыс.рублёў. Для параўнання, выручка па збожжавых– каля 900 рублёў з гектара. Мы апрацоўваем гэту культуру ўжо 3 гады. Уборачны камбайн цяпер працуе ў кругласутачным рэжыме. Для нас вельмі выгадныя ўмовы працы з нашым пакупніком – Слуцкім цукрарафінадным камбінатам: гэта авансаванне насення, сродкаў абароны. Рэнтабельнасць па мінулым годзе –67%. Мы будзем працаваць над якасцю пасяўной і выбарам гібрыдаў, у наступным годзе павялічым пасяўныя плошчы. І калі мы дасягнём ураджайнасці 1000 цэнтнераў з гектара, то выручка дазволіць нам павялічыць зарплату работнікаў да 1000 рублёў. Сёння сярэдняя зарплата па гаспадарцы – 680 рублёў. Мы робім стаўку на яшчэ адну культуру – азімы рапс. Адвялі пад яго 500 га.Раней наша гаспадарка рабіла акцэнт на жывёлагадоўлю, але мы лічым, што і ў развіцці раслінаводства ёсць вялікі патэнцыял для павелічэння аб’ёмаў вытворчасці.

У суседняй гаспадарцы ААТ «Палыкавічы»ў структуры пасяўных плошчаў таксама актыўна ідзе «перазагрузка». Дырэктар Дзмітрый Зайцаў расказвае аб рэйтынгу высокарэнтабельных культур:

– Мы памяншаем клін яравых: лета стала больш гарачым, такія збожжавыя больш пакутуюць ад засухі, чым азімыя. Павялічылі пасевы азімай пшаніцы, рапсу. Цукровых буракоў у гэтым годзе было 200 га, у наступным павялічым да 300. Сёння раслінаводства дае 20 %выручкі ў нашай гаспадарцы. Сярэдняя зарплата сёння 750 рублёў. Выйсці да канца 2020 на 1000 рублёў – задача цалкам рэальная. У жывёлагадоўлі трэба ўдасканаліць тэхналогіі. У прыватнасці, у планах перавесці ўсё пагалоўе на круглагадовае стойлавае ўтрыманне без выпасу. Праз тое ж пацяпленне трава на пашах выгарае, жывёла недаатрымае кармоў, а адсюль і аб’ёмы вытворчасці.

Лес сякуць – трэскі таксама ў справу!

У Магілёўскім лясгасе рост выручкі звязваюць з мадэрнізацыяй лесапільнай вытворчасці. Дырэктар ДЛГУ «Магілёўскі лясгас» Уладзімір Стральцоў расказвае аб эканамічным эфекце новай лініі лесапілавання:

– Створана 8 новых рабочых месцаў. Гаворка ідзе аб глыбокай перапрацоўцы драўніны. На Еўропу мы пастаўляем палетную дошку і брус. Асвойваем новы рынак – Кітай. Ужо паставілі туды 1000 кубоў піламатэрыялаў. Дзякуючы ўводу новай лініі экспартная выручка павялічылася на 100 тыс $. Адходы вытворчасці – дранка – таксама ідуць у справу ў кацельні. У лясгасе працуе каля 500 чалавек. Сярэдняя зарплата сёння 960 рублёў. І рост выручкі мы звязваем з мадэрнізацыяй вытворчасці.

Канкурэнцыя – рухавік гандлю

– У краме ў аграгарадку Рэчкі ўжо дасягнуліўзроўню зарплаты ў 1000 рублёў – значна вырас тавараабарот. Гэта стала магчымым дзякуючы мадэрнізацыі гандлёвага аб’екта. Замест прылаўкаў, праз якія пакупнік мог з цяжкасцю разгледзець тавар, гандлёвая зала стала працаваць па прынцыпе самаабслугоўвання. Павялічыліся гандлёвыя плошчы, а асартымент вырас на 40 %. У аграгарадку ёсць яшчэ 2 магазіны, ды і да горада – рукой падаць. Таму ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі трэба было рабіць стаўку на якасць абслугоўвання, – расказвае дырэктар Магілёўскага райст Таццяна Барлюгова:

У сістэме райста Магілёўскага раёна каля 100 крам і 500 работнікаў. У нас здзельная аплата працы, залежыць ад тавараабароту. Да канца года мадэрнізацыя будзе праведзена ва ўсіх гандлёвых аб’ектах. Дарэчы, заробак у 1000 рублёў ужо атрымліваюць прадаўцы ў 2 крамах, і яшчэ ў 10 падыходзяць да гэтага ўзроўню.

План развіцця раённага маштабу

Намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата ў 2019 годзе ў цэлым па Магілёўскім раёне – 939,1 рублёў, да канца 2020 года – 1050 рублёў. Пра комплексны план раённага маштабу расказвае намесніца старшыні Магілёўскага райвыканкама Ірына Чындо:

– Па кожнай галіне народнай гаспадаркі вызначаны «кропкі росту», якія дазваляюць выйсці на запланаваныя паказчыкі. Магілёўскі раён паступова пераўтворыцца з сельскагаспадарчага ў прамысловы. Асноўнай мэтай рэальнага сектара эканомікі з’яўляецца павышэнне яго канкурэнтаздольнасці і эфектыўнасці, пашырэнне сфер эканамічнай дзейнасці, якія забяспечваюць стварэнне прадуктаў з высокай дабаўленай вартасцю, перш за ўсё вытворчасцей з высокай ступенню перапрацоўкі сыравіны і матэрыялаў, навукаёмістых і высокатэхналагічных вытворчасцей, сферы паслуг. Напрыклад, у гэтым годзе «Омск Карбон Магілёў» плануе пачаць выпуск інавацыйнай, экспартна арыентаванай прадукцыі – тэхнічнага вугляроду. На тэрыторыі раёна прамысловымі прадпрыемствамі паспяхова вырабляюцца і рэалізуюцца на экспарт прадукцыя дрэваапрацоўкі і мэбля, газасілікатныя блокі і сталёвыя дзверы, прадукты харчавання і напоі, а таксама многае іншае. 

Што тычыцца сельскай гаспадаркі, то першараднымі задачамі з’яўляюцца фарміраванне бясстратнай, канкурэнтаздольнай і экалагічна бяспечнай вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, якая забяспечвае ў поўным аб’ёме ўнутраныя патрэбы раёна, нарошчванне экспартнага патэнцыялу, павелічэнне даходаў і ўмацаванне прэстыжнасці сельскагаспадарчых работнікаў.

mogilevnews.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая