RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Работнікам «хуткай» у Бабруйску патлумачылі парадак даплат па ўказе № 131

Работнікі хуткай дапамогі Бабруйска звярнуліся да прэзідэнта з просьбай растлумачыць памер даплат, якія належаць ім за аказанне дапамогі пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй па ўказе № 131. У інтэрнэце сталі мільгаць загалоўкі: «Хуткая» Бабруйска выйшла на забастоўку. Што здарылася – карэспандэнты «СБ. Беларусь сёння» разбіраліся на месцы. Скажам адразу: ніякай забастоўкі няма і ў паміне, а вось некаторае непаразуменне мелася.

Як толькі работнікі «хуткай» напісалі калектыўны ліст, паглыбіцца ў сітуацыю прыехала вышэйшае кіраўніцтва. У той жа час калектыву па пунктах патлумачылі, за што і колькі каму належыць і чаму сумы маглі адрознівацца ад тых, якія чакалі атрымаць медыкі, – ад 900 да 4 тысяч рублёў. Людзі сабраліся не ўнутры памяшкання падстанцыі, а на свежым паветры. Вось гэта адразу ж падхапілі і некаторыя СМІ і телеграм-каналы: маўляў, «хуткая» бастуе, урачы сабраліся на мітынг, што моцна абурыла саміх тых, хто сабраўся, хто, дарэчы, і падпісваў калектыўны ліст. «Мы б ніколі не пакінулі пацыентаў!» – іх галоўны пасыл.

Сярод прысутных быў і ўрач выязной брыгады хуткай дапамогі Канстанцін Талстаногаў. Яго подпіс таксама стаіць сярод подпісаў тых амаль 170 супрацоўнікаў, хто прасіў растлумачыць налічэнне даплат. Пазіцыя доктара Талстаногава:

– Патэнцыйна мы ўсе кантакты першага ўзроўню, самі разумееце. Вядома, збіраць увесь калектыў у адным невялікім памяшканні нелагічна. Мы прапанавалі абмеркаваць усё на вуліцы, выконваючы сацыяльную дыстанцыю. Вельмі непрыемна, што гэту сітуацыю выставілі так, быццам мы адмовіліся ехаць да сваіх хворых. Нават у той момант усе брыгады выязджалі на выклік, калі такі паступаў. Асноўная частка прысутных – людзі, якія прыйшлі туды ў свой выхадны, пасля «сутак», і ў свой «адсыпны».

 

У самога Канстанціна пытанні да налічэння даплат ёсць. Ён за мінулы месяц іх не атрымаў. Але прызнае: так, былі і пнеўманіі, але не было выяўлена каранавірусных.

– Як будуць даплочваць, цяпер зразумела, – гаворыць Канстанцін Талстаногаў. – Падабаецца нам гэта ці не падабаецца – іншае пытанне. На наш погляд, не ўсе бакі прафесійнай рызыкі ацэнены. Думаем так: мы ўсе працуем у аднолькавых умовах, кантактуем з калегамі, якія адпраўляюцца на выклік да пацыента з каранавірусам, і маем рызыкі заражэння, бо не ведаем, з чым сутыкнёмся на кожным выездзе.

Галоўны ўрач Бабруйскай станцыі хуткай і неадкладнай медыцынскай дапамогі Сяргей Чудаў гатовы працаваць з кожным супрацоўнікам індывідуальна і яшчэ раз тлумачыць механізмы налічэння даплат:

– Хутчэй за ўсё, указ няправільна зразумелі. У ім прапісаны канкрэтныя сумы, і хтосьці разлічваў іх атрымаць. Але ёсць падрабязнае тлумачэнне, як павінны адбывацца налічэнні: калі работнік хоць бы раз за змену сутыкнуўся з пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй або кантактам першага ўзроўню, ён атрымлівае гэтую надбаўку, якая за змену і вылічваецца.

Як жа вызначаецца, да якой катэгорыі адносіцца выклік і ці сутыкнуўся медработнік з каранавірусам? Механізм такі: кожны месяц «хуткая» робіць запыт у бальніцу з просьбай паведаміць аб усіх выяўленых выпадках каранавіруснай інфекцыі і кантактах першага ўзроўню. Спісы старанна звяраюцца з картамі выклікаў на «хуткай» у мінулым месяцы. Адразу відаць, якая брыгада аказвала дапамогу ці праводзіла транспарціроўку, вылічаецца памер надбаўкі за гэты дзень, яе агульная сума дзеліцца на колькасць змен. Гэта і ёсць тыя лічбы, якія ў ліку іншых убачыць у сваім разліковым лістку медык.

Кіраўніцтва «хуткай» адкрыта гаворыць: былі надбаўкі і ў 1600 рублёў – у фельчара, а былі і ў 74 рублі – у кіроўцы. Калі вынікі мазкоў пацыентаў прыйшлі ўжо ў наступным месяцы – скажам, забіралі 30-га чысла, а дыягназ пастаўлены ўжо ў першых чыслах, – то адпаведную надбаўку таксама ўлічаць у наступнай зарплаце.

– Будзем сустракацца з кожным, у каго ёсць пытанні па даплаце, – кажа Сяргей Генадзьевіч, – тлумачыць, каб не было непаразуменняў і розначытанняў законаў.

Мы пагаварылі з тымі, хто паставіў свой подпіс пад зваротам да Прэзідэнта. Так, людзі хацелі б атрымліваць гэтыя выплаты на роўных, менавіта тыя, прапісаныя ва ўказе, сумы. Прычым чамусьці тлумачэнні да яго, аб парадку налічэння, не лічаць асноватворным дакументам. Адзін з дактароў «хуткай» атрымаў надбаўку ў 400 рублёў. Столькі налічылі за адну змену (24 гадзіны), калі ўрач кантактаваў з захварэлым COVID-19.

– Так, пасля тлумачэнняў стала зразумела, як ідуць налічэнні, – гаворыць малады ўрач. – Але ва ўказе стаялі іншыя сумы…

Намеснік галоўнага ўрача Наталля Вежнавец яшчэ раз спрабуе растлумачыць: тлумачэнні да ўказа ад Міністэрства аховы здароўя – гэта і ёсць той афіцыйны дакумент, на падставе якога адбываюцца налічэнні. Да размовы падключаецца фельчар выязной брыгады Юрый Кавалерчык, які як раз збіраецца на выклік з пацверджаным COVID-19:

– А як я ў іншы раз даведаюся: быў на выездзе каранавірус ці не? Мы лечым і пнеўманіі, і ВРВІ – гэта таксама інфекцыі!

– Але ж ёсць і пералік інфекцый, за якія належаць даплаты: каранавірус, чума, халера…

– Я б хацеў, каб такія даплаты былі ўсім, – мяркуе фельчар.

Спрэчкі няма, медыкі зараз працуюць у вельмі няпростых рэаліях і былі рады ўказу Прэзідэнта. Але ж пагадзіцеся: ці можна аднолькава даплаціць таму, хто суткамі працуе ў аддзяленні рэанімацыі з цяжкімі пацыентамі, і тым, хто сутыкнуўся з каранавіруснай інфекцыяй некалькі разоў за месяц? Важна, каб была справядлівасць.

КАМПЕТЭНТНА

Пасля дакладу Прэзідэнту міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік пракаментаваў сітуацыю з выплатамі медработнікам надбавак за працу з пацыентамі ва ўмовах каранавіруса. У прыватнасці, абверг здагадкі, што даплату медыкам будуць вылічваць ледзь не штохвілінна.

– Я, наведваючы медустановы, «чырвоныя зоны», спецыяльна работнікам задаю пытанне: ці атрымалі яны надбаўкі ў тым выглядзе, як гэта прадугледжана ўказам Прэзідэнта? І, пачынаючы з санітаркі і заканчваючы загадчыкам аддзялення, яшчэ ніхто не сказаў, што заплацілі менш, чым патрэбна па ўказе.

Больш за ўсё пытанняў сёння ўзнікае ў персаналу хуткай медыцынскай дапамогі або дыягнастычных службаў.

– Калі на працягу змены медыцынскі персанал кантактаваў з пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй, аплата ідзе за ўсю змену. Не за тыя хвіліны, паўгадзіны ці гадзіну, пакуль яны займаліся аказаннем медыцынскай дапамогі, а за ўсю змену. Калі такіх змен на працягу месяца было больш за 30 працэнтаў, аплата ідзе за ўвесь месяц – гэта значыць поўная аплата.

Пры такім падыходзе, адзначае міністр, захоўваецца прынцып сацыяльнай справядлівасці:

– Тыя, хто сапраўды 10 дзяжурстваў пастаянна займаўся аказаннем медыцынскай дапамогі пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй, і тыя, хто на адным дзяжурстве ажыццявіў перавозку гэтага пацыента, – па-мойму, несправядліва, што яны атрымаюць абсалютна аднолькавыя даплаты. Тут мы прытрымліваемся прынцыпу сацыяльнай справядлівасці і жорстка падтрымліваем указ Прэзідэнта. Усе, хто кантактаваў з гэтымі пацыентамі, атрымаюць даплату. Мінімальна – гэта змена. Максімальна – за поўны месяц працы.

Здараюцца і спрэчныя сітуацыі, згодны Уладзімір Каранік, але ўсе выпадкі аказання медыцынскай дапамогі пацыентам указанага профілю будуць выяўлены і аплачаны. Калі ж у работнікаў застаюцца пытанні па аплаце працы, то ў кожным рэгіёне Міністэрства аховы здароўя сумесна з галіновым прафсаюзам стварыла гарачую лінію.

– Гэта сітуацыя знаходзіцца на кантролі ў Міністэрства аховы здароўя. Усе даплаты ўстанаўліваюцца камісійна. Калі хтосьці лічыць, што яго правы ўшчамілі, ён можа звярнуцца або ў прафсаюз, або да адміністрацыі сваёй установы, або ва ўпраўленне аховы здароўя вобласці, альбо непасрэдна ў Міністэрства аховы здароўя.

Там уся інфармацыя, падкрэсліў міністр, будзе ўважліва вывучана, а потым або будуць дадзены тлумачэнні, або ажыццёўлена даплата.

– Па той жа Бабруйскай станцыі хуткай дапамогі: з 290 работнікаў, уключаючы кіроўцаў, фельчараў, урачоў, даплату за красавік атрымала 118 чалавек. Гэта тыя, хто сапраўды аказваў медыцынскую дапамогу пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй. І там парушэнняў у даплатах выяўлена не было. Калі ж нейкія парушэнні ёсць, натуральна, яны будуць разгледжаны. Для гэтага ёсць устаноўленыя законам арбітраж і механізм атрымання даплат.

СБ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая