RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Аграрыі Магілёўшчыны фінансава падтрымаюць будаўніцтва новага радыялагічнага корпуса абласнога анкадыспансера

Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы і арганізацыі Магілёўшчыны фінансава падтрымаюць будаўніцтва новага радыялагічнага корпуса абласнога анкадыспансера. Такое рашэнне было прынята сёння на рэгіянальнай нарадзе з удзелам старшыні аблвыканкама Леаніда Зайца.

Неабходнасць узвядзення гэтага аб’екта ўзнікла з-за існавання значнай чаргі на праходжанне прамянёвай тэрапіі. Па словах галоўнага ўрача Магілёўскага абласнога анкалагічнага дыспансера Сяргея Батоўскага, сёння на ўліку знаходзіцца больш за 36 тыс. пацыентаў з анкалагічнымі захворваннямі. Каля 3 тыс. штогод мае патрэбу ў прамянёвай тэрапіі, але атрымлівае лячэнне такім метадам толькі каля 1 тыс. з-за недахопу абсталявання.

Сёння ва ўстанове аховы здароўя ёсць два лінейныя паскаральнікі, і яны працуюць па максімуме – у дзве змены. «Мы стараемся скарэктаваць лячэнне пацыентаў у «лісце чакання» і іншымі метадамі, але пухліны паводзяць сябе па-рознаму», – падкрэсліў Сяргей Батоўскі.

–Дзякуючы новаму радыелагічнаму корпусу і дадатковаму абсталяванню з’явіцца магчымасць ратаваць жыцці, прадухіляючы значныя наступствы для арганізма, з якімі сутыкаюцца анкалагічныя пацыенты, – адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Аляксандр Старавойтаў. – Сучасная прамянёвая тэрапія накіравана дакладна на пухліну, таму пры ёй скарачаецца колькасць апёкаў, пашкоджанняў сумежных органаў, а значыць, павялічваецца не толькі працягласць жыцця, але і яго якасць», – канстатаваў ён. Акрамя таго, у корпусе размесцяць УГД-апараты, якія цяпер раскіданы па ўсім дыспансеры, што стварае праблемы як медперсаналу, так і пацыентам.

Прафінансаваць закупку сучаснага абсталявання –двух лінейных паскаральнікаў і гама-апарата – мае намер Міністэрства аховы здароўя. Сярэдні іх кошт складзе Br13–16 млн. А пабудаваць новы корпус трэба вобласці ўласнымі сіламі. Па праекце гэта каля Br12 млн. – сума значная, нават калі ўлічыць, што плануецца яшчэ раз прапрацаваць гэта пытанне і аптымізаваць выдаткі да Br8 млн. Менавіта таму было прынята рашэнне звярнуцца па дапамогу да аграрыяў. Тым больш што падобны вопыт у рэгіёне ўжо ёсць. Дзякуючы разуменню і фінансавай падтрымцы з боку прадпрыемстваў, у вобласці завяршылі будаўніцтва новага лячэбнага корпуса цэнтральнай раённай бальніцы ў Асіповічах, радзільнага дома Магілёўскай ХМД, хутка адкрыецца новая паліклініка ў мікрараёне Казіміраўка Магілёва, пачата ўзвядзенне кардыяхірургічнага корпуса Магілёўскай абласной бальніцы.

   

Паводле слоў Леаніда Зайца, будзе прынята рашэнне, па якім сельгаспрадпрыемствы і арганізацыі 0,6% ад выручкі накіруюць на спецыяльны рахунак. Далучыцца да добрай ініцыятывы мае намер Магілёўскі абласны Савет ветэранаў, Магілёўская абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза АПК, прадпрыемствы перапрацоўкі рэгіёна. Займацца ўзвядзеннем новага корпуса будзе ААТ «Будаўнічы трэст № 12», які зарэкамендаваў сябе на многіх значных гарадскіх аб’ектах. Завяршыць будаўніцтва маюць намер да ліпеня 2021 года, каб ужо ў верасні–лістападзе можна было аказваць паўнавартасную дапамогу людзям.

 

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая