RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Навучэнцам і педагогам рэгіёна ўручылі спецыяльныя дыпломы Магілёўскага аблвыканкама за высокія дасягненні ў рэспубліканскім этапе алімпіяды па вучэбных прадметах

Навучэнцам і педагогам рэгіёна, трэнерам каманд уручылі спецыяльныя дыпломы Магілёўскага аблвыканкама за высокія дасягненні ў рэспубліканскім этапе алімпіяды па вучэбных прадметах. Ушанаванне адбылося сёння ў Абласным цэнтры творчасці.

Сёлета пры правядзенні спаборніцтва былі свае асаблівасці ў сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй. З мэтай захавання льгот для пераможцаў пры залічэнні ва ўстановы вышэйшай адукацыі ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта заключны этап рэспубліканскай алімпіяды праводзіўся толькі для 11-класнікаў.

Магілёўскую вобласць абараняла 18 каманд, у склад якіх уваходзіў 71 навучэнец устаноў агульнай сярэдняй адукацыі рэгіёна. Пераможцамі прызнана 36 хлопчыкаў і дзяўчынак, з іх 8 узнагароджана дыпломамі I ступені, 11 – ІІ ступені, 17 – III ступені. Найбольш вынікова каманды вобласці выступілі па такіх вучэбных прадметах, як фізічная культура і здароўе, астраномія і нямецкая мова: усе маладыя людзі, якія ўдзельнічалі ў спаборніцтвах, атрымалі дыпломы розных ступеняў. Лідарам у алімпіядным рэйтынгу стаў Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй №1 (5 удзельнікаў – 5 дыпломаў). Сярод рэгіёнаў найбольш вызначыліся прадстаўнікі Магілёва – 9 дыпломаў, Бабруйска – 4 дыпломы. Прадстаўнікі Бялыніцкага раёна заваявалі 3 дыпломы, Клічаўскага – 2 дыпломы, Глускага, Горацкага, Крычаўскага, Слаўгарадскага, Хоцімскага, Чэрыкаўскага раёнаў – па 1 дыпломе.

Сярод тых, хто сёння прысутнічаў у зале, было нямала вучняў, якія некалькі гадоў запар не толькі на рэспубліканскіх, але і міжнародных алімпіядах даказвалі свой самы высокі ўзровень ведаў. Гэта выпускніца СШ № 2 г. Бялынічы, пераможца алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы «Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная супольнасць» Дар’я Міцькова; выпускніца гімназіі № 3 г. Магілёва, абсалютны пераможца конкурсу рытарычнага майстэрства алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы па рускай мове і літаратуры Ганна Несцер; выпускнік Магілёўскага абласнога ліцэя № 3, удзельнік міжнароднай алімпіяды школьнікаў па фізіцы, хіміі і матэматыцы «Лабараторыя падрыхтоўкі талентаў», якая праходзіла ў Баку ў 2019 годзе, пераможца рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару Раман Карабейнікаў; выпускнік гімназіі № 3 г. Бабруйска, які прадстаўляў Магілёўшчыну ў камандзе Беларусі на міжнароднай алімпіядзе па хіміі ў 2019 годзе Дзмітрый Макуцэня і многія іншыя.

– Я лічу сябе дастаткова рознабаковым чалавекам, – сказала Ганна Несцер. – Цікаўлюся псіхалогіяй, рыторыкай, музыкай, люблю доўгія дыскусіі і цікавыя прагулкі. Але сёе-тое з ранняга дзяцінства займала асаблівае месца ў маім сэрцы. Я заўсёды захаплялася прыгажосцю і глыбінёй рускай мовы, а таксама багаццем і разнастайнасцю рускай літаратуры. І менавіта гэта любоў прывяла мяне да ўдзелу ў алімпіядным руху па рускай мове і літаратуры. Дзякуючы форуму я сустрэла шмат цікавых мэтанакіраваных аднагодкаў і выкладчыкаў, якія далі мне свае веды. Цяпер, каб павышаць свой прафесійны навык, я паступіла ў БДУ на філалагічны факультэт. Вельмі ўдзячна ўсяму, што са мной адбылося, і рада, што прайшла гэты складаны, але цікавы алімпіядны рух у сценах роднай гімназіі.

Па выніках рэспубліканскай алімпіяды ў даволі няпростых умовах з пераможцамі заключнага этапу займаліся 32 педагогі рэгіёна. Сярод іх настаўнікі біялогіі і хіміі Магілёўскага абласнога ліцэя № 1 Людміла Гетманава і Алена Лось, выкладчыкі працоўнага навучання СШ № 33 г. Магілёва і Вішоўскай сярэдняй школы Бялыніцкага раёна Наталля Круталевіч і Леанід Галушкін, якія падрыхтавалі па 2 пераможцы алімпіяды. Годна прадставілі Магілёўскую вобласць навучэнцы па такіх прадметах, як фізічная культура і здароўе (трэнер каманды – начальнік аддзела фізічнай культуры, дапрызыўнай падрыхтоўкі і працоўнага навучання Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Міхаіл Мішкевіч), астраномія (трэнер – настаўнік фізікі і астраноміі ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Аляксандр Сугакевіч), нямецкая мова (трэнер – настаўнік нямецкай мовы СШ № 7 г. Крычава Кацярына Сіманкова), хімія і біялогія, працоўнае навучанне, геаграфія.

– Ні для кога не сакрэт, што адораная моладзь – залаты фонд любой дзяржавы, – падкрэсліў падчас ушанавання намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. – Падтрымка маладых людзей, развіццё іх інтэлектуальных і творчых здольнасцей – прадмет асаблівай увагі ў нашай краіне. Упэўнены, што сумесная праца прынясе яшчэ больш высокія вынікі, а сістэма адукацыі рэгіёна і ў далейшым будзе спрыяць усебаковаму развіццю школьнікаў, іх паспяховай будучыні.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая