RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Андрэй Кунцэвіч: Беларусь будучыні нельга пабудаваць, калі адмовіцца ад мінулага і разбурыць сучаснасць

Беларусь будучыні нельга пабудаваць, калі адмовіцца ад мінулага і разбурыць сучаснасць. На гэта звярнуў увагу, вітаючы ўдзельнікаў маладзёжнага форума «Беларусь – гэта МЫ!» у Магілёве, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч.

Ён падзякаваў хлопцам і дзяўчатам, якія сабраліся ў Лядовым палацы (а гэта каля 4 тыс. маладых людзей з усёй Магілёўскай вобласці)за тое, што на некаторы час яны адклалі думкі аб іспытах і заліках, палічыўшы патрэбным адгукнуцца на запрашэнне арганізатараў мерапрыемства.

Паводле слоў Андрэя Кунцэвіча, асабліва прыемна, што менавіта моладзь яго роднай Магілёўшчыны дае старт серыі падобных форумаў у краіне. «Беларусь –гэта мы: маладыя, разумныя, светлыя, амбіцыйныя, скіраваныя наперад. Але пры гэтым мне хацелася б, каб кожны з вас памятаў, што Беларусь будучыні нельга пабудаваць, калі адмовіцца ад мінулага і разбурыць сучаснасць. Нас шмат. Так, мы розныя. Але Беларусь у нас адна», – падкрэсліў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, адзначыўшы, што на сцэне знаходзіцца не проста так, а з ганаровай місіяй.

Пра форум ведаюць не толькі ў рэгіёне. Пра гэта сведчыла прывітанне Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, якое агучыў Андрэй Кунцэвіч:

– Дарагія ўдзельнікі форума! Сёння Магілёўшчына адкрывае марафон моладзевых форумаў. Вы сабраліся тут, каб адкрыта і прама выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю, абядналіся, каб стаць на абарону галоўных дасягненняў такой жа, як вы, маладой і незалежнай краіны. Няма нічога даражэйшага за мір, бяспеку і свабоду, за якія нашы продкі ў розныя гады аддавалі свае жыцці.

Сёння гэтыя каштоўнасці зноў маюць патрэбу ў абароне, таму што Беларусь застаецца цэнтрам перасячэння геапалітычных інтарэсаў. Наш уклад жыцця не адпавядае чыім-небудзь стандартам, а незалежнасць не ўпісваецца ў планы тых, хто марыць падагнаць нас пад свой ўзор, уносячы ў грамадства разлад, расхістваючы асновы дзяржаўнасці.

Вы ўжо ўвайшлі ў гісторыю як пакаленне першай суверэннай беларускай дзяржавы і павінны заставацца ў ёй як патрыёты, якія ў няпросты час з гонарам прайшлі выпрабаванне на трываласць, захавалі вернасць спрадвечных традыцый і збераглі родны дом – Беларусь.

Веру ў вас, маладых, разумных, актыўных, якія шчыра любяць сваю краіну. Будзьце шчаслівыя, здаровыя, паспяховыя і беражыце Радзіму. Беларусь – гэта мы!

Удзельнікамі маладзёжнага форума ў Магілёве сталі прадстаўнікі навучэнскай моладзі, калектываў вядучых прадпрыемстваў вобласці. Падарункам для гасцей мерапрыемства стаў вялікі святочны канцэрт.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая