RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Эксперты рэкамендуюць рабіць КТ толькі па паказаннях

Захворванне, выкліканае каранавіруснай інфекцыяй, у значнай частцы выпадкаў не суправаджаецца пнеўманіяй, таму рабіць камп’ютарную тамаграфію (КТ) для вызначэння наяўнасці каранавіруса ў кожным выпадку падазрэння на хваробу бессэнсоўна. Больш за тое, нават калі КТ выявіць паражэнне лёгкіх, гэта не азначае захворванне на COVID-19 – гэта можа быць грып ці іншае захворванне, як паведамілі апытаныя ТАСС урачы.

«У большасці людзей з COVID-19 пнеўманіі і не будзе, гэта значыць каранавірус ёсць, а пнеўманіі няма», – сказаў ТАСС загадчык аддзялення прамянёвай дыягностыкі Маскоўскай клінічнай бальніцы імя М. П. Канчалоўскага Барыс Брадзецкі. Ён адзначыў, што найлепшы метад дыягностыкі каранавіруса – ПЦР. «Тут пытанне ў тым, што ў 80% выпадкаў усё ж такі COVID-19 працякае без сімптомаў або лёгка. Калі гэтыя 80% людзей нервуюцца і пачынаюць бегаць на КТ, нічога карыснага яны не робяць», – падкрэсліў спецыяліст. Ён адзначыў, што важнымі з’яўляюцца такія паказчыкі, як узровень кіслароду ў крыві, тэмпература, наяўнасць дыхавіцы і многія іншыя клінічныя прыкметы, маркеры COVID-19.

Кіраўнік аддзела прамянёвай дыягностыкі медыцынскага навукова-адукацыйнага цэнтра і загадчык кафедры прамянёвай дыягностыкі факультэта фундаментальнай медыцыны МДУ імя М. В. Ламаносава Валянцін Сініцын згодны з ім. «Галоўным крытэрыем з’яўляецца клінічная карціна: тэмпература, агульнае самаадчуванне, частата дыхання, зніжэнне насычэння крыві кіслародам. Не бывае так, што ў чалавека паражоныя ўсе лёгкія, а ён нармальна дыхае, гэта заўсёды праяўляецца клінічна. І калі ўрач бачыць, што ў чалавека ёсць сур’ёзная праблема са здароўем, то накіроўвае яго ў бальніцу нават без КТ. А ў бальніцы пацыенту ўжо абавязкова зробяць КТ і правядуць ўсе іншыя метады дыягностыкі», – сказаў Сініцын.

Акрамя таго, ён адзначыў, што, напрыклад, пры грыпе таксама можа ўзнікаць паражэнне лёгкіх, аднак няма практыкі такога частага правядзення КТ пры гэтым захворванні. «Як спецыяліст, магу вам правесці аналогію з эпідэміяй грыпу, таму што мяне часта пытаюцца: а вы пры грыпе калі-небудзь КТ так часта рабілі? Не. Хоць шырока вядома, што і пры грыпе часта сустракаюцца змены ў лёгкіх», – расказаў Сініцын.

Эксперты падкрэсліваюць, што ў першую чаргу ў выпадку нядужання або падазрэння на хваробу варта звярнуцца да спецыяліста, які вызначыць далейшыя дзеянні. «Мой заклік – верыць урачам, усе яны шчыра жадаюць дабра пацыентам. Але не прасіце без патрэбы рабіць вам КТ», – сказаў Сініцын.

Не варта лішні раз нагружаць свой арганізм, як адзначаюць урачы. «У аснове рэнтгенаўскіх даследаванняў, да якіх адносіцца і КТ, – іанізавальнае выпраменьванне, ніякай карысці ў ім няма. Калі вы настойваеце на частым правядзенні КТ без паказанняў, вы падвяргаеце сябе гіпатэтычнай рызыцы. Хоць, вядома, пры дыягнастычных даследаваннях дозы далёкія ад тых, якія выклікаюць прамянёвую хваробу. Але ж нездарма імкнуцца ўстрымлівацца ад правядзення рэнтгенаўскіх даследаванняў цяжарным жанчынам і з асцярожнасцю прызначаюць іх дзецям», – сказаў у завяршэнні Брадзецкі.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая