Архіў навін

У мінулым годзе 110 беспрацоўных магілёўцаў атрымалі дзяржаўную субсідыю на адкрыццё ўласнай справы: большасць – на прадпрымальніцкую дзейнасць, каля чвэрці сталі рамеснікамі. Сёлета такія субсідыі ў Магілёве атрымала ўжо 14 чалавек, паведаміла начальнік аддзела забеспячэння занятасці насельніцтва упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага гарвыканкама Сняжана Маісеева.
Па незалежных ад арганізатараў прычынах паказы спектакля «Лавіна» Алмацінскага тэатра імя Байтэна Амарава «Жас Сахна» (Казахстан) 22 сакавіка ў межах Міжнароднага моладзевага тэатральнага форума «М.@rt.кантакт» будуць адмененыя. Замест іх глядач убачыць пастаноўку «Сібір» Тэатра (не)Нарматыўнай Пластыкі (Санкт-Пецярбург). Яна адбудзецца на малой сцэне Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра.
Дзень адчыненых дзвярэй правядуць магілёўскія бібліятэкі 26 лютага, паведаміла загадчыца інфармацыйна-бібліяграфічнага сектара аддзела абслугоўвання насельніцтва і інфармацыі цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Карла Маркса Клаўдзія Ільініч. «Разнастайныя забаўляльныя і пазнавальныя мерапрыемствы як у цэнтральнай бібліятэцы горада, так і ў іншых філіялах будуць праходзіць у гэты дзень. Для гасцей арганізуюць прэзентацыі кніжных навінак. Тых, хто вырашыць стаць нашымі сталымі чытачамі, чакаюць прыемныя сюрпрызы і розыгрышы», – расказала Клаўдзія Ільініч.
У Магілёўскім спарткомплексе «Алімпіец» завяршыўся адкрыты чэмпіянат Беларусі па лёгкай атлетыцы ў памяшканні. Спартсмены Прыдняпроўскага краю паказалі годныя вынікі, вартыя самай пільнай увагі і высокай ацэнкі з боку Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі. У скарбонцы магілёўцаў – 12 залатых, 6 срэбраных, 1 бронзавая ўзнагарода. Спартсмены зарабілі 300,5 бала, тым самым забяспечыўшы сабе першае месца ў агульнакамандным заліку. Вось яны – чэмпіёны краіны:
Прамую тэлефонную лінію правядзе 29 лютага намеснік старшыні аблвыканкама Руслан Барысавіч Страхар. З 9.00 да 12.00 па нумары (8 0222) 50-18-69 ён адкажа на пытанні жыхароў Прыдняпроўскага краю.
Больш за 20 тыс. кветак рыхтуе «Магілёўзелянбуд» да Міжнароднага жаночага дня. Пра гэта паведаміла начальнік аддзела маркетынгу і збыту прадпрыемства Марціна Багайчук. «У гэтым годзе да 8 Сакавіка мы падрыхтавалі больш за 20 тыс. кветак. У фірмовай гандлёвай сетцы будзе прадстаўлена каля 10 тыс. руж беларускай і імпартнай вытворчасці, каля 9 тыс. цюльпанаў, вырашчаных у цяпліцах нашага прадпрыемства. Гэтыя кветкі працягваюць карыстацца вялікім пакупальніцкім попытам у Міжнародны жаночы дзень», – падзялілася субяседніца.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Указ № 64 ад 21.02.2020 аб прысваенні чарговага спецыяльнага звання генерал-маёра міліцыі начальніку УУС Магілёўскага аблвыканкама Ігару Шчарбачэню. Пра гэта паведамілі ва УУС аблвыканкама.
Камітэт дзяржаўнага кантролю правядзе 25 лютага прамую тэлефонную лінію на тэму налічэння заработнай платы работнікам бюджэтных арганізацый пасля ўвядзення новых умоў аплаты працы. Жыхары ўсіх рэгіёнаў рэспублікі і Мінска могуць паведаміць спецыялістам кантрольнага ведамства аб фактах зніжэння зарплаты за студзень бягучага года ў параўнанні з атрыманай у папярэднія месяцы. Будзе прааналізаваны кожны зварот, дадзена аб’ектыўная ацэнка выкладзеных фактаў. Звярнуцца на прамую тэлефонную лінію можна будзе з 14.00 да 17.00 па нумары 8 (017) 327 20 15.
У Магілёўскай вобласці з 20 лютага па 2 сакавіка праходзіць рэгіянальная міжведамасная прафілактычная акцыя «Разам супраць наркотыкаў». Пра гэта распавёў галоўны ўрач УАЗ «Магілёўскі абласны наркалагічны дыспансер», галоўны пазаштатны нарколаг галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Аляксандр Фаставец. Паводле слоў суразмоўцы, мэтай акцыі з’яўляецца аб’яднанне адміністрацыйных і сацыяльна-грамадскіх рэсурсаў для павышэння эфектыўнасці работы па прафілактыцы спажывання (распаўсюджання) наркатычных сродкаў, курыльных сумесей сярод непаўналетніх.
Тэхніку для прэсавання лубяных культур пачнуць выпускаць у ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу “Бабруйскаграмаш”» у гэтым годзе. Пра гэта расказала генеральны дырэктар холдынга Надзея Лазарэвіч. «Машына для лубяных культур будзе стварацца на базе ўжо наяўнага прэс-падборшчыка для лёну. Пастаўляцца яна будзе выключна за мяжу. Ужо вызначаны рынкі збыту новай тэхнікі – Расія і Украіна», – паведаміла гендырэктар. Прэзентаваць новы экзэмпляр сельскагаспадарчай тэхнікі плануецца на выставе «Белагра», якая пройдзе ў Мінску 2–6 чэрвеня.
Арганізатары Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форума «М.@rt.кантакт» абвясцілі аб наборы валанцёраў. Заяўкі ад паўналетніх магілёўцаў прымаюцца да 3 сакавіка. Гугл-форму можна запоўніць па спасылцы: https://forms.gle/vv9uoTFtN4NVTWjf8. Удзельнікаў, якія прайшлі папярэдні адбор, чакае запрашэнне на субяседаванне.
У Міжнародны дзень роднай мовы, 21 лютага, кампанія А1 прадставіла новы праект, дзякуючы якому ў рамках ініцыятывы «Веліч роднай мовы» вясной 2020 года ў Магілёве і найбуйнейшых гарадах Беларусі – Брэсце, Віцебску, Гродне, Гомелі і Мінску – з’явіцца серыя незвычайных мастацкіх інсталяцый. Гэта будуць наборы інтэрактыўных скульптур, якія разам утвараюць слова «МОВА».
Адкрыта акрэдытацыя журналістаў для асвятлення XV Міжнароднага моладзевага тэатральнага форума «М.@rt.кантакт – 2020». Пра гэта паведамілі ў адміністрацыі Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра.
У архітэктурна-будаўнічым каледжы ў складзе міждзяржаўнай адукацыйнай установы вышэйшай адукацыі «Беларуска-Расійскі ўніверсітэт» адбылася сустрэча дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандра Масяйкова з моладдзю. Заслужаны майстар спорту СССР і краіны, алімпійскі чэмпіён, Ганаровы грамадзянін горада Магілёва расказаў пра сябе, сваю сям’ю, захапленні і спартыўныя дасягненні.
Адміністрацыяй свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў» зарэгістраваны новы рэзідэнт – ТАА «Стыл-Інвестмент». Інвестыцыйны праект, які рэалізуецца з удзелам нямецкіх інвестыцый, прадугледжвае арганізацыю вытворчасці электразварных труб. Свабодная эканамічная зона «Магілёў» створана ў студзені 2002 года. Гэта частка тэрыторыі Беларусі з пэўнымі межамі, у якой у дачыненні да яе рэзідэнтаў устанаўліваецца і дзейнічае спецыяльны прававы рэжым для ажыццяўлення імі інвестыцыйнай і прадпрымальніцкай дзейнасці. Зараз тут зарэгістравана 42 прадпрыемствы-рэзідэнты.
Вучэбна-метадычны збор для ўдзельнікаў моладзевых атрадаў аховы правапарадку па пытаннях пажарнай бяспекі «Адзін дзень з жыцця выратавальніка-пажарнага» пройдзе 21 лютага ў Магілёве на базе ПАСА-8 (м-н Спадарожнік). Падчас мерапрыемства вучняў чакае экскурсія па тэрыторыі часці, дзе яны пазнаёмяцца з тэхнікай, вучэбна-матэрыяльнай базай, вольным часам пажарных. Таксама маладыя людзі змогуць прымерыць спецформу ратавальнікаў. Акрамя таго, 12 навучэнцам сярэдніх школ горада ўручаць пасведчанні ўдзельнікаў моладзевых атрадаў аховы правапарадку.
Магіляўчан запрашаюць на адкрыты фестываль ёгі. Мерапрыемства пройдзе 29 лютага на базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Спутник» (вул. Якубоўскага, 20). Пра гэта паведамілі ў аддзеле спорту і турызму гарадскога выканаўчага камітэта. Бясплатныя заняткі для прыхільнікаў здаровага ладу жыцця і аматараў спорту правядуць найлепшыя інструктары ёгі Магілёва. Праграмай мерапрыемства таксама запланаваны майстар-класы па розных кірунках. Удзельнікі фестывалю могуць прыйсці на заняткі ў любы зручны час з 10.00 да 21.00. З сабой неабходна ўзяць спартыўную форму.
У Магілёве зменіцца месца рэгістрацыі смерці. Пра гэта паведамілі ў гарвыканкаме. З 2 сакавіка выдача пасведчання аб смерці і даведкі на пахаванне будзе праводзіцца па адрасе: г. Магілёў, вул. Ленінская, 1 (плошча Славы, будынак ЗАГСа, першы паверх, кабінет № 2). Рэжым работы:– панядзелак, серада, пятніца з 8.00 да 17.00;– аўторак, чацвер з 8.00 да 20.00;– субота з 8.30 да 17.00;– абед з 13.00 да 14.00 (штодня);– выхадны – нядзеля. Тэл. 22-19-51, 22-60-29.
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Фельдман жыве ў вёсцы Акцябрск Клічаўскага раёна. На днях яго наведала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Святлана Шутава. І дапамагла вырашыць некалькі жыццёвых праблем. На пачатак вайны Міхаілу Фельдману было 17 гадоў. Малады хлопец з Клічава пешшу адправіўся на размеркавальны пункт у Оршу. Калі накіравалі ў дзеючую армію – служыў сувязным у Пскоўскай вобласці і ў Прыбалтыцы.
ХІ адкрыты рэспубліканскі турнір па боксе памяці заслужанага трэнера Рэспублікі Беларусь Генрыха Рыўкіна пройдзе ў Магілёве з 25 па 29 лютага. Пра гэта паведамілі ва ўпраўленні спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама. У спрэчцы за ўзнагароды будуць удзельнічаць атлеты 2004–2005 гадоў нараджэння з Беларусі, Латвіі, Літвы, Расіі і Украіны. Старты адбудуцца ў Доме спорту (пр-т Міру, 8).
У Магілёўскай медыцынскай альма-матэр прайшоў конкурс «Містар каледж». Артыстызм, пачуццё гумару, творчыя, інтэлектуальныя і прамоўніцкія здольнасці дэманстравалі журы і гледачам пяць таленавітых хлопцаў. За званне найлепшага змагаліся Мікіта Палякоў, Вячаслаў Гойшык, Дзмітрый Уласенка, Мацвей Шчаўлінскі і Міхаіл Жарыкаў. Увесь вечар канкурсантам прыйшлося дэманстраваць эрудыцыю, знешнія дадзеныя, імправізаваць, жартаваць, спяваць, танцаваць і пераўвасабляцца.
Забаўляльны шматфункцыянальны цэнтр з добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі плануюць пабудаваць на месцы парку атракцыёнаў у Магілёве, – паведаміў начальнік упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Магілёўскага гарвыканкама – галоўны архітэктар горада Уладзімір Скачак.
Насельніцтва Беларусі складае крыху больш за 9,4 млн чалавек. Такія першыя даныя праведзенага ў мінулым годзе перапісу агучыла журналістам старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева.
Турэцкія кампаніі ўпэўнена пашыраюць вытворчасці ў горадзе на Дняпры. Пра гэта сведчаць дакументы, завераныя сёння ў час раённа-гарадскога форума «Магілёў – Амасья».
Рух у тэставым рэжыме маршрутнага таксі № 2Т будзе арганізаваны з 1 па 31 сакавіка ў Магілёве. Пра гэта паведамілі ў аддзеле энергетыкі і транспарту ўпраўлення эканомікі гарвыканкама. Транспарт будзе рухацца па схеме маршрутнага таксі № 2 ад прыпынку ААТ «Райаграпрамтэхніка» з заездам па патрабаванні пасажыраў на прыпыначны пункт «Завод “Магілёўтрансмаш”». А далей па вуліцы Крывуліна.
У Магілёве 21 лютага ў сувязі са святкаваннем Дня Абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь з 8.00 да заканчэння ўрачыстых мерапрыемстваў перакрыюць рух па вуліцы Першамайскай ад вуліцы Болдзіна да плошчы Славы. Пра гэта паведамілі ў гарвыканкаме. Гэтую ж тэрыторыю да 8.00 вызваляць ад транспартных сродкаў і абмяжуюць тут стаянку аўтамабіляў.
«Белпошта» праводзіць рэспубліканскі конкурс экалагічнага малюнка сярод жыхароў Беларусі. Пра гэта паведамляецца на сайце прадпрыемства. Творчае спаборніцтва стартуе 17 лютага. Прыём работ працягнецца да 1 мая. Прыняць удзел могуць беларусы ва ўзросце ад 14 гадоў. Канкурсантам неабходна прыдумаць і адлюстраваць малюнак на тэму «Захаванне экасістэмы – абарона клімату». Творчая задума можа быць выканана на паперы або ў электронным фармаце ў любой тэхніцы з ужываннем розных матэрыялаў.
Абаненты двух мабільных аператараў атрымаюць СМС падчас праверкі сістэмы апавяшчэння насельніцтва, паведамілі ў МНС. «Сёння стартуе міжведамасная акцыя «Адзіны дзень бяспекі». Будзе правярацца сістэма абвесткі. Абаненты А1 і МТС атрымаюць СМС», – праінфармавалі ў МНС. Будуць разасланыя паведамленні з тэкстам: «Праводзіцца праверка сістэмы абвесткі, ніякіх дзеянняў не патрабуецца».
Жыхары Магілёўшчыны пералічылі Br81 753 на рахунак Беларускага дзіцячага фондупадчас абласнога дабрачыннага марафону «Сагрэем дзіцячыя сэрцы». Вынікі падвялі ў абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава.
Больш за Br1,6 млн заплацілі за 2019 год у бюджэт жыхары рэгіёна, якія здаюць жылыя і нежылыя памяшканні ў наём. Пра гэта паведамілі ў прэс-цэнтры інспекцыі МПЗ Рэспублікі Беларусь Магілёўскай вобласці. Як адзначылі суразмоўцы, у параўнанні з мінулым годам паступленні ў бюджэт павялічыліся на Br99 тыс. Усяго на ўліку ў інспекцыях Магілёўшчыны знаходзіцца 9886 такіх грамадзян, што на 574 чалавекі больш, чым у мінулым годзе.