RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Анатоль Ісачанка правёў шэраг сустрэч з дэлегацыямі Расійскай Федэрацыі

Шэраг сустрэч з дэлегацыямі з Курскай, Валагодскай, Бранскай абласцей і Усходняй адміністрацыйнай акругі Масквы правёў сёння старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. Зносіны праходзілі ў Доме Саветаў у рамках удзелу прадстаўнікоў рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі ў рэспубліканскім свяце «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»). Бакі разгледзелі варыянты ўмацавання сувязей паміж рэгіёнамі брацкіх краін.

«Мы абмеркавалі сёння самыя розныя кірункі супрацоўніцтва. Самае галоўнае, што гучала сёння чырвонай ніткай у час перагавораў - неабходнасць адыходзіць ад простага гандлю і наладжваць кааперацыйныя сувязі, пераходзіць на стварэнне сумесных прадпрыемстваў, - адзначыў Анатоль Ісачанка ў час размовы з журналістамі. - Для гэтага ў нас ёсць адпаведныя кампетэнцыі, ёсць патэнцыял, і мы павінны імі скарыстацца. А для таго, каб паскорыць працэс, неабходны абмен бізнэс-місіямі. Сярэдні і малы бізнэс - больш рухомы і гатовы адаптавацца ў гэтых умовах. Для нас гэта важна. Нам трэба зрабіць усё, каб наладзіць самастойныя вытворчасці. Як паказвае практыка, мы гэта можам і ў нас усё дзеля гэтага ёсць.

З Расійскай Федэрацыяй нас збліжае духоўная блізкасць, менталітэт, агульная перамога і славянскія карані. Мы разам і цяжка ўявіць іншы варыянт. Аднак сёння, шмат у чым дзякуючы інтэрнет-прасторы, сіламі звонку ажыццяўляюцца спробы перапісаць гісторыю. Задача нашага пакалення зрабіць усё, каб маладое пакаленне ведала сапраўдную праўду, ганарылася гераічным подзвігам свайго народа. Наша моладзь - гэта наш стратэгічны запас, наша будучыня. Таму сёння, у тым ліку, мы казалі аб магчымасці абмену моладзевымі дэлегацыямі, каб яны разумелі - мы адзінае цэлае і трэба разам працаваць і развівацца. У нас ёсць агульныя інтарэсы і, упэўнены, цяперашнія зносіны атрымае працяг у будучых сумесных праектах».

Меркаваннем аб задачах, якія сёння стаяць паміж рэгіёнамі Беларусі і Расіі, падзяліўся губернатар Курскай вобласці Раман Старавойт. Ён падкрэсліў: «Нягледзячы на тое, што пагадненне аб супрацоўніцтве Магілёўскай і Курскай абласцей, у прыватнасці, падпісана не так даўно, у 2015 годзе, не варта забывацца на савецкія часы, калі міжрэгіянальная кааперацыя працавала ідэальна і гэты вопыт сёння нічога не перашкаджае абнавіць, актуалізаваць з улікам рэалій сучаснасці і выкарыстоўваць на практыцы.

У адносінах да нашых краін апошнія гады вядзецца эканамічная вайна, блакуюцца ініцыятывы, ствараюцца цяжкасці для развіцця народаў. Таму мы павінны трымацца адно аднаго. І вопыт нашых рэгіёнаў у частцы аграпрамысловага комплексу, перапрацоўкі сельгаспрадукцыі, прамысловасці Магілёўскай і Курскай абласцей, якая дынамічна развіваецца, садзейнічае ўстанаўленню кааперацыйных сувязей.

У Курскай вобласці ідзе актыўнае жыллёвае будаўніцтва, акрамя таго, існуе запатрабаванне ў замене ліфтаў у пабудаваных 25-30 гадоў назад шматпавярхоўках. Трэці год па ўсёй краіне рэалізуецца маштабная праграма па замене гэтых ліфтаў на новыя, з такімі аб'ёмамі расійскія заводы не спраўляюцца, і мы вельмі зацікаўлены ў набыцці ліфтавага абсталявання магілёўскай вытворчасці. Зацікавіла нас і навінка «Магілёўліфтмаша» - ротарныя ліфты для арганізацыі паркавальнай прасторы ў густанаселеных гарадскіх кварталах. Гэта будзе цікава для буйных гарадоў нашага рэгіёна.

Дамовіліся мы і аб больш цесным узаемадзеянні па міжрэгіянальных кааперацыйных сувязях. Што мяркуе задзейнічанне сярэдняга і малога бізнэсу ў тым ліку. Гэта дасць добры мультыплікатыўны эфект. З цікавасцю прынялі прапанову наведаць мерапрыемствы па наладжванні эканамічных сувязей, якія будуць праходзіць у вашай вобласці ў кастрычніку. Да гэтага прапрацуем магчымыя напрамкі. Мы зацікаўлены, каб прамысловасць нашых рэгіёнаў сінхронна, дынамічна і ўзаемавыгадна развівалася».

У сваю чаргу кіраўнік Адміністрацыі губернатара вобласці і Урада Валагодскай вобласці Іна Сінягіна падзялілася станоўчымі ўражаннямі ад наведвання прадпрыемстваў, устаноў адукацыі і аховы здароўя Магілёва.

«Уражвае ўзровень, стаўленне і падыход, накіраваныя на тое, каб зрабіць жыццё людзей камфортным, - адзначыла яна. - Супрацоўніцтва Валагодскай вобласці з Беларуссю ў цэлым вельмі актыўнае. Цяперашняя сітуацыя падахвочвае шукаць як новыя рынкі збыту, так і наладжваць новыя сувязі па імпартазамяшчэнні. На сёння мы сапраўды зацікаўлены ў партнёрстве і знайшлі пункты судакранання з магілёўскім рэгіёнам, якія будзем развіваць. У прыватнасці, нам цікавыя электразапраўкі, праекты ў сацыяльнай сферы. Нам ёсць і чаму павучыцца, і што расказаць. Плануем у кастрычніку прыняць удзел у вашым бізнес-форуме па імпартазамяшчэнні «Зроблена ў Расіі», запрашэнне на які мы атрымалі падчас сённяшніх зносін. Думаю, ён і папярэдняя яго бізнэс-місія дазволяць нашым прадпрыемствам больш кропкава прагаварыць партнёрскія адносіны.

У цэлым у нашым рэгіёне працуе вялікая колькасць прамысловых прадпрыемстваў, таму напрамкаў супрацоўніцтва больш як дастаткова. Цікавіць нас як узаемавыгадны бізнэс, так і культурны складнік, каб нашае ўзаемадзеянне працягвалася і насіла паглыблены характар. З улікам таго часу, у якім мы жывем, хацелася б, каб моладзь больш размаўляла, сябравала і рэалізоўвала агульныя праекты, асабліва накіраваныя на захаванне гістарычнай памяці».

Зацікаўленасць у развіцці культурных і гандлёва-эканамічных сувязей з Магілёўскай вобласцю выказаў і намеснік прэфекта Усходняй адміністрацыйнай акругі горада Масквы Дзмітрый Плахіх:

«Нягледзячы на тое, што мы вядзем дзелавыя сувязі ўжо больш за 20 гадоў, безумоўна, наладжванне кантактаў працягваецца. Усходняя акруга налічвае 16 раёнаў, два з якіх з'яўляюцца пабрацімамі з гарадамі Магілёўскай вобласці. І хоць на тэрыторыі акругі Масквы няма буйных прамысловых прадпрыемстваў, аднак ёсць харчовая і лёгкая прамысловасць, іншыя аб'екты, якія ўяўляюць цікавасць для супрацоўніцтва».

Гаворачы аб эканамічных сувязях, губернатар Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз падкрэсліў, што іх рэгіён супрацоўнічае амаль з сотняй дзяржаў, пры гэтым самы вялікі тавараабарот налічваецца з Рэспублікай Беларусь, у тым ліку і з Магілёўскай вобласцю.

Сёння падчас сустрэчы мы адзначылі, што тавараабарот паміж нашымі рэгіёнамі расце не першы год. Улічваючы добрае суседства, радуе факт, што эканоміка развіваецца. Гэта прыводзіць да росту дабрабыту насельніцтва абодвух рэгіёнаў. Знакава, што тая сітуацыя, якая склалася вакол нашых краін у мінулым годзе, тыя праблемы, якія ўзніклі, нам удалося пераадолець разам і выкарыстоўваць іх як магчымасці. Мы накіравалі свае намаганні на тое, каб закрыць тую нішу тавараў, якую мы атрымлівалі з-за мяжы, сваёй прадукцыяй. І без лішніх прамаруджванняў заняліся яе вытворчасцю.

Яшчэ адзін важны напрамак - наша гісторыя. Без мінулага няма сучаснасці, без сучаснасці няма будучыні. Мінулае - гэта нашы бацькі, дзяды і прадзеды, якія падарылі нам Перамогу і мір, абаранілі гонар, свабоду і незалежнасць. І сёння, калі мы не будзем памятаць гэтага, не будзем выхоўваць моладзь, то ў хуткім часе атрымаем «Іванаў, якія не памятаюць сваяцтва». Пра гэта гавораць і лідэры нашых краін. Таму так важна захоўваць гісторыю, у тым ліку, цёплага сяброўства нашых народаў».

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая