RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Астанкі байца з Чэрыкаўскага раёна, які загінуў у 1944-м у Эстоніі, перапахаваюць на яго радзіме

Свайго дзядзьку Мішу Уладзімір Градусаў з Чэрыкава бачыў толькі на фота. На пажоўклым ад часу здымку –прыгожы малады хлопец у марской форме. Пра яго Уладзіміру расказваў бацька, які таксама ваяваў і вярнуўся дадому. А на яго роднага брата ў 1944-м маці атрымала пахаванку: «Ваш сын Міхаіл гераічна загінуў у Эстоніі». Дзе менавіта быў апошні бой сына і дзе пахавалі чырвонаармейца, там не значылася.

– Калі на чужыне паднялі астанкі Міхаіла Арцем’евіча, я і мае сыны вырашылі, што хай нават праз 77 гадоў татаў брат павінен вярнуцца ў родную Беларусь, – кажа Уладзімір Градусаў. – Мне паведамілі, што астанкі дзядзькі адшукаў у раёне пасёлка Сіргала эстонскі пошукавік Юрый Кершанкоў. Пошукава-гістарычнае аб’яднанне «Віронія» перадало іх пасольству Беларусі ў Эстоніі.

Як патлумачыла намесніца старшыні Чэрыкаўскага райвыканкама Ларыса Асмалоўская, асобу ідэнтыфікавалі па медалі «За баявыя заслугі». Высветлілі, што стралок 6-й роты 308-га стралковага палка 98-й стралковай дывізіі Міхаіл Градусаў загінуў 27 чэрвеня 1944-га. Яму было ўсяго 24 гады.

У Чэрыкаўскім раёне 53 воінскія пахаванні. Параіліся са сваякамі байца – было вырашана ўрачыста перазахаваць астанкі земляка ў брацкай магіле ў вёсцы Зоры. У 60-гадовага Уладзіміра Градусава ад хвалявання дрыжыць голас:

– У самой вёсцы нашых сваякоў ужо няма. Але там жа, на могілках, спачываюць бацька і маці Міхаіла і майго бацькі Івана. Ён таксама біўся з фашыстамі, дайшоў да Германіі, не раз быў паранены, але, на шчасце, вярнуўся жывым... А зараз і родны брат яго будзе пакоіцца ў зямлі, дзеля якой прыняў смерць у баі.

Разам з астанкамі ў Беларусь прыбылі і медалі Міхаіла Арцем’евіча «За абарону Ленінграда»і «За баявыя заслугі». Гэтыя ўзнагароды і частка ваеннай амуніцыі, сярод якіх каска з дзіркай ад кулі, пляменнік перадаў раённаму гісторыка-краязнаўчаму музею. На думку Уладзіміра Іванавіча, было б няправільна схаваць іх дома.

У раённым музеі ёсць зала, прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне. Цяпер, па словах в. а. дырэктара ўстановы Яны Шулікавай, куток у ёй будзе адведзены Міхаілу Градусаву.

Дарэчы, нядаўна знайшоўся яшчэ адзін гераічна загінулы падчас Вялікай Айчыннай вайны ўраджэнец Чэрыкаўскага раёна.

Дасведчаныя фінскія дайверы, супрацоўнікі пошукавай экспедыцыі «Паклон караблям Вялікай Перамогі», якім рыбакі пастаянна скардзіліся на падраныя сеткі, што чапляюцца ў вадзе за нейкі велізарны прадмет, вырашылі арганізаваць чарговае апусканне на дно Балтыйскага мора, –удакладняе мясцовы краязнаўца, кіраўнік пошукавай групы «Зорка» Васіль Максіменка. –Як аказалася, нездарма: за 20 міль ад берага, на глыбіні каля 60 метраў пад вадой, яны знайшлі савецкую падлодку Ш-324 серыі «Шчупак»з разарваным на шматкі «носам». На паўвостраве Ханка, побач з якім субмарына затанула, была савецкая ваенна-марская база. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны падыходы да яе немцы закідалі мінамі. Для прыкрыцця абекта ў той раён і была адпраўлена Ш-324. Апошні раз падлодка выходзіла на сувязь 5 лістапада 1941 года, на базу не вярнулася. З той пары яе экіпаж лічыўся зніклым без вестак. І вось нарэшце таямніца гібелі субмарыны адкрылася. Арыенціровачна яна напаролася на нямецкую міну 610 лістапада 1941-га. Шанцаў выжыць у маракоў не было. Па архіўных дакументах у Маскве ўстанавілі іх імёны. І высветлілася: адзін з іх – беларус, наш зямляк Іван Васільевіч Шчаўлікаў 1920 года нараджэння. Падводнікаў не перапахоўваюць. Субмарына, на борце якой было 39 чалавек, стала іх брацкай магілай.

Мы адшукалі сваякоў героя ў Гомельскай вобласці. Вядома, што бацька Івана –Васіль Філіпавіч Шчаўлікаў, ураджэнец вёскі Журавель Чэрыкаўскага раёна – таксама не вярнуўся з фронту. Але памяць пра іх жывая. Адна з вуліц Чэрыкава носіць імя Шчаўлікава.

Радавога Градусава ўрачыста перапахаваюць 5 мая. На абеліск на брацкай магіле, дзе пахаваны чацвёра безыменных герояў, дададуць шыльдачку з яго імем. Каб памяталі…

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая