RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Астанкі чырвонаармейцаў і дакументы знайшлі ў Слаўгарадскім раёне

Астанкі чатырох чырвонаармейцаў, салдацкі медальён, абмундзіраванне і фрагменты дакументаў знойдзены пры раскопках у Слаўгарадскім раёне. Гэта першыя вынікі маладзёжнай пошукавай экспедыцыі «Сожскі рубеж– 2021», якая стартавала ў Магілёўскай вобласці.

Раскопкі праводзяцца ў месцах лютых баёў 1941 года каля вёскі Папоўка. Пошукавікі хочуць устанавіць лёс воінаў 25-га мехкорпуса і іншых частак Чырвонай Арміі, якія абаранялі Радзіму ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У першым жа раскопе ўдзельнікі экспедыцыі выявілі астанкі савецкага салдата, два хімічныя алоўкі, падсумак з патронамі, процівагаз, каску, фрагменты дакументаў і знак ГПА. У трэцім раскопе адзін з юных пошукавікаў знайшоў медальён. У чацвёртым аказаліся астанкі яшчэ двух байцоў Чырвонай Арміі, а таксама палітрука, побач з якім апынуўся партбілет.

У экспедыцыі ўдзельнічаюць пошукавы клуб «Віккру», 52-гі пошукавы батальён Узброеных Сіл Беларусі, Магілёўскі абласны цэнтр творчасці, школьнікі, студэнты, а таксама моладзь Магілёва, Чэрыкава, Быхава, Чавус, Асіповіч і Слаўгарада.

ТРК «Магілёў»

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая