RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Атрад юных пчаляроў у Мсціслаўскім раёне сабраў першы ўраджай мёду

Профільны атрад юных пчаляроў у Мсціслаўскім раёне сабраў першы ўраджай таварнага кветкавага мёду. Пра гэта распавяла загадчык Мсціслаўскага вучэбна-метадычнага кабінета Алеся Трубянкова.

«Атрад створаны ўпершыню і дзейнічае на базе ДУА «Падсолтаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа», – адзначыла Алеся Трубянкова. – У ім задзейнічаны вучні 9-10 класаў, якія на працягу навучальнага года асвойвалі праграму прафесійнай падрыхтоўкі па спецыяльнасці «пчаляр». Дзеці спасцігалі азы гэтай галіны сельскай гаспадаркі, майстравалі рамкі для вулляў і шылі ахоўныя касцюмы пчаляроў. З надыходам лета юныя пчаляры ў складзе профільнага атрада актыўна ўключыліся ў працу па доглядзе за пчалінымі сем'ямі, фарміраванню адводаў і своечасовай адпампоўцы мёду».

Эксплуатацыя школьнага пчальніка дазволіла атрымаць ужо больш за 150 кг таварнага кветкавага мёду. Сваю першую прадукцыю вучні Падсолтаўскага ВВК прадставяць 7-8 жніўня на дэгустацыі-продажы ў Мсціславе падчас правядзення рыцарскага фестывалю. Яны абсталююць падворак пчаляроў з імправізаванымі вуллямі і іншым маляўнічым тэматычным афармленнем.

«Праграма прафесійнай падрыхтоўкі пчаляроў разлічана на 2 гады, – удакладніла загадчык вучэбна-метадычнага кабінета. – Па яе завяршэнні вучняў чакаюць экзамены, прысваенне адпаведнага разраду і выдача пацвярджаючых дакументаў аб атрыманні спецыяльнасці».

Дарэчы, у летні перыяд праца профільных атрадаў аграрнай накіраванасці арганізавана на базе сельскіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мсціслаўскага раёна ўпершыню. Праектам «Агра-змена» ахоплены сем вучэбных устаноў па двух напрамках – пчалярства і агародніцтва. Праграму прафесійнай падрыхтоўкі па спецыяльнасці «гароднінавод» асвойваюць Мазалаўскі, Сялецкі, Разанцаўскі, Капачэўскі, Мішнеўскі і Мушынскі ВВК. Усяго ў профільных атрадах працуюць каля 70 дзяцей.

На прышкольных і вучэбна-вопытных участках вучні 8-10 класаў вырошчваюць ягадныя кусты, агароднінныя і востраводарныя культуры. Дзеці вывучаюць тэхналогію вядзення сельскагаспадарчай вытворчасці ва ўмовах рэгіёна, а таксама вывучаюць культуру землекарыстання і далучаюцца да даследчай дзейнасці.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая