RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Бабруйскаграмаш» плануе ў 2020 годзе экспартаваць ва Украіну тэхніку на $ 1 млн

ААТ «Бабруйскаграмаш» плануе па выніках 2020 года экспартаваць ва Украіну тэхніку на $ 1 млн, паведаміў маркетынг-дырэктар па працы на рынках Беларусі, блізкага замежжа Уладзімір Дайнека.

«У гэтым годзе экспарт ва Украіну вырас амаль у два разы ў адносінах да мінулага. Па выніках 2020 года плануем максімальна наблізіцца да $ 1 млн – такая задача стаіць», – сказаў Уладзімір Дайнека. У цэлым прадпрыемства ставіць перад сабой амбіцыйныя мэты, нарошчваючы пастаўкі ў краіны блізкага і далёкага замежжа. Тыдзень таму з казахстанскімі партнёрамі падпісаны кантракт на суму амаль $ 3 млн, рэалізуюцца праекты з краінамі Балтыі, з Кубай.

Прадукцыя «Бабруйскаграмаша» гэтымі днямі прадстаўлена на выставе беларускай і ўкраінскай буйнагабарытнай тэхнікі ў Жытоміры, дзе праходзіць II Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны. Прадпрыемства прэзентуе чатыры машыны, сярод іх навінка – здрабняльнік-упакоўшчык вільготнага збожжа ІУЗ-20М. «На сёння мы не бачым для сябе канкурэнтаў па суадносінах кошту і якасці, – адзначыў Уладзімір Дайнека. – Машына вырабляецца першы год. Па выніках станоўчых водгукаў, атрыманых пасля выпрабаванняў у 2018 годзе ў Беларусі, Гомельская вобласць размясціла заказ на 28 такіх машын. На днях першыя тры ўжо былі адгружаныя». Яшчэ дзясятак машын маюць намер паставіць у Расію.

Тэхніку «Бабруйскаграмаша» ацанілі і ў Эстоніі. У 2018 годзе ў гэтай краіне правялі дэмпаказ. Нараўне з беларускай машынай для ўнясення цвёрдых арганічных угнаенняў МТУ-18 было прадстаўлена некалькі аналагічных канкурэнтных адзінак замежных вытворцаў. У выніку найлепшымі аказаліся дзве – беларускай і французскай вытворчасці, але з улікам розніцы ў цане (у 2,5 разы ніжэйшая) аддалі перавагу менавіта беларускай.

Цэнтральная частка ўкраінскага Жытоміра – Саборная плошча – на два дні ператварылася ў маштабную экспазіцыю, дзе прадстаўлены найлепшыя ўзоры беларускай і ўкраінскай буйнагабарытнай тэхнікі. Убачыць можна 75 адзінак, уключаючы навінкі. Тут кар’ерныя самазвалы, трактары, экскаватары, аўтобусы, камбайны і інш. Беларускі бок прадстаўлены 15 вытворцамі, украінскі – дзесяццю.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая