RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Бялынічы прынялі эстафету майстар-класаў для маладзёжных атрадаў аховы правапарадку

У Магілёўскай вобласці праходзяць вучэнні маладзёжных атрадаў аховы правапарадку. Сёння майстар-класы для моладзі прыняў горад Бялынічы.

Удзельнікамі трэніровак сталі каля 40 чалавек - дзяўчаты і хлопцы з мясцовага атрада «Патрыёт». Цягам дня яны адпрацоўвалі простыя навыкі самаабароны і рэагаванне на надзвычайныя сітуацыі. Рабяты падзяліліся, што ўсе атрыманыя навыкі ім могуць спатрэбіцца, бо наперадзе летнія вакацыі і акцыя «Летні патруль», падчас якой бялыніцкая моладзь разам з праваахоўнікамі будзе патруляваць вуліцы населеных пунктаў, дапамагаць у забеспячэнні правапарадку падчас масавых мерапрыемстваў, сачыць за бяспекай людзей у вадаёмаў і многае іншае.

Урокі па самаабароне давалі супрацоўнікі мясцовага РАУС. Як адзначыў аператыўны супрацоўнік Бялыніцкага РАУС Кірыл Старавойтаў, у экстранай сітуацыі хлопцам могуць спатрэбіцца розныя навыкі і ўменні. «Напрыклад, той самы лёгкі прыём самаабароны. Калі раптам здарыцца так, што іх нехта захопіць, яны будуць ведаць, што трэба рабіць, каб вызваліцца і збегчы ад нападаючага. Ім не трэба зараз праходзіць поўны курс, асобных элементаў будзе дастаткова. Акрамя гэтага, мы вучым хлопцаў ацэньваць сітуацыі, а не проста кідацца наперад. Расказваем пра тое, што найперш важна захаваць сваё жыццё і здароўе, а аказваць дапамогу людзям толькі ў тым выпадку, калі разумееш, што ў тваіх сілах нешта зрабіць. Расказваем і пра тое, як сябе паводзіць, калі няма магчымасці аказаць дапамогу самастойна», - распавёў ён.

Актыўна трэніравалася сёння ўдзельніца маладзёжнага атрада аховы правапарадку «Патрыёт» Валерыя Аленюк. Дзяўчына расказала, што ў будучым хацела б паступаць у Акадэмію МУС. «А таму атрад аховы правапарадку - гэта прыступка на шляху да маёй мары. Тут можна даведацца шмат карыснага: як рэагаваць на розныя парушэнні, што рабіць, калі здарылася надзвычайная сітуацыя. І нават калі чалавек не плануе звязваць сваё жыццё з працай у праваахоўных органах, гэтыя веды і ў звычайным жыцці дакладна не будуць лішнімі», - распавяла яна.

Як расказала камандзір штаба МААП Бялыніцкага раёна Марына Шабусава, з кожным годам рух атрадаў аховы правапарадку расце. «У мінулым годзе гэта было каля 23 чалавек, у гэтым да нас ужо далучыліся 38 чалавек. І гэта яшчэ не канчатковая лічба, хлопцы яшчэ прыходзяць і просяць узяць іх у атрад. Моладзь далучацца да МААП, каб стаць прыкладам для сваіх аднагодкаў, абараняць тых, хто слабейшы і малодшы, - сказала яна. - Нашы хлопцы задзейнічаны ў рабоце круглы год. Зімой разам з супрацоўнікамі МНС, РАУС, АСВОД патрулююць вадаёмы, нагадваюць рыбакам аб тым, што зімовая рыбалка можа быць небяспечнай: раздаюць улёткі, размаўляюць з людзьмі. Улетку патрулююць месцы масавага адпачынку моладзі, дзяцей і дарослых. Праводзім працу і з адпачывальнікамі на пляжах, нагадваем ім аб правілах бяспечнага летняга адпачынку ў вадаёма».
 
На сённяшні дзень у Магілёўскай вобласці дзейнічаюць 74 маладзёжныя атрады аховы правапарадку, у якія ўваходзіць каля тысячы хлопцаў і дзяўчат.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая