RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Цяплічная гаспадарка Магілёўскай вобласці пераходзіць на новыя тэхналогіі

Свае таматы круглы год
 
У Магілёўскім раёне рэканструююць цяпліцы

Кіраўнік дзяржавы не раз звяртаў увагу кіраўнікоў аграпрамысловага комплексу на тое, што ў міжсезонне ў нашу краіну завозяцца агуркі, памідоры з-за мяжы, цэны на іх у магазінах непад'ёмныя. А гэта нікуды не падыходзіць, бо ўмеем усё рабіць самі. Прэзідэнт даў даручэнне аграрыям у бліжэйшы час вырашыць праблему з вырошчваннем садавінагароднінай прадукцыі ў міжсезонне, каб зімой, вясной накарміць народ беларускімі цяплічнымі памідорамі і агуркамі па даступных цэнах.

Да гэтага часу ў зімовыя месяцы агародніна ў нас практычна не вырошчвалася, а праблема вырашальная: каб перайсці на новыя тэхналогіі, трэба мадэрнізаваць цяпліцы.

У Магілёўскім раёне прынята рашэнне правесці рэканструкцыю цяплічнага комплексу ААТ «Фірма «Кадзіна», што і дасць магчымасць выканаць пастаўленую задачу. Па традыцыйнай тэхналогіі збор таматаў у цяпліцах пачынаецца з канца красавіка (да прыкладу, у 2023-м першы ўраджай сабраны ў «Кадзіна» 20 красавіка) і заканчваецца ў кастрычніку - пачатку лістапада. А з наступнага года збіраць ураджай пачнуць у міжсезонне, на якое прыпадае пік увозу ў нашу краіну замежнай плодаагародніннай прадукцыі.

Таматы будуць збіраць у цяпліцах сельгаспрадпрыемства з кастрычніка да пачатку чэрвеня, а ў летнія месяцы зоймуцца вырошчваннем расады. Так што беларускія таматы можна будзе купіць і зімой па прывабных коштах.

Начальнік цяплічнага камбіната Ігар Цімошчанка расказаў, у чым заключаецца новая тэхналогія:

- У цяпліцы ўсталюем дадатковыя свяцільні, якія, калі казаць простай мовай, заменяць раслінам сонца. Дасвечванне станоўча адаб'ецца на іх росце. Такая тэхналогія раней у нас не прымянялася.

Інстытут «Магілёўграмадзянпраект» рыхтуе праектна-каштарысную дакументацыю для будучай рэканструкцыі, вядуцца перамовы з патэнцыйным генпадрадчыкам.

Згодна з перадпраектнай дакументацыяй, якая ў далейшым можа быць скарэкціравана, для 3 гектараў шкляных энергазберагальных цяпліц у гаспадарцы спатрэбіцца каля 8500—9000 свяцілень. Вядома, дорага, энергазатратна, аднак цалкам верагодна, што затраты на электраэнергію будуць ільгатавацца, ва ўрадзе пытанне абмяркоўвалася.

На рэканструкцыю цяпліц у ААТ «Фірма «Кадзіна» адводзіцца шэсць месяцаў. У гаспадарцы ўпэўнены, што ў графік укладуцца. У апошніх чыслах кастрычніка, калі збяруць апошні ўраджай, якраз ужо павінна быць падрыхтавана і праектна-каштарысная дакументацыя. Потым пачнецца працэдура закупкі матэрыялаў, паслуг, абсталявання. У снежні пачнуцца непасрэдна мантажныя работы, якія да мая 2024 года плануецца завяршыць. У ліпені пасеюць насенне, з якіх за 90 дзён адбудзецца поўнае сталенне раслін. А ў кастрычніку наступнага года будзе атрымана першая прадукцыя па новай тэхналогіі.

З кастрычніка 2024-га ў цяпліцах пачнецца і падсвятленне. Спачатку не на ўсю магутнасць: тэхналогія прадугледжвае ступеністае ўключэнне свяцілень. Да прыкладу, на 25 ці 50 працэнтаў у залежнасці ад даўжыні светлавога дня, ад таго, сонечна на вуліцы ці пахмурна.

І не бяда, што зараз у цёплую пару года «Кадзіна» ужо не будзе збіраць таматы, пастаўляць у крамы - з гэтай задачай паспяхова справяцца і іншыя гаспадаркі, у тым ліку фермерскія. Ім і трэба напоўніць унутраны рынак сакавітым таварам у летнія месяцы, калі памідоры можна спакойна вырошчваць у плёначных цяпліцах.

А ў фірме «Кадзіна» плануюць па новай тэхналогіі вырошчваць 1600 тон таматаў у год. Начальнік цяплічнага камбіната Ігар Цімошчанка ўпэўнены, што гэта задача цалкам ажыццявіма.

Кіраўніцтва трымае пытанне па рэканструкцыі цяпліц на кантролі. Старшыня Магілёўскага райвыканкама Алег Чыкіда рэгулярна прыязджае на сельгаспрадпрыемства.

- Мадэрнізацыя цяплічнай вытворчасці дазволіць нам максімальна адысці ад імпарту і ў зімовы перыяд атрымліваць той аб'ём прадукцыі, які неабходны для ўнутранага спажывання, - упэўнены ён.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая