RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дэлегат Аляксандр Багель: пра харчовую бяспеку паклапоцяцца аграрыі, а дасягнуць поўнай згоды ў грамадстве – задача агульная

Наш момант ісціны

Кіраўскі «Рассвет» яшчэ ў часы СССР грымеў як калгас-перадавік і наватар. І сёння ААТ «Рассвет імя К. П. Арлоўскага» – адзін з флагманаў аграпрамысловага комплексу Магілёўскай вобласці. Добрая зарплата і годныя ўмовы працы, укараненне новых тэхналогій, стабільны рост аб’ёмаў вытворчасці: здавалася б, вялікі працоўны калектыў без малога ў тысячу чалавек жыве як дзяржава ў дзяржаве і абмеркаванне асноўных палажэнняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця – не сялянская справа. Але работнікі сельгаспрадпрыемства, якія ўважліва сачылі за трансляцыямі народнага форуму, падрыхтавалі дэлегату – свайму кіраўніку – цэлы спіс пытанняў.

Хоць у палях яшчэ гурбы па пояс, у «Рассвеце» ўсе размовы аб маючай адбыцца пасяўной: падрыхтаваць тэхніку, закупіць насенне і ўгнаенні. Бо адно слабое звяно ў складніках ураджаю – і ў пройгрышы ўсе: і камбайнеры, і даяркі. Але ў гэтыя дні яшчэ адна абмяркоўваемая тэма – Усебеларускі народны сход. Сустрэчы ў працоўным калектыве дэлегата народнага форуму кіраўніка сельгаспрадпрыемства Аляксандра Багеля праходзяць у фармаце не маналогу, а дыскусіі:

– Аказалася, што ўсе ўважліва сачылі за выступленнем не толькі Прэзідэнта, але і дэлегатаў, якія падыходзілі да мікрафона. Прыехаў на днях на ферму, а работнікі мне і кажуць: «Глядзелі, як выступаў трактарыст з СВК «Калгас “Радзіма”». Колькі ў іх усялякіх даплат маладым спецыялістам, які ў іх сацпакет. А ці можам мы нешта пераняць?» Хутка ў нас агульны справаздачны сход. Думаю, пытанняў будзе яшчэ больш.

Аляксандр Багель ўжо трэці раз запар выбіраецца дэлегатам на Усебеларускі народны сход, але цяперашні, па яго назіраннях, прыкметна адрозніваўся самой атмасферай. Усе бачылі, як даводзілася зрушваць рэгламент выступленняў, таму што многія пытанні выклікалі гарачыя спрэчкі.

– Я не прысутнічаў на самых першых форумах, калі абмяркоўвалася пытанне, як накарміць краіну. Зараз на парадку дня зусім іншыя тэмы. Перад выступленнем Прэзідэнта была атмасфера чакання: якім шляхам пойдзем далей?

Для мяне як для чалавека, які пражыў вялікае жыццё, было вельмі важна пачуць, што дзяржаўная палітыка застаецца сацыяльна арыентаванай. Колькі ў нас ужо робіцца для падтрымкі сем’яў, паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі, але спачываць на лаўрах рана.

Сельская гаспадарка стала прыбытковым бізнесам, але многае яшчэ трэба будзе зрабіць. Беларусь пайшла па правільным шляху, развіваючы гэтую галіну. Згаджаючыся з гэтымі словамі Прэзідэнта, Аляксандр Багель разважае пра пункты росту аграпрамысловага комплексу:

– Прэзідэнт правільна заўважыў, што мы не толькі клапоцімся пра харчовую бяспеку краіны, але і ўносім важкі ўклад у эканоміку. Пытанне пытанняў – замацаванне маладых спецыялістаў на сяле. Вось я чытаў, што ў Віцебскай вобласці пайшлі на тое, каб з абласнога бюджэту фінансаваць дадатковыя выплаты маладым спецыялістам у сельскай гаспадарцы. Ці, скажам, калі павялічаць закупачныя цэны на сельгаспрадукцыю, то з такой умовай, каб самі гаспадаркі прыбаўку пусцілі на моладзь. Пра гэта таксама гаварыў кіраўнік дзяржавы: зарабляць на сельгаспрадукцыі ў першую чаргу павінны сяляне, а не перакупшчыкі і гандляры.

Чалавека, які працуе на зямлі, трэба матываваць, ён павінен успрымаць сябе не наёмным работнікам, а зацікаўленым у выніках працы, лічыць кіраўнік Кіраўскага сельгаспрадпрыемства:

– Скажам, калі працуе гаспадарка прыбыткова, прадугледзець нейкую форму ўласнасці, дзе б селянін, які ўсё жыццё сумленна прапрацаваў у ёй, быў пайшчыкам і ведаў, што ён штодзённай адказнай працай уносіць уклад у сваю пенсію.

Яшчэ адна кропка росту ў АПК – новыя тэхналогіі. З падтрымкай дзяржавы ў «Рассвеце» пабудавалі новы малочна-таварны комплекс. Зараз разумная ферма выйшла на поўную магутнасць – і гэта адразу адбілася на эканоміцы гаспадаркі.

– Мы ўжо атрымліваем прыбаўку малака ў дзве з паловай тысячы тон, ад каровы надойваем больш за 8 тысяч літраў, – адзначае Аляксандр Багель. – Вельмі шмат укараняем навін у раслінаводстве, закупляем высокапрадукцыйную тэхніку. «Плюсанулі» добра летась на збожжавых, рапсе. Але якія б ні былі тэхналогіі, усё ўпіраецца ў людзей. Гэта значыць, мы зноў вяртаемся да чалавечага фактару. У нас тут дэмагогаў няма, усе занятыя працай. Калі пачаліся ўсе гэтыя беспарадкі, я сабраў людзей і сказаў: «На працы месца палітыцы няма». У нас тут спакойна, але ў мяне, да прыкладу, у сталіцы жывуць дзеці і ўнукі, і я не магу не перажываць за іх, за краіну. Узнятыя на Усебеларускім народным сходзе пытанні будуць яшчэ абмяркоўвацца, дарожная карта развіцця краіны на найбліжэйшую пяцігодку будзе дапрацоўвацца. І, на мой погляд, самае важнае пытанне – як дасягнуць поўнай згоды ў грамадстве? Мы сутыкнуліся з гэтай праблемай упершыню, гатовага рэцэпту няма.

Зараз наступіў момант ісціны: ці зможам паказаць усяму свету, што мы – нацыя, якая шануе незалежнасць, мір і дабрабыт кожнага, здольная развівацца па ўласным сцэнары, а не быць марыянеткай у чыёйсьці гульні.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая