RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дэпутат аб працы СМІ: замоўчванне праблем недапушчальна, але канструктыўная крытыка не роўная крытыканству

Адказнасць у нас адна на ўсіх - захаваць краіну, яе суверэнітэт і зберагчы мір, такой думкай падзялілася дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Кацярына Серафіновіч.

«Форум медыйнай супольнасці Беларусі, які прайшоў у Магілёве з удзелам кіраўніка дзяржавы, выклікаў вялікую цікавасць не толькі ў асяроддзі прадстаўнікоў мас-медыя, але і ва ўсім беларускім грамадстве, - сказала Кацярына Серафіновіч. - Цытуюць Аляксандра Лукашэнку і замежныя СМІ. Гэта ўжо «класіка стылю» нядобразычліўцаў нашай краіны: аналізаваць кожнае слова беларускага Прэзідэнта. Няхай будзе так, важна зразумець іншае: якія высновы з выступу Аляксандра Лукашэнкі, дыялогу з ім, зробяць журналісты, тыя, хто сёння прадстаўляе айчынную журналістыку ў медыйнай прасторы».

Чаму гэта мае вялікае значэнне? Парламентарый з вялікім вопытам работы ў дзяржаўным СМІ адзначыла, што мы жывем у часы глабальнай перабудовы існуючага светапарадку, інфармацыйныя войны набралі крытычную масу. А між тым, ніхто не адмяняў змену пакаленняў ва ўсіх сферах жыцця, у тым ліку і ў журналістыцы, - на змену тым, хто стукаў у сэрцы людзей словам, ведаючы жыццё не толькі па аповядах сваякоў і пастах у сацсетках, прыходзіць моладзь. На думку Кацярыны Серафіновіч, яе прадстаўнікі разумныя і амбіцыйныя, сярод іх шмат таленавітых, патрыятычна настроеных хлопцаў і дзяўчат. І ўсё ж адсутнасць вялікага жыццёвага вопыту, максімалізм у меркаваннях і ўчынках часам могуць адыграць ролю не лепшых дарадцаў. Яна агучыла некалькі вельмі важных момантаў, пра якія нельга забываць журналістам, перш за ўсё, маладым.

«Першае - напорыстасць, дзёрзкасць у творчасці дапушчальныя, гульня слоў вітаецца, але толькі ў тым выпадку, калі журналіст дасягнуў пэўнага ўзроўню прафесіяналізму, і ўпэўнены, што сваімі крэатыўнымі выказваннямі і алегорыямі незаслужана не пакрыўдзіць людзей. Аб неабходнасці ж падачы праўдзівай інфармацыі сваім чытачам, гледачам, слухачам, як і якаснай працы над аналітыкай, думаю, нагадваць не варта. Гэта першачарговы прынцып. Адкрываючы ў летапісе айчыннай журналістыкі сваю старонку, важна рабіць гэта яскрава, праўдзіва, натхнёна».

Другое, што на думку дэпутат не менш важна: пры асвятленні праблемных пытанняў ніхто не адмяняў паняцці журналісткай этыкі. Зразумела, казаць аб існуючых праблемах неабходна, і менавіта дзяржаўныя СМІ павінны трымаць тут пальму першынства, замоўчванне існуючых праблем недапушчальна. Але канструктыўная крытыка (мэта якой агучванне праблемы з тым, каб яе вырашылі) не роўна крытыканству. Аб гэтым таксама гаварыў Аляксандр Лукашэнка: «Прашу, каб не мірыліся з недахопамі, але рабілі гэта вельмі акуратна».

«Упэўнена, што баланс паміж стваральнымі і ваяўнічымі, пазітыўнымі і крытычнымі матэрыяламі, будзе выкананы па той простай прычыне, што ў нашай краіне, па-першае, дастаткова падстаў, каб казаць сваёй аўдыторыі пра станоўчыя падзеі, а па-другое, на іх ёсць запыт грамадства, - падкрэсліла парламентарый. - І поўнасцю падтрымліваю пазіцыю нашага Прэзідэнта ў тым, што нам трэба значна часцей выходзіць са стваральнымі гісторыямі, сюжэтамі на папулярныя лічбавыя платформы, перакладаючы і агучваючы фактуру на іншыя мовы. У сучасных рэаліях праца СМІ на знешнім контуры не менш важная, чым на ўнутраную аўдыторыю».

Кацярына Серафіновіч звярнула асаблівую ўвагу на адзін з асноўных напрамкаў у развіцці СМІ, абазначаны Прэзідэнтам на форуме, - фарміраванне нацыянальнага інфармацыйнага стылю вяшчання з павелічэннем долі вытворчасці ўласнага якаснага, канкурэнтаздольнага прадукту. Прафесіяналы ведаюць, запатрабаваным будзе толькі тое мас-медыя, якое прапануе сваёй аўдыторыі аўтарскі, якасны кантэнт, лічыць яна. З аднаго боку, з развіццём інтэрнет-тэхналогій, рыхтаваць такі сюжэт, праграму стала прасцей, бо даступная любая інфармацыя, з другога - складаней, бо ўсе мы ведаем, колькі існуе хлусні, адкрытых фейкаў у віртуальным свеце. Таму журналіст, як учора, так і сёння, - гэта перш за ўсё інтэлектуал, чалавек неабыякавы да таго, што адбываецца навокал, і галоўнае, які ўмее думаць, аналізаваць тое, што адбываецца.

«У цэлым цешыць, што беларускія журналісты, як мелыя досвед працы, так і тыя, хто робіць першыя крокі ў прафесію, - зараджаныя, як зараз кажуць, на вынік, на выкананне пастаўленых задач. Дзякуючы гэтаму мы хутка пачуем галасы новых лідэраў меркаванняў з ліку лекараў, навукоўцаў, прадпрымальнікаў, бо апрыёры абавязак журналістаў не толькі выказваць свой пункт гледжання на падзеі, якія адбываюцца, але і актыўна даваць магчымасці мас-медыя для прадстаўнікоў іншых прафесій. А чым большыя галасы тых, хто кажа праўду, заяўляе аб сваёй гатоўнасці адстойваць яе, тым вышэйшая верагоднасць, што не давядзецца гэта рабіць ваенным шляхам. Бо адказнасць у нас адна на ўсіх - захаваць краіну, яе суверэнітэт і зберагчы мір. Аб'яднаўшы намаганні, гэта зрабіць лягчэй», - перакананая дэпутат.

«На мой погляд, у кожнага журналіста павінна быць разуменне таго, чым жыве краіна і гонар за яе дасягненні, за тое, што створана нашымі папярэднікамі і ствараецца сучаснікамі. І тады нам не давядзецца дзівіцца таму, што ў эфір, на старонкі друкаваных выданняў трапляюць нізкапробныя матэрыялы, якія прапагандуюць чужыя нашаму менталітэту каштоўнасці, таму што іх папросту не будзе. Увогуле ж, журналісты, як у ранейшыя часы, пішуць летапіс свайго краю, усёй Беларусі. З той толькі розніцай, што сёння ім даводзіцца рабіць гэта пад аптычнымі прыцэламі «калег» з недружалюбных нам краін, якія толькі і чакаюць любой нагоды, каб з усяго дуру агучыць чарговы фэйк. У гэтым так званыя «незалежныя» журналісты, блогеры спрактыкаваліся. Мы ж ведаем, нават калі інфападставы для негатыўных паведамленняў пра жыццё ў Беларусі няма, вольныя ад сумлення спецыялісты (не магу назваць іх журналістамі) створаць іх самі, перакруціўшы сутнасць рэчаў. Таму жадаю маладым калегам не толькі творчых ідэй, цікавых праектаў, але і стойкасці ў адстойванні сваёй пазіцыі, цвёрдасці характару і стваральнай творчасці на карысць роднай Беларусі», - падсумавала Кацярына Серафіновіч.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая