RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Эпідэміёлагі расказалі пра асаблівасці сёлетняга сезона ВРВІ і грыпу

Парагрып, адэнавірусная і каранавірусная інфекцыі ўжо актыўныя. Але захворванне імі пакуль на неэпідэмічным узроўні, адзначаюць медыкі. Спецыялісты не выключаюць, што на грып людзі ўжо хварэюць.

– Мы не можам лабараторна праверыць ўсіх пацыентаў з ВРВІ. Робім гэта выбарачна, як правіла, у цяжкіх выпадках, – расказвае прафесар кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Сяргей Жаваранак. – У пачатку сезона формы грыпу лёгкія, а падчас разгару захворвання людзі хварэюць асабліва цяжка. Таму важна зрабіць прышчэпку своечасова.

Днямі ў медыцынскіх цэнтрах нашай краіны з’явілася новая чатырохвалентная вакцына. Яна страхуе супраць усіх верагодных штамаў грыпу, якія СААЗ прагназуе ў гэтым сезоне. Усяго рознымі відамі вакцын ужо прышчэплена амаль 40 працэнтаў насельніцтва. Асноўная фаза вакцынацыі завяршаецца 1 снежня.
– Прышчэпка – адзіны спецыфічны сродак прафілактыкі грыпу, – звяртае ўвагу загадчыца аддзялення імунапрафілактыкі аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вераніка Высоцкая. – Іншыя неспецыфічныя метады папярэджання інфекцыі – гэта рэгулярнае праветрыванне, паўнавартаснае харчаванне, прагулкі на свежым паветры, здаровы лад жыцця, гігіена рук, рэспіраторны этыкет.

Асноўны этап прышчэпачнай кампаніі падыходзіць да канца, але гэта не значыць, што прышчэпку зрабіць больш нельга. Прышчапіцца можна ў любы час, нават калі назіраецца пік уздыму захворвання. Проста верагоднасць таго, што імунітэт сфарміруецца своечасова, ніжэйшая. Для гэтага патрэбны 21 дзень.
Сяргей Жаваранак заўважыў, што ў нашай краіне ёсць неабходныя сродкі для лячэння ўсіх тыпаў грыпознай інфекцыі. Але яны не панацэя. Грып часам развіваецца вокамгненна і прыводзіць да незваротных ускладненняў.

– Асабліва цяжка хварэюць на ВРВІ і грып людзі, схільныя да паўнаты, – акцэнтуе Сяргей Уладзіміравіч. – Грып дзейнічае больш дасканала, чым бактэрыяльныя ўзбуджальнікі інфекцый. Выклікае хуткаплынную пнеўманію і смерць.

Адзінкавыя выпадкі грыпу А рэгіструюць у еўрапейскіх краінах. Расце захворванне на Аравійскім паўвостраве. Разгар грыпу і ВРВІ ў нас чакаецца ў студзені-лютым.

Дарэчы, у мінулым годзе захворванне на ВРВІ і грып у прышчэпленых было ў 13 разоў ніжэйшым. Больш за 98,2 працэнта выпадкаў лабараторна пацверджанага грыпу зарэгістравана ў непрышчэпленых.

Вірус грыпу пастаянна мутуе. Адной прышчэпкай на ўсё жыццё ад грыпознай інфекцыі не застрахуешся. Таму і кампаненты прэпаратаў пераглядаюць штогод. Паводле звестак СААЗ, для прафілактыкі грыпу на сезон 2019/20 у прышчэпку ўключаныя штамы грыпу А (H1N1), які цыркуляваў у 2018 годзе, а (H3N2), які цыркуляваў у 2017 годзе, і грыпу В (лінія «Вікторыя»), які цыркуляваў у 2017 годзе.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая