RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі: навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва на міжрэгіянальным узроўні становіцца неад’емнай часткай міжнародных адносін – Леанід Заяц

Навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва на міжрэгіянальным узроўні становіцца аб’ектыўнай рэальнасцю і неад’емнай часткай сістэмы міжнародных адносін. На гэта звярнуў увагу старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц, выступаючы сёння на пленарным пасяджэнні VIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

А пачынаецца такое партнёрства са студэнцкай парты, адзначыў ён. Толькі ВНУ Магілёўскай вобласці заключана 166 дагавораў з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Расійскай Федэрацыі па рэалізацыі сумесных адукацыйных праграм у сферы навукова-даследчай дзейнасці.

Станоўчым прыкладам можа служыць работа Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, які мае статус міждзяржаўнай адукацыйнайустановы. Яго навуковыя распрацоўкі запатрабаваны расійскімі партнёрамі і вядуцца ў розных сферах: ад аптычнай эндаскапіі да праектавання хопераў-мінералавозаў. Лабараторыямі толькі за апошні год выканана 16 дагавораў на $118 тыс. У ліку асноўных партнёраў ВНУ–навукова-тэхнічныя цэнтры «Оптимед», «Омтех», Каломенскі і Бранскі вагонабудаўнічыя заводы, холдынг «Гефест» і іншыя.

«У сучасным свеце навуковыя распрацоўкі без іх практычнай рэалізацыі ў рэальным сектары эканомікі не маюць эканамічнага эфекту, – падкрэсліў Леанід Заяц. – Таму наша агульная задача–умацаваць узаемадзеянне навуковых устаноў, вышэйшых навучальных устаноў нашых краін з прадпрыемствамі рэальнага сектара эканомікі». Так, стварэнне прадпрыемства па вытворчасці тэхнічнага вугляроду «Омск Карбон Магілёў» з’яўляецца паказальным прыкладам такога ўзаемадзеяння, лічыць старшыня аблвыканкама. 

Расійская кампанія «Омск Карбон Групп» займае першае месца па аб’ёмах вытворчасці тэхнічнага вугляроду ў Расіі і краінах СНД, восьмае месца ў свеце. У структуры кампаніі тры вытворчыя пляцоўкі: дзве ў Расійскай Федэрацыі – у Омску і Валгаградзе, трэцяя–у Магілёве. Кампаніяй надаецца асаблівая ўвага інтэграцыі з навукай. Створаны і эфектыўна працуе навукова-тэхнічны цэнтр у Омску, заключана пагадненне аб супрацоўніцтве з Інстытутам прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Першыя вынікі даследаванняў айчынных навукоўцаў паказалі перспектыву вывучэння ўласцівасцей тэхнічнага вугляроду. У прыватнасці, гаворка ідзе аб стварэнні на аснове беларускага тэхвугляроду металавугляродных матэрыялаў для мікра- і нанаэлектронікі.

«Паспяховая рэалізацыя гэтага інавацыйнага праекта шмат у чым стала магчымай дзякуючы міжрэгіянальнаму супрацоўніцтву і ўсебаковай падтрымцы з боку ўрадаў дзвюх дзяржаў», – упэўнены Леанід Заяц. Аднак у пытаннях стварэння адзінай прамысловай палітыкі ў межах Саюзнай дзяржавы пакуль не ліквідаваны многія бар’еры, лічыць кіраўнік Прыдняпроўскага краю. Вытворцы высокатэхналагічнай прадукцыі перыядычна сутыкаюцца з абмежаваннямі па ўдзеле ў закупках на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, што, безумоўна, стрымлівае развіццё кааперацыі.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая