RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўскія навукоўцы лічаць павышэнне долі айчыннага насення каманднай работай селекцыянераў і аграрыяў

Сваё лепш заморскага

Павышэнне выкарыстання айчыннага насення вучоныя Магілёўскай доследнай сельгасстанцыі лічаць каманднай работай селекцыянераў і аграрыяў

У РУП «Магілёўская абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» ствараюць новыя сарты лёну-даўгунцу, вырабляюць элітны насенны матэрыял бульбы, збожжавых і зернебабовых культур. Айчынныя гатункі павінны заняць не менш як 80 працэнтаў рынку насення - такое даручэнне Прэзідэнта. Але рашэнне пастаўленай Кіраўніком дзяржавы задачы прадугледжвае аб'яднанне намаганняў вучоных і сельгаспрадпрыемстваў, бо рэнтабельнасць сельгаскультур залежыць не толькі ад селекцыянераў, але і ад дыктатуры тэхналогій.

Навука - ручная праца

Малады навуковы супрацоўнік Юлія Бараноўская з гонарам расказвае, што і яна складалася ў камандзе, якая вывела новы гатунак лёну-даўгунцу «моцны». Яго пачалі ўжо вырошчваць беларускія льнаводы. Аказваецца, для стварэння новага гатунку неабходна 15 гадоў. Юлія Бараноўская паказвае выпрабавальны палігон для гібрыдаў з роўнымі, як пад лінейку, радамі:

- У селекцыі ад пасяўной да абмалоту - ручная праца. Кожнае насенне лёну высейвалася ў лунку на пэўную глыбіню. А цяпер мы праводзім гібрыдызацыю - аб'яднанне лепшых селекцыйных ліній у новы гатунак. Да світання, пакуль не распусцілася блакітная кветка лёну, з пінцэтам працуем, каб пылок на іншую расліну перанесці. Пасля кожнай такой аперацыі заносім інфармацыю аб «бацьках» у часопіс.

Юлія Бараноўская лічыць, сёння эканомікай як ніколі запатрабаваны адкрыцці ў аграрнай навуцы:

- Я родам з гэтых месцаў. На мой погляд, у нашым аграгарадку Дашкаўка ёсць усё для жыцця. Але ў нас на доследнай станцыі мала маладых навукоўцаў, хоць і інтэрнат прапануюць, і заробак годны. Многія рвуцца ў горад. А шкада, бо стварэнне новага гатунку - працэс творчы і захапляльны.

Развянчанне міфаў

Загадчык аддзела селекцыі і насенняводства лёну кандыдат сельскагаспадарчых навук Пётр Хамутоўскі займаецца «паўночным шоўкам» больш за 40 гадоў. На думку вучонага, навуковая незалежнасць у раслінаводстве - неабходны складнік харчовай бяспекі:

- Прэзідэнт зусім дакладна заўважыў: насенне - больш чым золата. І па лёне, напрыклад, за гэты год пастаўленай планкі дасягнем - ужо цяпер доля айчыннага насення каля 70 працэнтаў. Але па шэрагу культур, такіх як цукровыя буракі, кукуруза, рапс, некаторыя пазіцыі збожжавай групы, на жаль, суадносіны айчыннага і імпартуемага насення не на нашу карысць. І маё перакананне, што нашы сельгаспрадпрыемствы часам следуюць міфу, маўляў, заморскае заўсёды лепшае.

Пётр Хамутоўскі прыводзіць прыклад. У мінулым годзе на базе двух вядучых ільнозаводаў праходзіў вытворчую праверку новы гатунак лёну-даўгунцу «рубеж» і паказаў найвышэйшую ўраджайнасць у параўнанні ў тым ліку з шэрагам імпартных. Вопытны вучоны падкрэслівае, рэнтабельнасць сельгаскультур залежыць не толькі ад селекцыянераў, але і ад дыктатуры тэхналогій:

- Лён - культура стратэгічная, экспартная пазіцыя. Дзяржава падтрымлівае аграрную навуку, зараз выдзелены сродкі пад новы навуковы праект, закупляецца абсталяванне. Мы вырабляем маткавую эліту, за намі ў ланцужку сортавыпрабавальныя станцыі і льнозаводы. Ад падбору палёў, якаснай нарыхтоўкі і перапрацоўкі залежыць канчатковы вынік. Дарэчы, надвор'е сёлета на баку аграрыяў, і па ўсіх культурах зараз ідэальныя ўмовы для высокіх ураджаяў.

Бульба ў прабірках і бялковае пытанне

Каб атрымліваць вялікія ўраджаі беларускай бульбы, неабходна перыядычна абнаўляць насенне. На Магілёўскай абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыі другі хлеб вырошчваюць у прабірках.

- Закупілі шэсць сотняў аздароўленых зыходных раслін у Навукова-практычным цэнтры па бульбаводстве і размножылі з дапамогай чаранкавання да 75 тысяч, - намеснік дырэктара па вытворчасці Пётр Кукшынаў падкрэслівае, што стэрыльнасць тут, як у аперацыйнай. - Таму атрыманы пасяўны матэрыял абсалютна чысты ад хвароб.

Затым бульба з прабірак перасяляецца ў цяпліцы. Першы ўраджай збіраюць да апошняга клубня - бо гэта вельмі каштоўны пасяўны матэрыял. На наступны год атрымліваюць ужо гадавальнік папярэдняга размнажэння, які могуць набыць і агароднікі, і сельгаспрадпрыемствы.

- У Дзяржрэестры больш за 180 сартоў бульбы, з іх айчынных - 46, - Пётр Кукшынаў перакананы, што беларускія сарты не ўступаюць па ўраджайнасці і смакавых якасцях. - Трэба выконваць тэхналогію апрацоўкі, не высейваць ніжэй за трэцюю рэпрадукцыю, тады і вынік будзе.

У гэтым годзе тут першы раз высеялі лубін і сою. Гэта бялковыя кармавыя культуры, якія зараз у трэндзе ў аграрыяў пад праекты «вялікага малака» і імпартазамяшчэння. Рабіць стаўку на сваё насенне - эканомія валюты, адзначае загадчык аддзела Сяргей Рыжкоў, сельгаспрадпрыемствы атрымліваюць раяніраваныя гатункі і могуць быць упэўнены ў іх высокай рэпрадукцыі:

- Сою гатунку «пушчанская» на прэзідэнцкім полі ў ААТ «Александрыйскае» Шклоўскага раёна высейвалі летась. Наша задача - вырабіць яе насенне высокіх рэпрадукцый для гаспадарак. На іншым айчынным гатунку «прыпяць» праводзім вытворчы вопыт - вывучаем дзеянне рэгулятараў росту і мікраўгнаенняў. Бо аграрыям важна даць не проста насенне новых культур і сартоў, але і навукова абгрунтаваную інструкцыю. З 35 сартоў збожжавых і зернебабовых у нас толькі адзін замежнай селекцыі.

Спецыялісты Магілёўскай абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыі адзначаюць, што харчовая бяспека ва ўмовах санкцый мае на ўвазе незалежнасць ад замежных пастаўшчыкоў. Таму і селекцыянеры, і аграрыі зараз разумеюць: без тэхналагічнага рыўка і стаўкі на навуку немагчыма падняцца на новую прыступку развіцця сельскай гаспадаркі.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая