RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Маштабныя прэзентацыі, дзелавыя перамовы: у Магілёве завяршыўся Міжнародны кааперацыйны форум

Маштабная прэзентацыя прадукцыі прамысловых прадпрыемстваў, дзелавыя перагаворы і тэматычныя секцыі: у Магілёве завяршыўся Міжнародны кааперацыйны форум па імпартазамяшчэнні, які праходзіў на працягу трох дзён у спартыўным комплексе «Алімпіец».

Як расказаў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар, у Магілёве праходзіў першы Міжнародны форум па прамысловай кааперацыі, на якім адбыліся прэзентацыі, дзе суб'екты гаспадарання Беларусі і Расіі змаглі прадставіць сваю прадукцыю. Вялікая ўвага была ўдзелена В2В перагаворам - для гэтага арганізавалі тры асобныя лакацыі, дзе час быў распісаны літаральна па гадзінах - так шмат было зацікаўленасці бізнесу.

«Працавалі падчас форума і асобныя тэматычныя секцыі. «Першай стала сустрэча «Шлях ад імпартазамяшчэння да тэхналагічнай незалежнасці». Яна была прысвечана прамысловай кааперацыі, дзе мы падрабязна абмеркавалі магчымасці падтрымкі гэтага напрамку ў нашых краінах і сумеснай працы. Другая была прысвечана пытанню прасоўвання экспарту ва ўмовах санкцыйных рэжымаў і інструментам падтрымкі экспарту. Там таксама былі прадстаўлены нашыя арганізацыі, якія займаюцца прасоўваннем экспарту, і арганізацыі, якія займаюцца спадарожнымі момантамі: банкі, гандлёва-прамысловыя палаты. Трэцяя секцыя ахапіла вельмі важны напрамак - гэта інтэрнет-гандаль, продаж на маркетплейсах. Мы бачым, што гэты напрамак набывае ўсё большую папулярнасць. Выступалі эксперты, якія дзяліліся гатовымі кейсамі і кірункамі, як гэта можна рэалізоўваць», - адзначыў Руслан Страхар.

У час работы секцый для ўсіх зацікаўленых арганізавалі наведванне прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці: Магілёў, Бабруйск, Крычаў. «Яны змаглі пазнаёміцца з усімі кірункамі, якія былі цікавыя, - сказаў намеснік старшыні. - Да нас прыехалі дэлегацыі з 14 расійскіх рэгіёнаў, таму ў аблвыканкаме былі арганізаваны асобныя сустрэчы на ўзроўні кіраўніцтва Магілёўскай вобласці. Мы не проста абмяркоўвалі пытанні прамысловай кааперацыі, а шырокі спектр нашых узаемадзеянняў, пачынаючы ад культурных сувязей, нашай моладзі, узаемадзеяння вышэйшых навучальных устаноў, закраналі пытанні эканомікі. Таму ў цэлым можна сказаць, што такая пляцоўка стала вельмі запатрабаванай, і мы ўжо сумесна з амбасадай Расейскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь абмяркоўваем наступныя даты правядзення такога мерапрыемства».
 
Руслан Страхар таксама расказаў аб тым, што цікавіла прыезджых удзельнікаў форуму. «Што да прадуктаў ці тавараў, якія найбольш запатрабаваныя расейскімі партнёрамі, то гэта ўся гама сельскагаспадарчай тэхнікі. Менавіта таму мы арганізавалі выставу нашай буйнагабарытнай тэхнікі, пачынаючы ад маленькіх трактароў і заканчваючы БелАЗамі. І быў шэраг перагавораў як па пастаўцы гэтай прадукцыі, так і па магчымасці ўступіць у кааперацыйныя сувязі з нашымі прамысловымі гігантамі, - падзяліўся ён. - Безумоўна, усе расійскія рэгіёны цікавіць наш ліфтабудаўнічы завод. Пытанне замены ліфтаў - гэта глабальная тэма для ўсіх. Вагонабудаўнічы завод таксама некалькі кантрактаў падпісаў, цэментныя прадпрыемствы, прадпрыемствы малога і сярэдняга бізнесу, якія выпускаюць шырокую гаму машынабудаўнічай прадукцыі. Ну і традыцыйна прадукты харчавання, якія карыстаюцца падвышаным попытам у расейскіх спажыўцоў».
 
Удзельнікамі форуму ў Магілёве сталі больш за 100 прадпрыемстваў.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая