RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Не толькі пажар будуць тушыць». Частку супрацоўнікаў МНС Беларусі плануюць узброіць

Частку супрацоўнікаў МНС плануюць узброіць, каб у выпадку канфлікту або ваенных дзеянняў яны маглі ў ліку іншых быць задзейнічаны ў ваенных мэтах нароўні з арміяй. Гэта пытанне абмяркоўвалася на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі па ўдасканаленні структуры сістэмы МНС.

«Супрацоўнікі МНС – хлопцы моцныя. І не толькі хлопцы. У мяне яны выклікаюць вельмі сур’ёзную павагу. Вось дзе б МНС ні было, яны адны з найлепшых, калі не найлепшыя», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў парад, дзе супрацоўнікі МНС паказалі выпраўку не горшую за вайсковую. Яны таксама заўсёды ў лідарах па пажарна-выратавальным спорце, чэмпіёны свету.

«Гэта імідж МНС. Я хілю да таго, што ўсе супрацоўнікі МНС, асабліва пры цяперашнім міністру, хочуць быць сілавым блокам. Сілавікі. Мы так іх і лічым. Але для таго каб быць сілавіком, трэба выдатна валодаць зброяй. Маё распараджэнне было, каб мы вызначылі ў МНС, якую частку мы будзем узбройваць: хто гэтыя хлопцы, дзяўчынкі, якія там служаць, якія будуць насіць агнястрэльную зброю і будуць падрыхтаванымі выключна так, як, я сказаў, яны сябе ўсюды праяўлялі. Хацелася б пачуць, наколькі мы прасунуліся ў гэтым плане, каб МНС стала сілавым блокам па-сапраўднаму, колькі людзей у нас будзе валодаць зброяй не горш, чым у войску і міліцыі», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта найважнейшы элемент: «Не можам мы ў краіне кампактнай, невялікай мець колькасць пастаянна дзеючых Узброеных Сіл 200–300 тыс. Мы дамовіліся, што колькасць нашых Узброеных Сіл, арміі нашай – 65 тыс., і на гэтым спыніліся. Але калі адбудзецца нейкі канфлікт, не дай Бог вайна, у нас што, у МНС дужыя надзейныя супрацоўнікі будуць у баку? Не. Яны не толькі будуць тушыць пажар».

Такім чынам, з аднаго боку, супрацоўнікі МНС будуць ратавальнікамі. І другая функцыя – як узброеных людзей, якія, па словах Прэзідэнта, у выпадку моманту падчас НС устануць на абарону Радзімы. «А для гэтага трэба валодаць зброяй. Якой? Пісталеты, аўтаматы, кулямёты, гранатамёты, або мы іх будзем узбройваць яшчэ і якой-небудзь тэхнікай? Думаю, так. І гэта актыў будзе, сур’ёзны актыў, і дапамога для нашага войска на выпадак, калі раптам», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён выказаў здагадку, што і ў мірны час, мадэрнізуючы МНС, знойдзецца для іх праца як для ўзброеных людзей. «Гэта вельмі важна пры рэфармаванні. А не тое, што мы там клеткі накрэслім: гэтага чалавека туды, гэтага – сюды. Гэта само сабой, але павінна быць істотная мадэрнізацыя», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

У гутарцы з журналістамі, якая адбылася пасля сустрэчы міністра з кіраўніком дзяржавы, Вадзім Сіняўскі растлумачыў, што МНС пачало займацца прапрацоўкай пытання аб узбраенні супрацоўнікаў на выпадак канфлікту або ваенных дзеянняў каля паўгода таму. Тады міністр быў з дакладам у Прэзідэнта і яму была пастаўлена адпаведная задача. Для яе рашэння ўжо ўнесены неабходныя змены ў заканадаўства, ідзе падрыхтоўка асабовага складу, будынкаў і збудаванняў, дзе будзе захоўвацца тэхніка і ўзбраенне. «Мы падрыхтавалі разлікі, вызначылі колькасць людзей, якіх можам пры неабходнасці адмабілізаваць, і пачалі з імі падрыхтоўку, у тым ліку практычнага прымянення сіл і сродкаў», – сказаў Вадзім Сіняўскі.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая