RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пытанні інвестыцыйнага развіцця, нарошчвання вытворчасці і экспартнай пераарыентацыі абмеркавалі ў Магілёве

У рэгіянальным развіцці асноўнымі прыярытэтамі застаюцца: інвестыцыі, напаўняльнасць бюджэту для далейшага развіцця тэрыторый, рост даходаў насельніцтва. Такой думкай падзяліўся старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама Дзмітрый Мудрагелаў падчас пасяджэння калегіі па падвядзенні вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёну за 2022 год і пастаноўцы задач на 2023 год. Удзел у ёй таксама прынялі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык, старшыня Магілёўскай асацыяцыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Мікалай Цыкуноў. Мерапрыемства прайшло на базе СЭЗ «Магілёў».

Як адзначыў Дзмітрый Мудрагелаў, у 2022 годзе эканоміка працавала ва ўмовах санкцыйнага ціску. Пад удар трапілі ключавыя экспартныя галіны, традыцыйныя рынкі збыту, транспартна-лагістычныя калідоры, сістэма банкаўскіх разлікаў. Стаяла задача адаптавацца да новых умоў працы, стабілізаваць функцыянаванне рэальнага сектара эканомікі, забяспечыць занятасць нашых людзей і своечасовасць выплаты заработнай платы.

«Лічу, што нам гэта ўдалося. Сёння сітуацыя ў вобласці застаецца стабільнай і кіруемай. У 2022 годзе забяспечаны рост намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай платы, сукупных даходаў у кансалідаваны бюджэт вобласці, зніжаны ўзровень затрат на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі. Вытворчасць імпартазамяшчальнай прадукцыі перавысіла запланаваныя аб'ёмы, - адзначыў ён. - За мінулы год арганізацыі рэальнага сектара эканомікі спрацавалі з чыстым прыбыткам у суме Br716 млн. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі на аднаго сярэдняспісачнага работніка павялічылася на 18 працэнтаў, прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі прадпрыемстваў вобласці вырас у 1,4 раза. Зніжана колькасць стратных арганізацый».

Паводле слоў старшыні камітэта эканомікі, у рэгіянальным развіцці асноўнымі прыярытэтамі застаюцца: інвестыцыі, напаўняльнасць бюджэту для далейшага развіцця тэрыторый, рост даходаў насельніцтва, найперш за кошт павелічэння заработнай платы і стрымлівання інфляцыйных працэсаў. Немалаважным фактарам з'яўляецца зніжэнне выдаткаў ва ўсіх галінах эканомікі.
 
«Галоўная задача для рэгіёнаў у бягучым годзе - рэалізацыя інвестыцыйных праектаў у рамках даручэння кіраўніка дзяржавы «адзін раён - адзін праект». Інвестыцыі ў рэгіёнах - гэта развіццё населенага пункта, рабочыя месцы, дастойныя зарплаты, - падкрэсліў ён. - Ад развіцця эканомікі сёння будзе залежаць удасканаленне любога рэгіёну ў цэлым, ад паляпшэння сацыяльнай сферы і да дабрабыту нашых грамадзян і кожнага асобнага чалавека.
 
Аб гэтым гаварыў сёння і кіраўнік дзяржавы на пасяджэнні Савета Міністраў, падкрэсліваючы, што эканоміка - аснова ўсяго, уключаючы пытанні бяспекі дзяржавы.

Таму важна не проста падвесці вынікі мінулага года і абмеркаваць, што зроблена, але і правесці аналіз дапушчаных памылак з тым, каб у бягучым годзе ўлічыць гэтыя недапрацоўкі і выканаць пастаўленыя задачы».
 
Асобна Дзмітрый Мудрагелаў спыніўся на пытанні імпартазамяшчэння, адзначыўшы, што гэта адна з магчымасцей, што адкрыліся ў цяперашніх умовах: «Як сёння адзначыў Прэзідэнт, усе лепшыя розумы, навукоўцы і канструктары, павінны працаваць не проста на імпартазамяшчэнне, а на імпартанезалежнасць краіны.

Гэта работа набыла асаблівую актуальнасць у мінулым годзе, і ў рэгіёне ўжо дасягнуты пэўныя вынікі, але актуальнасць яе захоўваецца. За год мы вырабілі імпартазамяшчальнай прадукцыі больш за на $820 млн з якой 60% было адпраўлена на экспарт. На бягучы год пастаўлена задача павялічыць вытворчасць да $870 млн. Адметнай асаблівасцю з'яўляецца тое, што гэта работа арганізавана ў цесным узаемадзеянні з Расійскай Федэрацыяй. Таксама ўдзелена ўвага ўцягненню суб'ектаў малога і сярэдняга бізнесу ў кааперацыйныя ланцужкі пры вытворчасці тавараў, паслуг, камплектуючых з буйнымі прадпрыемствамі.

Праведзеная праца ўжо паказала, што абмежаванне працы на знешніх рынках - гэта час вялікіх магчымасцяў для імпартазамяшчэння і ўзмацнення кааперацыйных сувязяў прадпрымальніцкага сектара і буйных дзяржаўных холдынгаў».

Былі разгледжаны і магчымасці экспартнага патэнцыялу. У прыватнасці, Дзмітрый Мудрагелаў адзначыў, што аблвыканкамам пастаянна праводзяцца семінары па знешнеэканамічнай дзейнасці, працуе школа экспарцёра - гэтыя інструменты дазваляюць дасягнуць поспехаў у гэтым напрамку тым, хто імі карыстаецца.
 
Немалаважнае і пытанне арганізацыі пісьменнай кадравай палітыкі, якое таксама абмеркавалі падчас сустрэчы. Камітэтам эканомікі ў мінулым годзе арганізаваны маніторынг работы з кадрамі ў прамысловым сектары. У ходзе якога адсочваюцца пытанні патрэбнасці ў кваліфікаваных кадрах, арганізацыі работы з маладымі спецыялістамі, замацавальнасці на месцах, існуючыя сістэмныя праблемы ў сферы.

У сваю чаргу, Ірына Раінчык спынілася на пытанні ўзаемадзеяння камітэта эканомікі аблвыканкама і дэпутацкага корпуса, адзначыўшы, што работа вядзецца цесная. Так, у мінулым годзе неаднаразова праходзілі сумесныя абмеркаванні па магчымасці рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у рэгіёнах, разглядаўся кадравы патэнцыял. І гэтае супрацоўніцтва плануецца працягваць.
 
Таксама кіраўнік дэпутацкага корпуса вобласці звярнула ўвагу прысутных на сацыяльна-эканамічнае развіццё паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўшчыны: «Ёсць праграма, ёсць план мерапрыемстваў. Неабходна прадметна разабрацца, на чым зараз неабходна акцэнтаваць намаганні, дзе ёсць магчымасць павысіць эфектыўнасць работы. Спыняцца няма прычын. Трэба ісці наперад і прырастаць, карыстаючыся наяўнымі прэферэнцыямі».

У час сустрэчы таксама ішла размова аб Нацыянальнай платформе прадстаўлення справаздачнасці па паказчыках Мэт устойлівага развіцця, дасягненні індыкатараў ЦУР у рэгіёне. Адбылося абмеркаванне вынікаў работы, задач і перспектыў Магілёўскага агенцтва рэгіянальнага развіцця і прадпрыемства «Чырвоны металіст».

Сярод галоўных задач на 2023 год абазначаны: інвестыцыйнае развіццё, нарошчванне вытворчасці і экспартная пераарыентацыя, а таксама развіццё ўнутранага рынку. Найважнейшым застаецца пытанне павышэння эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці айчынных прадпрыемстваў.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая