RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Рыгор Азаронак сустрэўся з магілёўскімі студэнтамі і навучэнцамі: гаварылі пра фэйкі, крыніцы інфармацыі і ўзровень медыяграматнасці

Дыскусійная пляцоўка «Афіцыйна. Дакладна. Па-беларуску» з удзелам беларускага журналіста і тэлевядучага Рыгора Азаронка сабрала на базе МДУ імя А. А. Куляшова каля 150 студэнтаў і навучэнцаў. Таксама ўдзел у ёй прынялі намеснік старшыні Рэспубліканскага савета РГА «Белая Русь» Андрэй Басак, старшыні, члены саветаў абласной, гарадской, раённых арганізацый РГА «Белая Русь», рэктары ВНУ, прадстаўнікі ўпраўлення па адукацыі гарвыканкама, навучальных устаноў.

У пачатку сустрэчы адбылося ўрачыстае ўручэнне членскіх білетаў грамадскага аб’яднання «Белая Русь» амаль двум дзясяткам студэнтаў Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Затым спікеры перайшлі да непасрэдных зносін з маладымі людзьмі.

«Ужо трэба адкрыта гаварыць: ідзе вайна супраць Беларусі. Пакуль няма ваеннай агрэсіі, але разгорнута гібрыдная вайна. І адзін з найважнейшых складнікаў яе – інфармацыйны. За розумы, за душы нашых людзей і моладзі, – адзначыў Рыгор Азаронак. – І мы сёння гаворым са студэнтамі, навучэнцамі і педагогамі пра тое, як ствараюцца фэйкі, праводзяцца інфармацыйна-псіхалагічныя аперацыі супраць нашай краіны. Каб людзі не сталі яе ахвярамі. Каб былі гатовыя супрацьстаяць кожны на сваім месцы падобнай агрэсіі.

Вельмі многа фактараў уплывае на тое, чаму інфармацыйныя аперацыі ў нашых апанентаў атрымліваюцца эфектыўна. У ліку іншага таму, што крытыкаваць заўжды лягчэй, чым несці канструктыў. Але мы зрабілі высновы з вопыту мінулых гадоў і, нягледзячы на тое, што не валодаем такімі фінансамі, як нашы сапернікі, аднак у стане выкарыстоўваць іншую перавагу – прамы доступ да нашых людзей, зносіны з імі вочы ў вочы».

Размаўляючы з моладдзю, тэлевядучы прывёў прыклад, што не так даўно апаненты смяяліся з беларусаў і гаварылі: «Вы, беларусы, яшчэ так скажыце: толькі б не было вайны, так?»

«Цяпер ужо і ім не смешна. Нікому не смешна. Усе бачаць, на якой сёння мяжы мір на еўрапейскім кантыненце. А пачыналася ўсё з інфармацыйнай вайны, з «майданаў».

Не раз усяляк спрабавалі разгайдаць моладзь і ў Беларусі. Каб яе рукамі і лёсамі выканаць свае задачы і зарабіць грошы», – падкрэсліў ён.

У сваю чаргу Андрэй Басак адзначыў, што сёння ўсё часцей чуецца слова «вайна» і яно мае на ўвазе розныя формы, але ўсе яны накіраваны на тое, каб нанесці страты краіне, супраць якой вядуцца:

«Вайна адбываецца як у інфармацыйным, так і ў эканамічным, дыпламатычным і многіх іншых кірунках. Так, інфармацыйная вайна вядзецца супраць нашай краіны ўжо адкрыта і набывае ў апошні час усё больш зменлівыя формы. Але асноўная сутнасць яе ў тым, каб змяніць наша ўспрыманне пра нейкія падзеі, навязаць выгаднае камусьці звонку меркаванне, выклікаць недавер да сваёй дзяржавы. Разабрацца ў разнастайнасці гэтай інфармацыі вельмі складана, таму мы і выступаем за такія жывыя сустрэчы, каб дапамагчы моладзі зарыентавацца, навучыць крытычна думаць, каб на эмоцыях яны не паддаваліся на правакацыі, тым самым ламаючы сабе жыцці», – падзяліўся меркаваннем ён.

Тым часам старшыня абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» Аляксандр Гарошкін нагадаў моладзі, што заўсёды трэба параўноўваць і аналізаваць спажываемую з сацсетак і месенджараў інфармацыю, каб дакапацца да ісціны.

«Усё пазнаецца ў параўнанні. Маленькі факт: да прыкладу, дзеці Данбаса, якія адпачываюць у нас зараз, калі чуюць гукі салюту, закрываюць галаву рукамі. А нашы дзеці бягуць да акна паглядзець на яркія залпы. Просты прыклад, але вельмі гаваркі, калі задумацца, – адзначыў ён. – Не Расійская Фэдэрацыя і Беларусь не паднялі сваё войска, гэта на нашы межы сцягваюць войскі. Ні на кога не нападаем, але і свайго аддаваць не павінны. Акрамя нас, саміх ніхто нас не абароніць. І трэба тут і цяпер зрабіць усё, каб нічога самага страшнага не здарылася. А для гэтага не павінна быць абыякавасці да таго, што адбываецца. Да лёсу сваіх блізкіх, сябе самога і, як бы гэта пафасна не гучала, да будучыні сваёй краіны».

На сустрэчы студэнты выказвалі меркаванні і адказвалі на пытанні спікераў, самі актыўна задавалі пытанні, цікавячыся, якім чынам зразумець, ці дакладна крыніца паведамляе інфармацыю, у чым адрозненне дзяржаўных СМІ ад недзяржаўных, якія прычыны спецаперацыі Расіі ва Украіне, чаму еўрапейскія краіны падтрымліваюць ЗША, а не Расію. А таксама прасілі тэлевядучага падзяліцца вопытам журналісцкай працы, ацаніць узровень медыяграматнасці беларусаў. Эксперты пастараліся даць максімальна вычарпальныя адказы.

Юлія Таранава, фота mogilevnews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая